“Ірландцы яшчэ большыя “бульбашы”, чым мы”

16.10.2014 Асоба

Напярэдадні абмеркавання музычнай сітуацыі ў Барысаве кампанія “Будзьма беларусамі!” пагутарыла з Мікалаем Рыжым, дырэктарам і заснавальнікам “Ірландскага паба” — месца, якое стала ледзь не галоўнай музычнай пляцоўкай Барысава.

— Як з’явілася канцэпцыя ірландскага паба?

— Ну а як звычайна з’ўляюцца такія канцэпцыі? Ідзеш па вуліцы і бачыш шыльдачку “Паб”. Заходзіш і адразу разумееш, што ты прыйшоў дамоў. Так аднойчы мы з сябрам зайшлі ў такое месца ў Маскве. Там і засталіся ў нейкім сэнсе. З цягам часу я пачаў цікавіцца гісторыяй і культурай Ірландыі і знайшоў вельмі шмат паралеляў паміж намі і імі. У іх таксама ёсць “вялікі брат” пад бокам. Яны таксама ўвесь час адстойваюць сваю незалежнасць. Яны нават яшчэ большыя “бульбашы”, чым мы. У іх таксама вечны крызіс. Іх плошча і насельніцтва ў два разы меншыя, чым у Беларусі, але яны вядомыя на ўвесь свет і ганарацца тым, што яны ірландцы. І вось аднойчы мы зразумелі, што гэта будзе выдатны падарунак нашаму роднаму гораду — стварыць ірландскі паб. Не толькі горад зможа пакаштаваць выдатныя напоі, але і мы зможам нейкім чынам паўплываць на самасвядомасць барысаўчан, ставячы ў прыклад краіну, якая шмат разоў была ў горшым становішчы чым наша, але не страціла гонару.

Выявілася, што паб стаў адным з рухавікоў музычнай прасторы ў Барысаве. Вы планавалі яго адпачатку як музычную пляцоўку ці гэта дадалося пазней?

— Ну, мы і цяпер не атаясамліваем сябе з музычнай пляцоўкай. Я вырас, слухаючы рок з самага дзяцінства. Мой бацька ўвесь час мармытаў сабе пад нос бітлоў ды Deep Purple. Дзесьці ў паўналецце я адкрыў для сябе беларускі рок, які пазней захапіў мяне цалкам. Я ўвесь час вельмі шкадаваў, што на канцэрты трэба ехаць у Мінск. Адкрываючы паб, мы планавалі рабіць жывыя выступы музыкаў, але выявілася, што ў Барысаве іх паўтары штукі і іх праграмы не хопіць нават на паўгадзіны. Я ўтрырую, але гэта блізка да рэальнага становішча. Давялося шукаць калектывы ў Мінску, але і тут мы сутыкнуліся з наступнай нечаканасцю: сталічныя музыкі не вельмі любяць катацца па перыферыі. Усё неяк змянілася (не ведаю, чаму) пасля выступу “Нейра Дзюбеля”. Гэта быў першы музычны аншлаг у пабе.

А які выступ можна лічыць самым паспяховым?

— Найбольш паспяховы выступ у нас быў у гурта Irdorath, але гэта было звязана больш з днём нараджэння паба. А калі браць менавіта канцэрт, то, канечне, гэта быў творчы вечар спадара Лявона Артуравіча Вольскага і яго сябра Паўла Аракеляна.

Па якіх крытэрах вы абіраеце, каго запрасіць выступаць?

— Канцэрты больш-менш знакамітых музыкаў мы ладзім без усялякіх крытэраў. Але калі святкуем розныя святы, тады, канечне, стараемся выбіраць тэматычныя гурты.

Якія патрабаванні вы маеце да выступоўцаў? Якіх музыкаў не пагадзіліся б запрасіць пры любых умовах?

— Ну якія патрабаванні могуць быць да музыкаў? Не лажаць і граць музыку, а не какафонію з выпадковых гукаў. Ну, само сабой, мы не ладзім канцэрты альтэрнатыўнага року, бо ў першую чаргу людзі прыходзяць да нас піць ды есці. І грошы мы зарабляем менавіта ежай ды півам.

На вашую думку, колькі грошай за ўваход на канцэрт гатовыя выдаткаваць жыхары Барысава? Ад чаго гэта залежыць?

— Бывала, што і за 40 тысяч людзей не набіраецца. А бывала за 120 поўная зала. Усё залежыць ад вядомасці музыкаў.

Пытанне, якое мы ўвесь час абмяркоўваем падчас “музычных” сустрэч — як мусіць трымаць сябе музыка, каб яго запрасілі на выступ?

— Усё заўсёды ўпіраецца ў грошы. На маю думку, трэба разумець, дзе ён збіраецца граць. Якая пляцоўка, колькі людзей прыйдзе максімум. Ад гэтага вельмі залежыць плацежаздольнасць арганізатара. А мне часам здаецца, што некаторыя музыкі просяць аднолькавыя грошы з малой кафэшкі і з Рэ:Пабліка.

— Якія цэны на ўваходны квіток можна лічыць “крытычнымі” для Барысава?

— Ну, на Metallica, мабыць, і за мільён пойдуць, а калі пра гурт ніхто не чуў у горадзе, то не заўсёды зацягнеш пры вольным уваходзе.

Якой вы бачыце будучыню паба?

— Ну якую будучыню беларус можа бачыць? Канечне, я бачу светлую будучыню. Мы вярнуліся на Радзіму, і спадзяюся, што не дарма. Я хачу, каб і мае дзеці ў сталым узросце, пакатаўшыся па свеце, прыйшлі да мяне і сказалі: “Дзякуй тата, што мы нарадзіліся тут”.

Юрась Ускоў

Тэгі: