Чаму большасць беларусаў не лічаць патрэбным звяртацца да касметолага, пакуль не паўстануць сур’ёзныя праблемы? Ці дастаткова добра выглядаць, каб быць паспяховым? Ці заўсёды прывабная знешнасць патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў і чаму добрая касметыка не можа быць таннай? У чым сучасная касметалогія ідзе супраць законаў прыроды? Ці мяняецца стаўленне мужчын да пытанняў прыгажосці? Якая сувязь паміж доглядам сябе і высокімі паказчыкамі якасці жыцця ўсёй нацыі? Ці праўда, што сёння вонкавая прыгажосць важнейшая за ўнутранае напаўненне? Гутарым з касметолагам Ірынай Бароўсавай. Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!».
— Гледзячы на тое, што транслююць СМІ, рэклама, глянцавыя часопісы, людзі (асабліва маладыя) пачынаюць верыць, што знешнасць важнейшая, чым унутраны змест. Нашым дзяўчынкам з дзяцінства даюць зразумець, што трэба мець пэўныя вонкавыя дадзеныя, інакш не будзе поспеху ні ў працы, ні ў асабістым жыцці. Пры гэтым мы нячаста сустракаем рэкамендацыі наконт таго, як працаваць над сваёй знешнасцю правільна, з любоўю да сябе і без шкоды для здароўя. Маючы перад вачыма толькі навязаны канон прыгажосці і мінімум ведаў, дзяўчынка будзе марыць сябе голадам замест заняткаў спортам, хаваць дэфекты скуры пад тоўстым слоем касметыкі замест правільнага догляду. Тут важны і псіхалагічны настрой: жанчына, дзяўчына павінная ведаць, што яна прыгожая. А калі хочацца нешта палепшыць ці выправіць, трэба шукаць прафесійнае рашэнне праблемы, пажадана з дапамогай спецыяліста.
— Попыт на паслугі касметолага сёння высокі. У чым прычына? Знешнасць і напраўду вызначае ўсё ці людзі пачалі больш клапаціцца пра сябе?
— З аднаго боку, чалавек больш упэўнены ў сабе, калі ведае, што ён добра выглядае, і знешнасць сапраўды ўплывае на тое, як нас успрымаюць навакольныя. Але не толькі яна! Сёння важна быць эрудыяваным, ведаць мовы, мець добрыя манеры… Развіццё сучаснага чалавека павіннае быць рознабаковым. Касметалогія толькі дапамагае добра выглядаць і падказвае, як рабіць гэта правільна, бо многія жанчыны ў нас не ведаюць, як даглядаць сябе.
— Адкуль першапачаткова ўзнікае паняцце пра догляд сябе? Як фармуюцца самыя першыя навыкі?
— Калі мама даглядае сябе, яна і дачцэ паслужыць прыкладам, прышчэпіць адпаведныя звычкі. У маім уяўленні гэта гэтак жа натуральна, як чысціць зубы ці выконваць правілы гігіены. З іншага боку, у многіх дзяўчынак жаданне даглядаць сябе ўзнікае незалежна ад сямейнага ўкладу або матэрыяльнага дастатку. Мабыць, імкненне да прыгажосці першапачаткова закладзенае ў жаночай прыродзе.
— Вам падабаецца тое, як сёння беларусы займаюцца сваёй знешнасцю, сваім здароўем, доглядам сябе?
— На жаль, не ўсе пакуль усведамляюць, што любым пытаннем павінен займацца прафесіянал. Калі вы таленавіты інжынер-канструктар, гэта не значыць, што вы ўсё ведаеце пра асаблівасці ўласнай скуры. А спецыяліст-касметолаг, узброены ведамі і сучасным абсталяваннем, можа правесці дыягностыку і даць неабходныя рэкамендацыі. Здараецца, мама адгаворвае ад візіту да касметолага дачку або сына, якіх турбуюць падлеткавыя праблемы, напрыклад вугравы сып: «Не трэба псаваць скуру, з часам усё само пройдзе». Мабыць, мама не разумее, што спецыяліст дапаможа пазбавіцца не толькі праяваў хваробы, якая сапраўды праходзіць, але і ад яе наступстваў, якія пры няправільным падыходзе могуць захоўвацца гадамі.
Многія дарослыя жанчыны ў нас і самі не лічаць патрэбным звяртацца да касметолага, пакуль не паўстануць сур’ёзныя праблемы. Некаторыя аддаюць перавагу таму, каб не даглядаць сябе гадамі, а калі ўзроставыя змены робяцца відавочнымі, проста легчы пад нож хірурга і адным махам «амаладзіцца». Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што сёння многія беларускія жанчыны прытрымліваюцца больш прагрэсіўнай пазіцыі: яны імкнуцца выглядаць добра, не хаваючы пры гэтым свайго ўзросту. На шчасце, сучасныя касметалагічныя сродкі дазваляюць доўга падтрымліваць натуральную прыгажосць скуры без радыкальных умяшанняў.
— Калі жанчына сходзіць на кансультацыю, а потым па рэкамендацыі будзе сама купляць касметыку і рабіць працэдуры, ці можна гэта лічыць крокам у правільным кірунку?
— Безумоўна, бо не ўсім і не заўсёды неабходныя частыя візіты да касметолага. Але першапачатковая кансультацыя вельмі важная для выяўлення індывідуальных асаблівасцяў і разумення таго, як з імі правільна працаваць. Камусьці дастаткова базавага догляду і травянога адвару, камусьці патрэбныя больш глыбокія працэдуры, і толькі ў крайнім выпадку доктар бярэцца за нож. Любы метад мае права на існаванне, калі ён прымяняецца правільна, але вызначыць, што менавіта неабходна, павінен спецыяліст.
— Нярэдка жанчыны адмаўляюцца ад паслуг касметолага, тлумачачы гэта недахопам сродкаў. Ці праўда, што прафесійны догляд даступны толькі заможным людзям?
— У любым грамадстве ёсць людзі больш і менш забяспечаныя, але элементарная кансультацыя даступная ўсім. Да таго ж ёсць шмат крыніц інфармацыі, якія дазваляюць атрымаць хоць бы базавыя веды аб прызначэнні асноўных касметычных сродкаў. Мне здаецца, недахоп грошай — толькі апраўданне для жанчын, якія лянуюцца даглядаць сябе. Зразумела, усё каштуе грошай, кожны касметычны сродак або паслуга мае сваю цану, але пры жаданні заўсёды можна падабраць бюджэтны варыянт.
— Дарэчы, ці праўда, што чым даражэйшая касметыка, тым яна больш эфектыўная? Здавалася б, вось два крэмы, якія ўвільгатняюць: адзін каштуе два даляры, другі дзвесце. У чым розніца?
— Абодва будуць увільгатняць, толькі на розных узроўнях. Самы просты танны крэм будзе працаваць толькі на паверхні скуры. А ёсць прэпараты, якія пранікаюць углыб і робяць больш сур’ёзнае ўздзеянне, а значыць, больш эфектыўнае. Распрацаваць такі прэпарат — складаная навуковая задача, бо наша скура працуе на вывядзенне, а не на паглынанне рэчываў. Гэта значыць, трэба ў нейкай ступені пераадолець закон прыроды. Нават гэты прыклад паказвае, што сучасная касметыка высокатэхналагічная, яна робіць шматграннае ўздзеянне і змяшчае шмат кампанентаў. Калі касметычны сродак выраблены па найноўшых тэхналогіях, з высакаякасных кампанентаў, на заводзе высокага ўзроўню, дзе ёсць свае лабараторыі і штат навукоўцаў, вядома, ён не будзе танным. Іншая рэч, што ёсць фактары, якія не ўплываюць наўпрост на эфектыўнасць прадукцыі, але робяць яе прывабнай: прыемны пах, прыгожая ўпакоўка.
— Ці можа добрая касметыка быць таннай?
— Толькі да пэўнай мяжы. Інгрэдыенты, выдаткі на вытворчасць, праца спецыялістаў каштуюць грошай. Але часам цана таго ці іншага сродку неапраўдана завышаецца, напрыклад, за кошт вядомай гандлёвай маркі. І вось што цікава: нашы жанчыны часта гатовыя пераплачваць за прэстыж брэнда. Калі на Захадзе ёсць адпаведнасць паміж узроўнем даходу чалавека і цаной касметыкі, якой ён карыстаецца, то ў нас можна нават жылля не мець, але купляць крэм за пяцьдзясят і больш даляраў.
— З іншага боку, многія жанчыны ў Беларусі добра зарабляюць, але пры гэтым цалкам аддаюцца працы. На клопат пра сябе не застаецца ні сіл, ні часу.
— Шмат працаваць і быць запатрабаваным у прафесіі нядрэнна, калі пасля любімай працы ў цябе ёсць час для зносін, спорту, захапленняў, прыгажосці. У нас адно жыццё і адно цела, трэба памятаць пра гэта. А базавы догляд скуры ў хатніх умовах не патрабуе шмат часу: лёгкае ачышчэнне раніцай, дзённай крэм, больш грунтоўнае ачышчэнне ад макіяжу і забруджванняў увечары, начны крэм. Бываюць патрэбныя больш глыбокія працэдуры, але не кожны дзень. Як бачыце, усё не так складана.
— А што больш за ўсё шкодзіць нашай скуры, нашаму здароўю?
— Разважаючы па-філасофску, галоўны вораг чалавека — сам чалавек. А скура — наш самы вялікі орган, які адлюстроўвае любы ўнутраны стан. З аднаго боку, вельмі важны лад жыцця: я не буду паўтараць відавочнае пра шкоду алкаголю і курэння, але часам праблема мяшкоў пад вачыма або нездаровага колеру твару вырашаецца ўсяго толькі паўнавартасным сном і адпачынкам. З іншага боку, на стане скуры і арганізма ў цэлым адбіваецца неспрыяльная экалогія, прычына якой — дзейнасць чалавека ў глабальным сэнсе. Невыпадкова цяпер вельмі многія пакутуюць ад падвышанай адчувальнасці скуры, схільнасці да раздражнення, непрыемных рэакцый на сезонныя змены тэмпературы і вільготнасці. У экалагічна спрыяльных умовах такіх сімптомаў значна менш.
— Сёння ўсё часцей кажуць пра «зялёную», экалагічную касметыку. Ці цікавяцца ёю беларусы?
— Так, у нас нямала людзей, якія вельмі ўважліва ставяцца да складу касметыкі, якой яны карыстаюцца: калі ўбачаць у складзе парабены, лаўрылсульфат, ні за што не купяць. Я паважаю іх выбар, тым больш што шкоднасць многіх распаўсюджаных дабавак навукова пацверджаная. Часта такія дабаўкі прымяняюцца для зручнасці: каб сродак меў патрэбную кансістэнцыю, утвараў пену, даўжэй захоўваўся. Напрыклад, цалкам можна мыць валасы натуральнымі мыламі, але складана прымусіць іх пеніцца; можна прыгатаваць цалкам натуральны састаў для маскі, але вы не зможаце выкарыстоўваць яе праз некалькі дзён.
У цэлым жа цяпер многія вытворцы выпускаюць касметычныя сродкі з паніжаным утрыманнем шкодных інгрэдыентаў, выкарыстоўваюць комплексы кампанентаў, якія не выклікаюць алергіі і не могуць нашкодзіць чалавеку нават пры ўнутрыскурным увядзенні.
— На чым у самым шырокім сэнсе павінен быць заснаваны догляд сябе?
— Самая галоўная працэдура для жанчыны — палюбіць сябе.
— З гэтым ёсць праблема?
— На жаль, так. Ці можна сказаць, што сябе любіць жанчына, якая надзела халат, узваліла на сябе хатнюю працу і нічога больш не бачыць? У такім выпадку і навакольныя, нават блізкія людзі, да яе будуць ставіцца гэтак жа. Жанчына павінная падкрэсліваць і шанаваць сваю прыгажосць, дазваляць сабе радасці і прыемныя моманты. Напрыклад, я магу зрабіць сабе манікюр сама, але прыходзячы ў салон, я расслабляюся, адпачываю ў прыемнай абстаноўцы — гэта вельмі важна.
— Але ж здараецца, што жанчына не дазваляе сабе такіх маленькіх радасцяў, азіраючыся на меркаванне мужа ці сям’і, перакананай у тым, што гэта празмерна.
— Я перакананая, што мужчына павінен заахвочваць жаданне жонкі добра выглядаць і дазваляць ёй выдаткоўваць пэўныя сродкі на сваю знешнасць. Раней нездарма казалі, што жанчына выглядае так, як да яе ставіцца муж. Без увагі, падтрымкі, кампліментаў жанчына хутка вяне, а яна павінная квітнець, цешачы сваёй прыгажосцю ў тым ліку і каханага. Ёсць мужы, якім не падабаецца, калі жонка добра выглядае, але гэта ўжо іх асабістыя комплексы і страхі.
— Ці змянілася ў цэлым стаўленне мужчын да касметалогіі за апошнія гады? Ці часта яны звяртаюцца да вашых паслуг?
— Мужчыны — самыя адданыя і ўдзячныя кліенты касметолагаў, і наведваць салоны прыгажосці яны сталі часцей. Сітуацыя змянілася даволі імкліва: калі ў 60-я — 70-я гады пачалі выпускаць першыя лініі касметыкі для мужчын, яны зусім не карысталіся папулярнасцю, таму што мужчыны надавалі знешнасці значна менш увагі. Цяпер мужчыны не толькі купляюць для сябе касметыку, але і робяць манікюр і педыкюр, масажы, працэдуры для скуры. Мужчыны старэйшыя, якія шмат чаго дамагліся ў жыцці, хочуць добра выглядаць, каб працягваць быць паспяховымі, адпавядаць свайму статусу. Сродкаў па доглядзе мужчынскі скуры сёння больш, чым калі-небудзь. Калі раней быў толькі адэкалон для галення, то сёння ёсць розныя сродкі для галення і пасля, сыроваткі, крэмы, скрабы, сродкі для мыцця. Мужчынская скура, з аднаго боку, больш грубая, чым у жанчын, больш устойлівая да ўздзеянняў, з другога — яна штодня падвяргаецца галенню, часцей траўмуецца, таму патрабуе адмысловага догляду.
— Мы сёння так шмат увагі ўдзяляем вонкаваму боку жыцця… Ці не рызыкуем мы пры гэтым забыць пра ўнутраны, духоўны змест?
— Не думаю. Прынамсі, усіх, з кім я маю зносіны, больш цікавіць унутраная прыгажосць чалавека. Вядома, знешнасць грае значную ролю, аднак можна быць прыгожым, дагледжаным, але паводзіць сябе так, што ад цябе ўсе адвярнуцца і нават не заўважаць тваёй прыгажосці. Калі чалавек разняволены, калі ён прыгожы і вонкава, і ў словах, і ва ўчынках, калі ён ідзе па вуліцы і ўсміхаецца, выпраменьвае любоў — вось тады ён па-сапраўднаму прыгожы. Больш за тое, ад узроўню культуры даглядаць сябе залежыць наша здольнасць паважаць сябе і навакольных. Хто б мог падумаць, што звычайны касметалагічны догляд можа павысіць узровень якасці жыцця ўсёй нацыі!
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)