“Іспанская мазаіка” Чарльза Кліфарда

06.01.2009 Культура

“Іспанская мазаіка” – так называецца выстаўка фатаграфій майстра іспанскай пейзажнай фатаграфіі сярэдзіны ХІХ стагоддзя Чарльза Кліфарда. На ёй будуць прадстаўлены 35 арыгінальных фатаграфій з фондаў Нацыянальнага музею гісторыі і культуры Беларусі з краявідамі гарадоў і мястэчак Іспаніі, выкананых фатографам ў 1852-1863 гг..

Выстава арганізавана пры садзейнічанні і падтрымцы Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва” і анлайнавай галерэі https://fotobank.by/

Адкрывае цыкл мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю фатаграфіі і сучасных візуальных мастацтваў, прысвечанага 170-м угодкам вынаходніцтва фатаграфіі.

Працуе ў Нацыяльным музеі гісторыі і культуры Беларусі, з 6 па 20 студзеня з 11 да 19.00, выхадны – панядзелак , па адрасу: г. Мінск, вул. К.Маркса, 12. тэл.: 227 43 22

Чарльз Кліфард (Charles Clifford)
(1819/20 – 1863)

Чарльз Кліфард увайшоў у гісторыю сусветнай фатаграфіі як майстар іспанскай пейзажнай фатаграфіі сярэдзіны ХІХ ст. Ён разам з Хуанам Лаўрэнтам лічыцца адным з першых, хто распачынаў развіцце фатаграфічнай справы ў гэтай краіне.

Ангелец па паходжанні, у 1852 г. Чарльз Кліфард быў запрошаны ў Мадрыд, дзе прызначаны прыдворным фатографам іспанскай каралевы Ізабэлы ІІ. Працаваў ён не толькі ў сталіцы, але і ў іншых іспанскіх гарадах. Вельмі часта суправаджаў каралеву ў яе шматлікіх паездках па краіне. Мерыда, Саламанка, Вальядалід, Плацэнсія, Медына дэль Кампа, Бургас, Аўеда, Самора, Леон, Сан Юст, Талавера, Барселона, Тарагона, Севілля, Сеговія, Таледа і шмат якіх іншых прыгожых мясцін Іспаніі адлюстраваны на гэтых цудоўных фатаграфіях.

У асноўным Чарльз Кліфард спецыялізаваўся на здымках пейзажаў і архітэктурных аб’ектаў. Хаця вядома некалькі партрэтаў англійскай каралевы Вікторыі, выкананых Кліфардам у 1861 г. па заданню Ізабэлы ІІ. Усе ягоныя фатаграфіі вызначаюцца мастацкім поглядам на прыродны ландшафт, архітэктурную прастору і тэхнічнай дасканаласцю. Адлюстраваныя на фотапаперы, статычныя па сваёй сутнасці аб’екты не ўспрымаюцца застылымі і маўклівымі карцінкамі. Ажыўляюць кампазіцыю здымкаў дадатковыя элементы – групы людзей, прадметы ўжытку, сродкі тагачаснага транспарту. Некаторыя з іх былі спецыяльна ўведзеныя “у кадр” , а некаторыя трапілі туды выпадкова (як вырай птушак над старадаўнімі руінамі ў Мерыдзе). Усе гэтыя дробныя дэталі робяць вывераныя па кампазіцыі здымкі Кліфарда вельмі выразнымі, непаўторнымі, “жывымі”. А сённяшні глядач успрымае іх з надзвычайнай цікавасцю, як чароўную музыку святла і ценю, якія ў спалучэнні з майстэрствам фатографа нараджаюць сапраўдныя мастацкія шэдэўры. А калі ўзгадаць, што працэс фатаздымкі у той час быў няпросты – тэхніка мокрага калодыўму, у якой больш за ўсё працаваў фатограф, прадугледжвала наяўнасць не толькі фотакамеры і шкляных пласцінак, але і перасоўнай фоталабараторыі з вялікім наборам хімікатаў. Непасрэдна перад здымкай фатограф павінен быў пакрыць шкляную паверхню пласцінкі спецыяльным саставам, потым, пакуль яна не высахла, паспець сфатаграфаваць аб’ект і замацаваць атрыманы негатыў у адпаведных растворах. На фоне такога складанага вытворчага працэсу (прычым у палявых умовах!) фатограф выглядае сапраўдным майстрам.

Атрымалася так, што на працягу сваёй фатаграфічнай кар’еры Чарльз Кліфард разам з фатаграфіяй прайшоў усе этапы яе развіцця. Спачатку працаваў ў тэхніцы дагератыпіі, потым, з 1853 г. карыстаўся калатыпіяй, а з 1855 г. авалодаў тэхнікай мокрага калодыўму. Друкаваў як з папяровых, так і са шкляных негатываў на альбумінавай фотапаперы.

Жонка Чарльза Кліфарда, Джэйн, таксама была таленавітым фатографам і дапамагала ў ягонай працы.
Чарльз Кліфард з’яўляўся членам вядомага ў свеце Таварыства французскай фатаграфіі (Société Française de Photographie) і Архітэктурнай фатаграфічнай Асацыяцыі (Architectural Photographic Association).

Асноўная частка фатаграфічнай спадчыны Ч. Кліфарда (больш за 800) захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Іспаніі, Музеі Прада ў Мадрыдзe, Брытанскай бібліятэцы ў Лондане, Музеі Метраполітэн у Нью-Йорку. У зборы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску маецца 70 фатаграфій Чарльза Кліфарда, якія належаць да альбома “Vistas de Espana” (“Віды Іспаніі”).

Тэгі: