Сёння святкуе свой юбілей сябра Вялікай Рады МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”», старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. З гэтай нагоды “Будзьма!” вырашыла успомніць складанае і захапляльнае жыццё і адданую дзейнасць беларускай патрыёткі, мастачкі і палітыка.
Івонка Сурвілла нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. Яе бацька, які працаваў галоўным інжынерам на электрастанцыі ў Баранавічах, з прыходам савецкага войска ў Заходнюю Беларусь быў арыштаваны і прысуджаны да пяці гадоў высылкі ў Сібір. Але ў сувязі з пачаткам вайны ён здолеў збегчы (і ўнікнуць не толькі высылкі, але і расстрэлу). Таму ў 1944 годзе, калі ўзнікла новая пагроза з боку савецкіх уладаў, сям’я была вымушаная эміграваць: спачатку ва Усходнюю Прусію, а потым у Данію.
Дзякуючы мясцовым Івонка вывучыла дацкую, а сям’я здолела вытрымаць складаныя пасляваенныя гады. У Даніі бацька знайшоў працу, а Івонка хадзіла ў школу. Але больш працяглы перыяд яе жыцця — адзінаццаць гадоў — быў звязаны з Францыяй, куды сям’я пераехала ў 1948 годзе. У той перыяд у Францыі ўжо была вялікая беларуская супольнасць, існавала нацыянальнае згуртаванне “Хаўрус”, адбываліся беларускія службы, імпрэзы, працавала беларуская друкарня, рабіліся беларускія выданні (часопісы, газеты, календары) і нават маркі БНР. Менавіта ў Парыжы жыў прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык, пры якім бацька Івонкі пазней стаў міністрам фінансаў.
З бацькамі ў Стоўпцах, 1937 г.
У Францыі Івонка Сурвілла скончыла школу і атрымала вышэйшую адукацыю: спачатку ў Вышэйшай мастацкай школе, а потым на гуманітарным факультэце ў Сарбоне (і нават паўтара месяца паспела павучыцца ў Оксфардзе). Яна актыўна ўдзельнічала ў беларускай справе, дапамагла сям’і пабудаваць уласны двухпавярховы дом, зарабляла лекцыямі ці працай у краме, а падчас Усясветнага з’езду беларускай эміграцыі пазнаёмілася з будучым мужам Янкам Сурвіллам.
У Мадрыд Івонка Сурвілла пераехала ў 1959 годзе — праз тыдзень пасля шлюбу, — дзе яе муж Янка на Іспанскім нацыянальным радыё штодня вёў беларускія радыёперадачы. Беларуская радыёперадача існавала каля шасці гадоў (выключна дзякуючы сціплай фінансавай падтрымцы беларускай еўрапейскай супольнасці) і рабілася ў тым ліку для беларусаў Польшчы, Балтыі і самой Беларусі, дзе, аднак, савецкія ўлады намагаліся “глушыць” яе радыёхвалі.
Вяселле з Янкам Сурвіллам, Сартрувіль, 1959 г.
Часам Івонка дапамагла мужу з праграмай, але цяжкі фінансавы стан вымушаў таксама даваць прыватныя ўрокі французскай і ангельскай моваў. Пасля закрыцця праграмы маладая сям’я пражыла яшчэ пяць гадоў у Іспаніі. Янка працаваў журналістам, а Івонка — выкладчыцай ў Французскім інстытуце ў Мадрыдзе. Менавіта ў гэты перыяд нарадзіліся іх дочкі Ганя і Паўліна.
У 1969 годзе Івона Сурвілла з мужам і дзецьмі пераехала ў сталіцу Канады Атаву, дзе атрымала працу перакладчыцы з ангельскай на французскую. Варта адзначыць, што на той час у Канадзе ўжо існавала вялікая беларуская дыяспара, у прыватнасці ў такіх гарадах, як Манрэаль і Таронта. Таму сям’я мела магчымасць пазнаёміцца з мясцовымі беларусамі і працягваць актыўна ўдзельнічаць у беларускай справе: наведваць беларускія цэрквы Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай, арганізоўваць імпрэзы, ладзіць нацыянальныя святкаванні, знаёміць канадцаў з беларускай культурай і традыцыямі, прасоўваць беларускае пытанне і гэтак далей. У Канадзе Івонку Сурвіллу абралі старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, а пазней — ва ўправу Канадскай этнакультурнай рады.
У 1989 годзе Івонка Сурвілла разам з паплечнікамі стварыла Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Менавіта дзякуючы гэтаму фонду збіраліся грошы для дапамогі Беларусі, дасылалася харчаванне, абсталяванне і лекі, сотні беларускіх дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў атрымалі магчымасць прыехаць у Канаду на рэабілітацыю, а лекары — на практыку. Агульная дапамога за часы існавання фонду склала некалькі мільёнаў даляраў.
Акрамя беларускай Івонка Сурвілла валодае польскай, дацкай, нямецкай, французскай, ангельскай, іспанскай мовамі. Працяглы час яна жыла ў Даніі, Францыі, Іспаніі, Канадзе. Пераважную частку жыцця была змушаная правесці ў палітычнай эміграцыі. Нягледзячы на гэта, яна ўсё сваё жыццё прысвяціла беларускай справе, сваёй радзіме. З 1997 года і да сёння яна з’яўляецца старшынёй Рады БНР, а таксама сяброўкай Вялікай Рады МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”». У 2013 годзе атрымала медаль каралевы Елізаветы ІІ (дзяржаўная ўзнагарода).
Мадрыд, 1961 г.
Сёння Івонцы Сурвілле спаўняецца 85 гадоў. Ад усёй душы віншуем спадарыню Івонку! Зычым ёй моцнага здароўя, добрага настрою, шчаслівых дзён і плёну ў працы!
Кірыл Стаселька, budzma.by