Пазнавальна-забаўляльная праграма “Таямніцы старасвецкага мястэчка Івянец” на тры і больш гадзін верне гасцей пасёлка ў мінулае, дасць магчымасць дакрануцца да гісторыі.
Дарэчы, старасвецкім мястэчкам Івянец назваў вядомы пісьменнік-белетрыст Ядвігін Ш., жыццё якога звязана з валожынскімі мясцінамі. Як расказала дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры Валянціна Адамовіч, праграма ўжо падрыхтавана і чакае апрабацыі. Ёсць заяўкі ад адной з мінскіх турыстычных фірм. Калектыў музея працуе ў творчым тандэме з работнікамі мясцовага Дома культуры і прыватнага кафэ.
Субяседніца адзначыла, што праграма азнаёміць гасцей з жыццём і побытам мястэчка. Пачнецца яна з вандроўкі па вуліцах мястэчка, са знаёмства з трыма храмамі: касцёлам святога Міхаіла Архангела, касцёлам святога Аляксея і царквой святой Еўфрасінні Полацкай.
Затым экскурсанты завітаюць у музей, дзе на сённяшні дзень дзейнічаюць тры пастаянныя экспазіцыі: “Мінулае і сучаснасць Івянца”, “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць” і “Творчасць разьбяра па дрэве Апалінарыя Пупко”.
Побач з музеем размешчаны Цэнтр рамёстваў, дзе працуюць майстэрні “Ткацтва” і “Ганчарня”. Майстры-метадысты пакажуць працэс стварэння вырабаў. У гасцей будзе магчымасць і самастойна папрацаваць за ткацкім станком і на ганчарным крузе. Яны змогуць набыць сувеніры ручной работы. Пасля група накіруецца на тэрыторыю сядзібна-паркавага комплексу па вуліцы Прамысловай – уладанне апошняга гаспадара Івянца Пятра Дарагунцава.
Валянціна Адамовіч адзначыла, што ля брамкі гасцей будуць сустракаць гаспадар з паненкай і музыкі, частаваць цукеркамі мясцовай кандытарскай фабрыкі і “чаркай-шкваркай”. Менавіта на тэрыторыі сядзібы разгорнецца асноўная частка забаўляльнай праграмы. Тут наведвальнікам прапануюць рухомыя беларускія народныя гульні і конкурсы, спевы пад гармонік. А потым усіх чакае “шляхетны абед”. Сярод іншага ў меню – традыцыйныя івянецкія пончыкі з гарбатай на травах.
У зімовы час “разынка” праграмы – катанне на санях. Валянціна Адамовіч упэўнена, што госці правядуць час не весела і пазнавальна, у іх застануцца самыя лепшыя ўражанні ад старасвецкага мястэчка.
Наталля ШТЭЙНЕР, Край.бай