Каб не скралі аўтарскае права

У Мінску і Магілёве 12-13 лістапада ў межах дзейнасці Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org прайшлі семінары, прысвечаныя аўтарскаму праву. Пра тэорыю і практыку абароны аўтарскага права ў Беларусі распавяла юрыстка Вольга Сямашка.

Семінары былі арыентаваныя на пісьменнікаў, перакладчыкаў, журналістаў і ўсіх, хто так ці інакш сутыкаецца з пытаннямі аўтарскага права.

Каардынатар праекта Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк лічыць, што варта правесці цыкл такіх семінараў, каб прасунуць тэму аўтарскага права сярод людзей, зацікаўленых у гэтым пытанні.

Вольга Сямашка

Лектарка, юрыстка Вольга Сямашка зрабіла кароткія ўводзіны ў гісторыю ўзнікнення аўтарскага права, параўнала беларускае і еўрапейскае заканадаўства ў дадзенай сферы, прывяла прыклады беларускіх судовых справаў, распавяла пра практыку абароны аўтарскага права, таксама і ў інтэрнэце.

У другой частцы семінара адбыўся майстар-клас, падчас якога ўдзельнікі спрабавалі скласці дамову паміж пісьменнікам і выдавецтвам, якая максімальна абароніць аўтарскія правы. Па выніках аўтары ўпэўніліся — падчас заключэння дамовы ўсё цалкам у іх руках: дакумент сапраўды ахоўвае аўтарскае права, калі ў ім дакладна прапісаныя ўсе ўмовы і пажаданні, увага звяртаецца на кожны з пунктаў.

Калі ж пісьмовая дамова паміж аўтарам і выдавецтвам не падпісваецца, па беларускім заканадаўстве ўсе аўтарскія правы належаць аўтару, бо па факце перадачы правоў не адбываецца.

Юрыст, як медык, павінны рэагаваць на ўсе запыты грамадскасці. Мне прыемна, што запыт паступіў ад Саюза беларускіх пісьменнікаў, вельмі паважанай арганізацыі, дзе вельмі шмат таленавітых аўтараў, у якіх, аказваецца, ёсць праблемы з аўтарскім правам. Па пытаннях, якія паступаюць, я бачу, што такія семінары эфектыўныя, — пракаментавала Вольга Сямашка свой удзел у праекце.  — Чым больш чалавеку гаварыць пра нешта, тым хутчэй ён падключыцца. Калі маўчаць, канечне, то сітуацыя (з аўтарскім правам у Беларусі – рэд.) будзе, як і раней”.

Выступае Яраслаў Іванюк

“Мы лічым, што свядомасць аўтарскага права, аховы інтэлектуальнай уласнасці ёсць адносна невялікая ў Беларусі”, – падзяліўся ўласным меркаваннем спадар Яраслаў. — Лічым, варта гэтую тэму прасоўваць сярод беларускіх аўтараў. Каб, па-першае, заключаліся дамовы паміж аўтарам і выдавецтвам, а па-другое — каб дамовы былі двухбакова карысныя, а не толькі давалі перавагу выдавецтву. Выдавецтва — дзяржаўнае, незалежнае — гэта бюракратычная машына. Аўтар — адзін чалавек, трэба клапаціцца, каб яго правы былі найбольш абароненыя. Я лічу, што парушэнне аўтарскага права — гэта крадзеж. Так не павінна адбывацца. Калі нехта парушае аўтарскае права  — ён злодзей, і пра гэта трэба казаць прамым тэкстам”.

Сустрэчы па аўтарскіх правах працягнуцца ў бліжэйшы час у іншых рэгінах Беларусі. Сачыце за інфармацыяй на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Нагадваем, што на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў ёсць адпаведны раздзел Аўтару аб праве, у якім можна знайсці адказы на пытанні, датычныя дзеяння аўтарскага права ў Беларусі. Таксама вы можаце звяртацца па пытаннях рэалізацыі і абароны сваіх аўтарскіх правоў на пошту Саюз беларускіх пісьменнікаў: law@lit-bel.org.

Тэкст: Аляксандра Дварэцкая, фота: Яраслаў Іванюк і Наталля Герасімюк, lit-bel.org