Каханне паміж работнікам морга і мадэллю: у швейцарскім кінафестывалі ўдзельнічае аўстрыйска-нямецкі фільм з няпростым беларускім сюжэтам

На 78-м кінафестывалі ў Лакарна, які праходзіць з 6 па 16 жніўня, у міжнародным конкурсе прадстаўлены фільм White Snail («Белы слімак»). Галоўныя ролі ў ім сыгралі беларусы: мадэль Марыя Імбро і Міхаіл Сянькоў, працаўнік морга і мастак, вядомы пад псеўданімам «А. Р. Ч», піша reform.news.

White Snail
Кадр з фільма. Фота: locarnofestival

Рэжысёры кінастужкі — аўстрыйска-нямецкі творчы дуэт Эльза Крэмсер і Левін Пэтэр.

Фільм распавядае гісторыю кахання двух аўтсайдараў, якія пераварочваюць светы адно аднаго з ног на галаву. Адначасова — гэта даследаванне адзіноты, якое пранізвае сучаснае жыццё, і тых тонкіх ніцяў, якія звязваюць і руйнуюць чалавечыя адносіны.

Героі фільма — маладая мадэль Маша, якая марыць пра кар’еру ў Кітаі, і мастак і працаўнік морга Міша.

«Наш фільм — пра пераломны момант. Ці гэта адносіны двух персанажаў ці найноўшая гісторыя Беларусі: гаворка ідзе пра нявырашаныя пытанні, звернутыя ў яшчэ не разгаданую будучыню», — кажуць пра свой фільм рэжысёры.

Для здымачнай групы, якая складаецца з прафесіяналаў з некалькіх краін, здымкі ў Беларусі сталі беспрэцэдэнтным вопытам, яны патрабавала пастаяннай абачлівасці, каб пазбегнуць непажаданай увагі. Падрыхтоўка і самі здымкі занялі дзесяць гадоў.

Каханне паміж работнікам морга і мадэллю: у швейцарскім кінафестывалі ўдзельнічае аўстрыйска-нямецкі фільм з няпростым беларускім сюжэтам

White Snail Кадр з фільма

Швейцарскае выданне Corriere del Ticino расказала гісторыю стварэння фільма.

Дзесяць гадоў таму ў Мінску Эльза Крэмсер пазнаёмілася з мастаком і работнікам морга Міхаілам Сяньковым у кантэксце, які ўжо змешваў мастацтва і смерць: «Я ўвайшла ў яго кватэру, убачыўшы свой першы труп: на сценах віселі карціны з выявай памерлых з насцярожаным позіркам. Гэта была магутная візуальная мова, якой я ніколі не забуду».

Так у фільме з’явіўся першы аўтсайдар: мастак, які працуе ў стылістыцы «арт-брут», творы якога сапраўды цяжка забыць, тут рэжысёрка мае рацыю. «Я заўсёды адчуваў сябе аўтсайдарам. Праца ў моргу і маляванне целаў дапамаглі мне сутыкнуцца з чалавечай крохкасцю так, што не кожны можа гэта вынесці», — скажа мастак, каментуючы свой удзел у здымках.

Паводле рэжысёраў, выбар актораў быў інстынктыўным: «Мы шукалі не мадэль, а чалавека, які ўжо задаў пытанне пра сваё цела і яго межы».

Марыя Імбро адкрыта кажа аб парушэнні харчовых паводзін і доўгім шляху да прыняцця: «Я заўсёды з усіх сіл спрабавала ўбачыць сваё цела такім, якое яно ёсць, нават у драбнюткіх дэталях. Стварэнне гэтага фільма прымусіла мяне зірнуць у твар свайму мінуламу, але ён таксама паказаў мне, наколькі я змянілася».

Падчас здымкаў «White Snail» рэжысёры спалучылі мастацкія і дакументальныя элементы. Два галоўныя героі сустрэліся толькі ў першы дзень здымак: «Мы не хацелі ні рэпетыцый, ні традыцыйных сцэнарыяў, — расказвала Крэмсер. — Хацелі, каб іх блізкасць была рэальнай, адчувальнай перад камерай».

У выніку атрымалася гісторыя, падвешаная паміж рэалістычнымі матывамі і містычным вымярэннем сімвалаў і забабонаў, якія ўкараніліся ў беларускай культуры. Таму ў стужцы чаргуецца штучнае святло гарадоў з начной атмасферай вёсак. «У гэтым уяўным суіснуюць шаманізм і імкненне да свабоды», — тлумачыць рэжысёрка.