Калекцыянер неба. Прадмова Максіма Жбанкова да кнігі Сяргея Харэўскага “100 твораў ХХ стагоддзя”.

Кожная культура мае сваіх герояў, пакутнікаў, злачынцаў ды блазнаў. А яшчэ кожная
культура мае сваіх Калекцянераў ды Біблятэкараў. Ёсьць яны і ў нас. Уладзімір
Арлоў ды Генадзь Сагановіч з пост-камуністычнымі рэканструкцыямі беларускай
гісторыі, Вячэслаў Ракіцкі і “Беларуская Атлянтыда”, Ігар Бабкоў са сваімі кніжнымі
калекцыямі, Вінцэсь Мудроў з настальгічным “Cямейным альбомам”, Сяргей
Будкін і Зьміцер Безкаравайны са сваімі музычнымі сайтамі... Розныя па таленту і
прыхільнасьцям. Падобныя па свайму прызначэньню.

Навошта патрэбныя Калекцыянеры? Каб складаць схемы сэнсаў. Каб разбіраць
бязьмежжа культурных артэфактаў на падзеі, стылі ды трэнды. Адсочваць
трансфармацыі густаў ды масавых прэференцыяў. Прыбіраць мастацкі і ідэялягічны
хлуд, пакідаючы нам істотнае. Тое, без чаго, насамрэч, нацыя застаецца пазбаўленай
неба. Бо лёс кожнай нацыі ёсьць лесьвіцай ў неба – дзе мы, нарэшце, сустрэнем
сябе. Майстры-архітэктары Айчыннага Неба вартыя нашай любві ды падзякі. Але
каб распавесьці пра іх патрэбны Калекцыянеры. Тыя, хто ахвяруе сабой на карысьць
сваім героям.

Сярод калекцыянераў беларускасьці Сяргей Харэўскі вылучаецца адметным густам,
адмысловым почыркам і падкрэсьлена лірычным стаўленьнем да творцаў ды іх
дасягненьняў. Дзіўны мікс, спрэчны фармат. Харэўскі імкнецца да акадэмічнасьці –
але з большага працуе словам як фарбамі, шырокімі рухамі накідвае кампазіцыю,
часам ахвяруе лёгікай расповеду дзеля імправізацыйнага драйву. Харэўскі спрабуе
пісаць “лёгкія” эсэ – але піцерская школа вымушае свайго шляхетнага вучня грузіць
тэксты біяграфічнымі даведкамі, стылістычнымі параўнаньнямі і дэталёвым разборам
мастацкага матэрыялу ў лепшых традыцыях “олдскульнага” мастацтвазнаўства.
Нарэшце, Харэўскі-літаратар ды Харэўскі-дасьледчык амаль дасягаюць згоды і тут
да размовы далучаецца Харэўскі-выкладчык ды непараўнальны экскурсавод – з
непазьбежнай схільнасьцью да лапідарных фармулёвак ды дыдактычнага патасу.
Хтосьці іншы ў падобнай сітуацыі атрымаў бы бліскучую паразу – але ня наш
герой. Таму што тэксты Сяргея Харэўскага сьвядома не імнуцца да фармальнай
дасканаласьці. Яны жывыя. Роўна як іх героі.

У сваёй новай кніжцы Харэўскі складае аўтарскую калекцыю беларускага ў
мастацтве. Сьпіс герояў ўражвае: падобнага мы яшчэ не бачылі. Аўтара больш
цікавіць не “прапіска” мастакоў, скульптараў ды архітэктараў, а беларускі сьлед у іх
творчых біяграфіях – і расеец Ільля Репін арганічна далучаецца да Кашкурэвіча ды
Бялыніцкага-Бірулі, а скульптар з Вільні Антакольскі не мае нічога супраць мастака-
рэстаўратара Глёбуса. Калі чытаеш простыя-няпростыя эсеі Харэўскага старонка за
старонкай, адбываецца дзіўнае: праз нізку біяграфічна-аналітычных нарысаў да цябе
прыходзіць адчуваньне адзінай, сыстэмна адбудаванай і гістарычна разгорнутай
культурніцкай прасторы. Нашай. Беларускай. Дзе канфліктныя стылі, традыцыі ды
ідэялёгіі кладуцца побач у неверагодным “віцебскім клубку”, з якім гуляюцца Казімір
Малевіч, Заір Азгур ды Лёнік Тарасевіч.

Такім чынам – сьмела, парадаксальна, зьмястоўна – у айчынных творчых ВНУ, на
жаль, не выкладаюць. Неяк нечакана (падазраю, што і для самога сябе) Сяргей
Харэўскі накідаў нам альтэрнатыўную гісторыю айчыннага мастацкага мысьленьня.
Разумную чытанку для тутэйшых. А каб зрабіць яе як раз і спатрэбіліся раней
ўзгаданыя тры (ў адным) аўтары: дасьледчык, выкладчык ды лірык. Кожны са сваёй
роляй.

Апошняя місія – лірычная – надзвычай істотна. Бо яна дазваляе Харэўскаму
прамаўляць ад шчырага сэрца, сыходзіць з катэдры ў залю, бліжэй да публікі –
і адначасова пазьбягаць жорсткіх прысудаў сваім (часам зусім небездакорным)
героям. Аўтар шчыра любіць кожнага зь іх – і таму схільны шчодра дараваць
асобным персанажам канфармізм, каньюнктуршчыну ды жаданьне падабацца. У
неспрыяльныя моманты Харэўскі хаваецца за факты, ляканічна перелічваючы лічбы
ды падзеі. Ён прынцыпова адмаўляецца ад жорсткіх высноваў. Не жадае гуляцца
з апокрыфамі ды “сэнсацыямі”. І я ня ведаю, чаго ў гэтым болей – дасьледчыцкай
стрыманасьці ці шляхецкай годнасьці.
На айчынным тэлебачаньні з трапіўшых ў гэтую кніжку напрацовак Сяргея Харэўскага
лёгка змайстравалі б прыгодніцкі серыял з авантурыстамі, мадэрністамі, нацдэмамі,
гэбэшнікамі ды прыхаванай ў сэрцы Мінска бэтоннай Дэмэтрай. Але аўтар абірае
цалкам іншую інтанацыю – сурьезнай размовы пра істотнае. І калі ён часам
зьбіваецца на рамантычна-ўзнёслы лад – яму можна дараваць.
Бо Харэўскі насамрэч займаецца вельмі важнай справай – старажытны мысьляр
Канфуцый назваў яе “вяртаньнем імёнаў”, пазначэньнем сапраўднай вартасьці рэчаў
ды людзей. А навошта яшчэ патрэбныя сумленныя Калекцыянеры ды Бібліятэкары?
Каб ведалі. Каб шанавалі. Каб ішлі далей. Адвечным шляхам – да Новага Неба.