Якія рэчы ці вобразы ў нас нязменна асацыююцца з Калядамі? Ялінка, свяча, пах мандарынаў... а яшчэ? Як моцна ў сучаснасці пераплятаюцца архаічная і рэлігійная традыцыі? Чаму традыцыйна Каляды святкавалі два тыдні, навошта рыхтавалі ялінку, вешалі павука і клалі сена пад абрус? Пра што варажылі? І, галоўнае, з якой мэтай хадзілі калядаваць?
У межах святочнай інфармацыйнай кампаніі «Гонар упрыгожвае» распавядаем пра самыя адметныя сімвалы беларускіх Калядаў.
Два тыдні, тры куцці, адно свята
Каляды ў беларускай традыцыйнай культуры — гэта глыбока архаічнае свята, якое потым адаптавала пад сябе хрысціянская рэлігія. Дзень зімовага сонцастаяння, самая доўгая і страшная зімовая ноч, калі галоўная надзея была на тое, што ўзыдзе новае сонца і пачнецца новы каляндарны год. У хрысціянстве ж гэта ноч стала датай нараджэння божага сына, Хрыста.
Добра вядомая сучасная трыада: Каляды — Новы год — Вадохрышча (ці зусім сучаснае — Стары новы год) гэтаксама трансфармаваліся з гэтай жа традыцыі. Справа ў тым, што ў беларусаў каляды доўжыліся два тыдні, размежаваныя трыма святамі (Куццямі). Першая называлалася поснай, простай і завяршала шасцітыднёвы піліпаўскі пост (вечар 24 снежня). Другая (багатая, тоўстая) мела месца 31 снежня і пачынала пачатак шчодрага тыдня. Трэцяя ж Куцця (тонкая, посная, вадзяная) адбывалася перад Вадохрышчам 5 студзеня (усе даты паводле старога стылю).
Беларуская культура заўсёды была адметная цікавым дуалізмам і суіснаваннем ў ёй язычніцкіх і хрысціянскіх традыцый. Гэтая з’ява назіраецца і сёння.
Калядная вячэра
Каляды былі сямейным святам, у цэнтры якога — супольная вячэра. Сабрацца ў адным доме стараліся ўсе члены сям’і, разам упрыгожвалі ялінку і рыхтавалі дом да свята. Калі ж хтосьці не паспяваў ці не меў магчымасці — гаспадар гучна прамаўляў яго імя, як бы кампенсуючы адсутнасць. Прыгадвалі і дзядоў, ім маглі пакідаць пусты посуд ці адкладаць трошкі куцці на парог ці падваконне.
Вячэру пачыналі з узыходам на небе першай зоркі. На першую і трэцюю Куццю гатавалі, як правіла, посныя стравы: бліны, селядцы з алеем, боршч з рыбаю і грыбамі ці поліўку, пампушкі, баранкі, кісель, фасолю і апошняй — куццю. Колькасць страў залежыла ад дастатку сям’і, але павінна была быць няцотнай — як 5−7, так і 9−12 страў.
Другая калядная вячэра — Шчодрая Куцця — адбывалася ўвечары перад Новым годам у каталікоў і перад Старым Новым годам у праваслаўных. На стол падавалі шмат мясных страў: сала, мяса, смажаныя каўбасы, кравянку, халадзец і інш., бо перад святамі білі свінню, якую адмыслова гадавалі да гэтага цягам года.
Людзі верылі, што калі збірацца разам, у коле блізкіх — то ў наступным годзе усё будзе добра і таксама разам.
Сена
Святочны стол засцілалі белым абрусам, пад які абавязкова раскладалі сена. З пункту гледжання традыцыі сена спрыяла ў гаспадарцы — дапамагала добраму надою і аберагала ад ваўкоў. Паводле ж хрысціянства — адсылала да з’ўялення на свет Хрыста (як сімвала бэтлеемскіх ясляў).
Пасля святаў сена не выкідалі, аддавалі хатняй жывёле.
Свяча
На стол ці ў чырвоны кут пад абразы ставілася свечка. Жывы агонь, сімвал святла, цяпла, надзеі. Яе запальвалі на пачатку вячэры, прамаўлялі малітвы. У ранняй традыцыі ўзгадваецца пра паленне вогнішчаў у гэтую ноч і стварэнне калядоўшчыкамі паходняў з гарбузоў, у якія таксама ставілі свечы.
Аплатак
Важны элемент святкавання ў каталіцкай традыцыі — гэта дзяленне аплаткам. Напачатку вячэры чыталі элемент з Евангелля, а потым дзяліліся аплаткам, выказвалі пажаданні адно аднаму і падзякі. Найстарэйшы ўспамін пра гэткі рытуал паходзіць з канца ХVІІІ ст.
Куцця (каша)
Куцця — гэта абавязковая рытуальная густая каша, прыгатаваная з цэльных зярнятак ячменю ці пшаніцы, часам запраўленая (мёдам, разынкамі, арэхамі), якая сімвалізавала калектыўную долю і жыццёвы дастатак.
Вакол гэтай стравы было шмат павер’яў. Напрыклад, што ўсе тры куцці павінен гатаваць хтосьці адзін — каб забяспечыць адзінства і цэласнасць сям’і на наступны год. Густая і клейкая каша мелася гарантаваць згоду ў сямейных адносінах. Забаранялася каштаваць страву падчас гатавання. Гатовую куццю ў гаршочку ставілі на сена ў чырвоны кут. Рэшту ніколі не выкідалі, а аддавалі свойскай жывёле.
Арэхі
Сімвалам Калядаў таксама называюць арэхі. Чыста рацыянальна — абсалютна не дзіўна. Лясныя арэхі былі адным з нешматлікіх прыродных ласункаў, якія былі даступныя амаль па ўсёй краіне. Іх рыхтавалі ўвосень, высушвалі, і да Калядаў яны якраз былі гатовыя.
Ляшчына шанавалася беларусамі як свяшчэннае дрэва. Лічылі, што яго баяцца нячысцікі. На Каляды арэхі клалі па кутах — для павелічэння дабрабыту, дарылі ў падарунках.
Калядаванне
Традыцыя Калядавання ці валачобніцтва таксама сягае далёка ў гісторыю. Калядоўшчыкі ўвасаблялі сабой прадстаўнікоў іншасвету, якія нясуць людзям долю і размяркоўваюць яе.
Часцей за ўсё галоўнай гераіняй каляднага прадстаўлення з’яўляецца «Каза» — сімвал урадлівасці і дабрабыту сям’і: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць; дзе каза нагой, там — жыта капой; дзе каза рогам, там — жыта стогам». Яна бадалася і танчыла, а потым падала на падлогу. Каб яе ажывіць і забяспечыць сабе добры расклад на наступны год, гаспадары неслі падарункі.
Іншыя персанажы таксама звыклыя да вясковай супольнасці: «конь» (адна з самых шанаваных жывёл), «воўк» (ахоўнік роду), «бусел» (божая птушка), «мядзведзь», механоша і музыкі.
З хрысціянскай традыцыяй калядаванне займела рэлігійную афарбоўку — Калядоўшчыкі пачалі ўспрымацца як старажытнаіўдзейскія валхвы, якія былі сведкамі з’яўлення на небе Віфлеемскай зоркі, што прывяла іх да месца нараджэння Сына Божага. Цяпер яны хадзілі па вёсках і апавяшчалі пра цудоўную падзею — Раство Хрыстова. А шлях да кожнага дома, які ўспрымаўся як месцазнаходжанне Бога, веры, надзеі, любові, асвятляла і паказвала зорка, якая стала абавязковым атрыбутам абраду.
Падрабязней пра традыцыю калядавання чытайце ў нашым калядным гайдзе:
Варажба
На Каляды варажылі. Самы магічны час прыходзіўся перад новым годам, шчодрай куццёй.
Варажылі на будучы год, на ўласны лёс, на жаніхоў і нявест ці проста сямейны дабрабыт. Цікава, што хоць хрысціянства і забараняе падобнае, але ў традыцыйнай культуры лічылі, што «ў калядныя вечары Бог такі грэх даруе».
Як? Было мноства спосабаў:
— Кінуць боцік з левай нагі праз плячо. У які бок глядзеў насок, адтуль і павінен быў прыйсці жаніх. Калі ж абутак зачэпіцца за штосьці, то дзяўчына замуж пакуль не выйдзе.
— Узяць (не падглядаць!) з кастрышча паленца — яно пакажа, якім будзе будучы муж. Калі палена гладкае — значыць, і жаніх будзе прыгажуном, калі шурпатае — непрыгожым. Калі палена было з сучкамі, значыць, будучы муж будзе з вялікай сям’і. Крывое палена — непрывабны.
— На аладках: гаспадыня пякла аладкі і кожная дзяўчына брала сабе па адной. Затым адчыняліся дзверы, аладкі клаліся на парог і ў хату запускаўся сабака. Чыю аладку ён хапаў першай, тая і павінна была хутка стаць нявестай.
— Альбо іначай: на багатую куццю пяклі аладкі, потым у суседа бралі мазку для патэльні (кавалачак шкваркі), выбягалі на двор на тое месца, дзе смалілі «пярэстую свіню», мазалі аладку скваркаю і слухалі, дзе брэшуць сабакі — з гэтага боку і прыедуць сваты.
— У пакоі ставілі ваду, люстэрка і насыпалі жыта. Ад таго, да чаго раней падыдзе певень ці курыца, залежала, які ў дзяўчыны будзе жаніх. Калі птушка пачынала кляваць зярно — будзе багаты, глядзелася ў люстэрка — прыгожы, пачынала ваду піць — п’яніца.
Саламяны павук
Саламяны «павук» у доме ў калядны час — гэта абярэг, што прыцягвае шчасце і дабрабыт. Павукоў шанавалі, у беларускай традыцыі яны асацыяваліся з працавітасцю і з добрымі навінамі, а лёгкасць і дасканаласць павуціння звязвала гэтых істот са сферай нябеснага і боскага.
Да Каляд нашы продкі ўпрыгожвалі хату: над сталом вешалі саламянага павука — выраб, які выяўляў ідэальна спарадкаваны свет, традыцыйны абярэг беларусаў. Форма павука магла быць рознай, але звязвалася з касмалагічнымі і касмаганічнымі ўяўленнямі.
Ялінка
На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ-XIX стагоддзях. Выкарыстоўвалі для гэтага самаробныя і папяровыя цацкі, яблыкі.
Існуе цікавая легенда пра тое, адкуль узялася ялінка: «Ставілі ёлку, убіралі яе цацкамі. Ад таго, як Пан Езус нарадзіўся, усе падарункі неслі, а мядзведзь, што ж ён прынясець, ёлку выламаў. Як ішоў недзе праз ваду, ўваліўся, а тады лёд гэты пазамірзаў і ўсякія бліскучыя цацкі палучыліся. А Пан Езус маленькі з захапленнем ўжо глядзеў і радаваўся. Выйшаў самы лучшы падарунак! Вот ад чаго ёлка паходзіць».
Тэкст Дар’і Палынскай, малюнкі Андруся Такінданга, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Калядны гайд: як і навошта святкаваць Каляды