28 чэрвеня актыўныя, цікаўныя і сямейныя гараджане абмеркавалі радасці і турботы мацярынства і бацькоўства.
Некаторыя мамы прыйшлі з сынамі і дачушкамі: жыццё ў соцыуме і дзіцячыя клопаты цалкам магчыма спалучаць, але пра гэта яны раскажуць пазней.
Сустрэча пачалася традыцыйна: невялікай прэзентацыяй пра дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!” ад рэгіянальнай каардынатаркі Марыі Шарый.
Вядучая Юлія Траццяк, не губляючы часу на ўводзіны, адразу скіроўвае ўвагу на тэму ток-шоў і задае пытанне псіхолагу і шматдзетнай маці Любові Кубанскай:
“Бацькоўства — гэта шчасце ці прысуд?”
“Канечне, шчасце. Гэта цяжка, асабліва калі дзеткі зусім маленькія. Ці можна пры гэтым адчуваць, што ты не прыгнечаны? Безумоўна. Дзеткі столькі новага нясуць у тваё жыццё, эмоцыі, якіх не адчуеш больш аніяк”, — адказ спадарыні Людмілы даволі чаканы, але вядучая “атакуе” наступным пытаннем.
Наколькі гарадская інфраструктура Баранавічаў адаптаваная для бацькоў з малымі дзецьмі?
Любоў Кубанская кажа, што па крамах з дзіцячымі вазкамі не хадзіла, Баранавічы не ідэальныя ў гэтым сэнсе, але калі ёсць жаданне быць з малечай заўжды, то і магчымасці знойдуцца.
З залы гучыць рэпліка, што не ўсе аўтобусы маюць нізкую падлогу і прыстасаваныя для вазкоў, а ў дыскусію ўключаецца арганізатарка і кіраўніца інтэлект-цэнтра “Дзіцячая пляцоўка” Яўгенія Крымская.
“Самая галоўная мама Баранавічаў” патраціла некалькі гадоў на тое, каб зрабіць горад прыязным для самых маленькіх жыхароў. Яе асабістая гісторыя кранула гасцей ток-шоў да слёз.
Да 2014 года Яўгенія жыла ў Мінску, а яшчэ раней — ва Украіне. Першы муж прынцыпова не хацеў мець дзяцей, таму, паводле словаў спікера, пара разышлася. Другі шлюб быў шчаслівы, аднак зберагчы жыццё малечы не ўдалося, сям’я распалася, не перажыўшы гора.
Тады Яўгенія прыехала ў родныя Баранавічы.
“У прынцыпе тут ёсць усё для жыцця. Але мне хацелася праявіць любоў, якую не было каму аддаць”, — шчыра распавядае Яўгенія.
Аднойчы сяброўка запрасіла яе на фрымаркет у бібліятэку.
“Я зразумела, што гэта тое месца, дзе я магу нешта зрабіць. На наступны дзень я вярнулася туды са спісам з 14 мерапрыемстваў для мам у дэкрэце. Было лета — у бібліятэку ніхто не ходзіць, а я прапанавала аўдыторыю, з якой акурат ніхто не працуе, — кажа выступоўца пра пачатак праекта. — Дзіця — твой кампаньён, а не цяжар. Мне хацелася зрабіць месца, дзе сям’я магла б быць разам, але кожны знайшоў бы занятак для сябе”.
Яўгенія мае багаты досвед таго, як зрабіць свята для дзяцей і дарослых у бібліятэцы. Звычайна такія ўстановы арыентаваныя на дашкольнікаў, а тут жа зусім немаўляты!
“Спачатку я доўга тлумачыла, што прыйдуць зусім маленькія дзеці. “Так? А яны хадзіць умеюць?” — пыталіся ў мяне. Я ўсіх, ад дырэктара да вартаўніка, прасіла: калі дзеці штосьці зломяць, сапсуюць, будуць шумець, плакаць, абрынецца дах альбо вас проста будзе гэта ўсё раздражняць, скажыце мне. У вас ёсць крайняя”, — праз смех распавяла Яўгенія.
Аднак звычайна ўсё заканчвалася добра. У бібліятэцы паспяхова праводзілі сямейныя выходныя з гульнямі, маляваннем ці хэнд-мэйдам і нават фітнес для мамаў, падчас якога малых займалі чымсьці цікавым.
Спачатку ідэі, чым напоўніць такія сустрэчы, належалі асабіста Яўгеніі, пасля мамы сталі прапаноўваць свае актыўнасці. Аднак найвышэйшы ўзровень, па словах актывісткі, быў дасягнуты, калі пачалі прыходзіць зацікаўленыя таты.
“Я хачу, каб мамы пражывалі дзяцінства са сваімі дзецьмі і прыходзілі ў той стан, які, уласна, і дае мацярынства: гэта проста кайф”, — падсумоўвае Яўгенія.
Калі бібліятэка стала цеснаватай і бацькам захацелася сустракацца часцей, яна пачала шукаць памяшканне ў горадзе. Ход думак і дзеянняў Яўгеніі быў па-менеджарску прафесійны. Яна заўважыла, што вучням музычных школ няма дзе выступаць для шырокай публікі, у парках пустуюць зялёныя зоны, а сем’і з дзеткамі маюць патрэбу якасна праводзіць час разам. Каб зрабіць опэн-эйр, патрэбны дазвол ад гарадскіх уладаў, сказала Яўгенія. З чыноўнікамі яна пакуль не кантактавала, на што атрымала пару настойлівых парадаў з залы ўсё ж схадзіць у выканкам.
Пакуль што праект “Дзіцячая пляцоўка” без пляцоўкі, хоць прысутная ў зале гаспадыня кавярні “ У госці” тут жа прапанавала сваё памяшканне. У абмеркаванне стратэгіяў пошуку прасторы, якая адпавядала б патрэбам малых дзяцей і іх бацькоў, уключыліся амаль усе прысутныя: прапаноўвалі нават дамы за горадам.
Каб не збіцца з цэнтральнай тэмы, вядучая ўключае ў размову гасцей, у якіх ёсць цікавыя кейсы, калі дэкрэт — не цяжар, а радасць.
Жыхарка Баранавічаў Вікторыя не стала аддаваць двух дзяцей у садок:
“Садок — гэта латарэя: пашанцуе з выхавацелькай ці не. Я не хачу гуляць сваімі дзецьмі”, — патлумачыла мама дваіх дзяцей.
Аднойчы сям’я рыхтавала падарунак сябрам з нагоды нараджэння сына, аднак купляць нешта банальнае не захацелі. З дочкамі Вікторыя намалявала карцінку з ільвом. Выяву жанчына павесіла ў сваім блогу. Юзерам спадабалася — сям’я надрукавала паштоўкі і даслала ўсім ахвочым падпісчыкам Вікторыі. Так нарадзіўся невялікі сямейны бізнес “Цудоўныя паштоўкі”: дочкі рабілі эскізы, Вікторыя даводзіла малюнак да ладу, муж прыдумляў дасціпны подпіс, напрыклад “Лиса Агнесса гуляет по лесу” альбо “Свин Валентин пьет кофе один”.
Яшчэ адна спадарыня з мужам і дзецьмі катаюцца на роварах на вадасховішча Гаць. Сваякі круцяць пальцам ля скроні, калі малых саджаюць у велапрычэп, аднак сям’я шчаслівая і ўсюды разам.
Не бачыць цяжкасцяў у дзецях і Алесь Лагвінец, грамадскі дзеяч і малады тата. Да ўдзелу ў ток-шоў Алесь старанна падрыхтаваўся і агучыў цэлы шэраг прычын, чаму мужчына ў дэкрэце — гэта цікава і карысна.
Па-першае, мужчынскі дэкрэт добра адбіваецца на стасунках паміж жонкай і мужам, бо той разумее, якія высілкі штодзень прыкладае мама. Па-другое, жанчына мае магчымасць працягваць сваю кар’еру. Па-трэцяе, дзеці, якія часта бачаць тату, хутчэй вучацца. Прынамсі, так напісана ў ангельскім часопісе, які напярэдадні гартаў Алесь Лагвінец. Па-чацвёртае, і гэта Алесь пацвярджае, калі муж у дэкрэце, у жонкі проста няма аргумента “я займаюся дзіцем, а ты не”.
Пакуль што Алесь Лагвінец не аформіў афіцыйны дэкрэтны адпачынак. Першыя тры месяцы жыцця дзіцяці ён амаль яго не бачыў праз занятасць, але цяпер збіраецца гэта навярстаць і нават прызнаўся, што трохі шкадуе, што не праводзіў столькі часу са старэйшым сынам.
Дык у чым шчасце і прысуд дэкрэту?
Тут няма ніякай кантраверсійнасці, калі бацькі давяраюць адно аднаму і могуць чаргаваць “дзяжурствы” з дзіцем, перакананы Алесь Лагвінец. Ягоная сям’я не збіраецца аддаваць немаўля ў яслі, а няньку наўрад ці сабе дазволіць, таму ўсе клопаты і радасці першых гадоў жыцця ўтраіх дзеляць разам.
“Калі аддаеш дзіця ў садок, бабулям, нехта іншы бачыць, як твой нашчадак адкрывае свет. У хуткаплынным жыцці шмат мітусні, варта перажываць кожны момант, які нясуць дзеці. Тое, чаго не дадаў ім у маленстве, потым доўга згадваецца”, — падсумоўвае Любоў Кубанская.
Што рабіць, калі бракуе прыязнай прасторы, дзе дзеткі і дарослыя адчуваюць сябе свабодна і камфортна? Досвед Яўгеніі Крымскай пераконвае як нішто іншае: варта не баяцца быць першым, рабіць як ніхто да цябе, і разам нават з самымі малымі жыхарамі горада мяняць свет да лепшага.
Хрысціна Марчук, фота Зарыны Кандрацьевай