Каляндар на 10-16 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

09.05.2021 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


10 траўня

1883. Нарадзіўся Янка Маўр.

Сапраўднае імя пісьменніка — Іван Фёдараў. Нарадзіўся на Ковеншчыне. Скончыў настаўніцкую семінарыю, выкладаў у вёсцы пад Барысавам. Разам з Якубам Коласам у 1906-м удзельнічаў у нелегальным з’ездзе настаўнікаў у Мікалаеўшчыне: трапіў пад суд, педагагічная праца для яго было забаронена.

Янка Маўр.jpg

Пасля Рэвалюцыі працаваў у Наркамаце асветы БССР, Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 1920-я — найбольш плённы час для Маўра-літаратара. «У краіне райскай птушкі», «Палескія рабінзоны», «Сын вады» ды іншыя прыгодніцкія аповесці стаюць хрэстаматыйнымі для беларускіх юнакоў.

Маўр багата пісаў пра далёкія землі (Вогненная зямля, Новая Гвінея), якія сам ніколі не бачыў. Мала шансаў убачыць іх было і ў ягоных тагачасных чытачоў. Хутчэй, гэта была далёкая мара, чароўны недасяжны свет. А вось «Палескія рабінзоны» — больш блізкая гісторыя: захапляльны прыгодніцкі сюжэт і падручнік па выжыванні пад адной вокладкай.


11 траўня

1833. Нарадзіўся Бенедыкт Дыбоўскі.

Будучы навуковец нарадзіўся ў маёнтку пад Маладэчнам, скончыў менскую гімназію. Пасля было навучанне ў Дэрпце, Вроцлаве, Берліне, абарона дысертацыі і першыя навуковыя працы. Дыбоўскі нават паспеў ачоліць кафедру ў Варшаве, але... быў засуджаны за падрыхтоўку Паўстання 1863 году.

Дыбоўскаму быў вынесены смяротны вырак. Толькі праз заступніцтва вядомых прафесароў, вырак быў заменены на 12 год у Сібіры. Пры першай магчымасці ён уладкаваўся лекарам у Чыце, а ўвесь вольны час прысвячаў вывучэнню сібірскай флоры і фаўны. Далей была супраца з Расейскім геаграфічным таварыствам, сумесныя экспедыцыі з Пржэвальскім: фактычна «катарга» скончылася, але Сібір не адпускала.

Толькі ў 1884 годзе Дыбоўскі пераехаў у Львоў, прыхапіўшы з сабой 60 скрыняў з экспанатамі. Тут заснаваў заалагічны музей, які акурат пачаўся з экспанатаў, сабраных у Сібіры. Выкладаў у Львоўскім універсітэце, даследваў азёры Заходняй Украіны і Беларусі. Памёр у 1930-м ва ўзросце 97 год! Пахаваны ў Львове на Лычакаўскіх могілках — у сектары паўстанцаў 1863 году.


12 траўня

1670. Нарадзіўся Аўгуст ІІ Моцны.

Паходзіў з дынастыі Ветынаў, якія кіравалі Саксоніяй. Каралём Рэчы Паспалітай быў абраны ў 1676 годзе, пасля смерці Яна Сабескага. Разам з тым, Аўгуст не пакінуў пасады курфюрста Саксоніі — увесь час свайго праўлення фактычна «сядзеў не двух крэслах», што для РП апынулася суцэльнай бядою.

Аўгуст Моцны - пано ў Дрэздэне.jpg

Фармальна Аўгуст нібыта клапаціўся пра інтарэсы РП, спрабаваў умацаваць незалежнасць ды ўвесці спадчынную манархію. Рэальна ж займаўся саксонскімі справамі больш, чым мясцовымі. Гэта выявіла Паўночная вайна, дзе Аўгуст падтрымаў Пятра І, фактычна аддаўшы свае тэрыторыі пад удар спачатку шведаў, пасля — расейцаў. Сам жа — збег у Саксонію...

Пасля Паўночнай вайны РП фактычна стае пратэктаратам Расеі. Тут застаецца шматтысячнае расейскае войска, а Пётр І можа вызначаць, які кантынгент можа знаходзіцца ў Літве, Польшчы ці Саксоніі. Чаму ж тады Аўгуст — «Моцны»? Мянушка з’явілася з-за ягонай фізічнай сілы ды рамантычных прыгодаў. «Моцным палітыкам» Аўгуста ІІ называць не выпадае.


13 траўня

1680. Нарадзіўся Міхал Сэрвацы Вішнявецкі.

Жыццё Міхала супала з безупыннымі войнамі, змовамі ды пераваротамі. Што, зрэшты, не перашкаджала яму самому займаць топавыя дзяржаўныя пасады: канцлер ВКЛ, віленскі ваявода, вялікі гетман і г. д. У 1700-м Вішнявецкі разбіў войска Сапегаў пад Алькенікамі, пасля чаго зруйнаваў палац у Ружанах.

Падчас Паўночнай вайны далучыўся да апазіцыі, то бок выступіў на баку Станіслава Ляшчынскага і шведаў. За гэта быў арыштаваны і вывезены ў Расею: там правёў некалькі гадоў. На бацькаўшчыну вярнуўся толькі ў 1716-м, асабіста дамовіўшыся з Аўгустам Моцным.

Міхал быў апошнім прадстаўніком мужчынскай лініі роду Вішнявецкіх. Быў жанаты ажно тройчы, але нараджаліся адно дзяўчынкі. У выніку ўладанні Вішнявецкіх перайшлі да Агінскіх і Замойскіх, пасля — да Плятэраў, Бжастоўскіх ды інш.


14 траўня

1907. Нарадзіўся Язэп Жыдовіч (Жыновіч).

Найбольш выбітны беларускі цымбаліст ХХ ст. нарадзіўся ў сям’і земляроба на Ігуменшчыне. З 15 год — ужо ў Менску. Тут хлопца прынялі салістам-цымбалістам у Беларускі дзяржаўны тэатр. Далей было навучанне ў БДУ, Менскім музычным тэхнікуме.

Язэп Жыновіч.jpg

У 1935-м быў выключаны з кансерваторыі, бо ягоных бацькоў (як «кулакоў») выслалі ў Сібір. Тады ж змяніў прозвішча. Музычнай працы, аднак, не пакідаў: кіраваў рознымі ансамблямі, як у БССР, так і ў Расеі. Нарэшце, з 1938-га — саліст і галоўны канцэртмейсцер Дзяржаўнага народнага аркестру БССР.

Падчас вайны прымаў удзел у франтавых канцэртных брыгадах. З 1944-га выкладчык у Беларускай кансерваторыі. З канцэртамі выступаў як у СССР, так і на Захадзе (Канада, Фінлядныя). Сёння ягонае імя ў свеце стаіць сярод лепшых цымбалістаў (як правіла, румынаў ды вугорцаў). Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі носіць імя Жыновіча.


15 траўня

1971. Заснаваная Бібліятэка імя Фр. Скарыны ў Лондане.

На сёння гэта самы вялікі тэматычны збор кнігаў і дакументаў па беларускай тэматыцы ў свеце паза межамі Беларусі. Бібліятэка і музей былі створаныя сіламі дыяспары. Нараджэнне бібліятэкі звязанае найперш з імёнамі Аляксандра Надсана і Чэслава Сіповіча — беларускіх святароў, якія апынуліся на Захадзе.

«Быць вакном беларускай культуры на Захадзе» — так ад пачатку гучала місія «Скарынаўкі». Бібліятэка стала месцам сілы і прыцягнення нашай дыяспары на Захадзе. Для Захаду ж — інтэлектуальным цэнтрам, дзе можна было знайсці інфармацыю пра Беларусь, на той час схаваную за жалезнай заслонай.

Кнігазбор «Скарынаўкі» складаецца з больш як 40 тысяч выданняў: ад часоў ВКЛ да сёння. У калекцыі не толькі кнігі, але і гравюры, жывапіс, фота, мапы і дакументы, звязаныя з Беларусюю. Вялізны масіў складаюць дакументы: ад часоў БНР да эмігранцкіх асяродкаў 1940-50-х. Працэс апрацоўкі, вывучэння ды алічбавання трывае дагэтуль.


16 траўня

1657. Забойства Андрэя Баболі.

Будучы «Апостал Палесся» паходзіў са шляхты. Вучыўся ў езуіцкай школе, а пасля і сам далучыўся да Ордэну — стаў манахам. Працаваў у Вільні, Ніясвіжы, Варшаве, Пінску. Падчас эпідэміі ў Вільні дапамагаў хворым (тады загінула шасцёра братоў-езуітаў). На Палессі займаўся місіянерскай дзейнасцю: дыскутаваў з праваслаўнымі, навяртаў іх ва уніяцтва, за што ад апанентаў атрымаў мяшушку «душахват».

Андрэй Баболя.jpg

У траўні 1657-га, у разгар «Невядомай вайны», казакі кіеўскага палкоўніка Здановіча ўвайшлі ў Янаў-Палескі. Учынілі бойню: пазабівалі каталікоў і яўрэяў. Андрэя Боболю катавалі ўвесь дзень: выкалалі вока, вырвалі язык, адрэзалі нос і вусны, прыпякалі агнём, рубілі шаблямі...

Усё для таго, каб выбіць адрачэнне ад каталіцызму. Калі войскі ВКЛ прагналі казакоў, цела Баболі пахавалі ў сутарэннях Пінскага езуіцкага калегіюму. Андрэй Баболя стаў адным з сімвалаў каталіцтва на нашых землях, патронам некалькіх дыяцэзіяў. Цела і рэліквіі Баболі зараз знаходзяцца ў пампезным санктуарыі ў Варшаве.

Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч