Каляндар на 19–25 красавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?

19.04.2021 Каляндар

Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.

19 красавіка

У 1881 годзе нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі.

Адзін з найбольш вядомых нацыянал-камуністаў і творцаў беларусізацыі ў БССР. Ігнатоўскі вучыўся ў Вільні і Пецярбургу, дзе пазнаёміўся з ідэямі эсэраў і марксізмам. Яшчэ ў 1915-м стварыў культурніцкую арганізацыю «Наш край» эсэраўскага толку, але пасля рэвалюцыі падтрымаў бальшавікоў.

Усевалад Ігнатоўскі.jpg

У ліпені 1920-га Ігнатоўскі браў удзел у абвяшчэнні ССРБ. Стаў наркамам земляробства, пазней наркамам асветы, ачольваў прапагандысцкую працу ў савецкай Беларусі. У 1928-м быў абраны першым дырэктарам Акадэміі навук. Як гісторык пісаў пра паўстанне 1863 года, таксама выдаў агульную працу па гісторыі Беларусі — на вокладцы была выява «Пагоні» (у 1926 годзе!).

Крытыку Ігнатоўскага акурат пачалі з ягоных гістарычных працаў. Пазней — паставілі ў віну стварэнне асобнай беларускай камуністычнай арганізацыі. Урэшце прывязалі да так званага «Саюза вызвалення Беларусі»... Не чакаючы арышту, Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам у 1931 годзе.

20 красавіка

У 1660 годзе нарадзіўся Крыштаф Станіслаў Завіша.

Яшчэ ў маленстве Крыштаф застаўся без бацькі, які быў літоўскім пісарам. Хто б ведаў, што няшчасце стане «падарункам лёсу»: выхаваннем і кар’ерай хлопца заняўся ягоны дзядзька Марцыян Агінскі, канцлер ВКЛ. Так Завіша трапіў у палітыку.

Неаднаразова быў дэпутатам соймаў, а тройчы — нават маршалкам. Спачатку падтрымліваў дзейнага караля Аўгуста Моцнага. З пачаткам Паўночнай вайны, якая вылілася ў катастрофу для Рэчы Паспалітай, перайшоў на бок апазіцыйнага лідара і кандыдата на трон Станіслава Ляшынскага, якога падтрымлівалі шведы.

Пасля сябе пакінуў літаратурную спадчыну: пераробкі італьянскіх раманаў, прамовы з соймаў, але галоўнае — мемуары. Завіша таксама фундаваў будаўніцтва барочнай капліцы св. Феліцыяна ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе і быў пахаваны па смерці ў 1721 годзе.

21 красавіка

У 1833 годзе нарадзіўся Віктар Каліноўскі.

На фоне малодшага брата — Кастуся Каліноўскага — асоба Віктара нібыта адыходзіць у цень. Сёння мы не маем нават ягонага партрэта. Тым не менш менавіта Віктар моцна паўплываў на Кастуся ў палітычным плане і сам паўдзельнічаў у нелегальным руху 1850-х — 1860-х як арганізатар і ідэолаг.

Крыж Віктара Каліноўскага ў Свіслачы.jpg

Навучаўся ў Маскве і Пецярбургу. Працаваў са старадаўнімі рукапісамі па заданні Віленскай археалагічнай камісіі. У Львове працаваў у бібліятэцы Асалінскіх, дзе шукаў дакументы па гісторыі ВКЛ і складаў радаводы. Сабраў бібліятэку з 5000 тамоў па гісторыі нашага краю.

Віктар не дажыў да паўстання літаральна некалькі месяцаў. Захварэў на сухоты і вярнуўся ў бацькоўскі фальварак Якушоўка. Памёр 6 лістапада 1862 года. Пахаваны на могілках у Свіслачы, дзе ў 1990-я быў адноўлены сімвалічны крыж. Да апошняга часу штогод увосень на ягонай магіле ладзіліся акцыі памяці паўстанцаў.

22 красавіка

У 1937-м застрэліўся Язэп Адамовіч.

Лёс Адамовіча нагадвае ідэальную біяграфію бальшавіка: з сям’і рабочых, сам рабочы, ваяваў у Першую сусветную, агітаваў салдат за «новую ўладу», з 1918-га — партыйны, арганізоўваў рабочыя атрады супраць немцаў, пазней змагаўся з «кулацкімі бунтамі» і балахоўцамі.

Позняй восенню 1920-га менавіта Адамовіч разам з Чарвяковым і Кнорыным усталёўваў савецкую ўладу у Мінску. Пазней — старшыня Саўнаркама БССР. Адамовіч падтрымліваў беларусізацыю, спрычыніўся да ўзбуйнення рэспублікі: у 1926-м далучаў Рэчыцкі і Гомельскі паветы насуперак украінскім камуністам.

Праз канфлікт са старшынёй ЦК КПБ быў пераведзены спачатку ў Маскву, пасля — на Далёкі Усход. Там кіраваў цукровымі і рыбакансервавымі прадпрыемствамі. У 1937-м, сярод атмасферы тэрору і здрадніцтва, застрэліўся ў цягніку Уладзівасток — Масква.

23 красавіка

У 1886 годзе нарадзіўся Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік).

Яшчэ ў 1910-х пачаў публікавацца ў «Нашай Ніве». У 1917-м Бядуля ўдзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, падтрымаў БНР, у друку выступаў з антыбальшавісцкімі артыкуламі. У 1920-я падтрымаў беларусізацыю ў БССР, удзельнічаў у літаб’яднаннях «Узвышша» і «Маладняк». Шмат пісаў: да Другой сусветнай выйшла пад два дзясяткі ягоных кніжак з паэмамі, вершамі, перакладамі. Бядулеву «Сярэбраную табакерку» ведаў ці не кожны беларускі школьнік.

Змітрок Бядуля.jpg

У пачатку 1930-х выступіў з «пакаяннем»: адмежаваўся ад беларускіх нацыяналістаў, асудзіў рэпрэсаваных. Яго не чапалі. Наадварот, давалі прэміі, друкавалі, прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Памёр у 1941-м у эвакуацыі — у Горкаўскай вобласці. У лістападзе 2020-га рэшткі Змітрака Бядулі былі перанесеныя ў Мінск, на Усходнія могілкі.

24 красавіка

У 1944 годзе нарадзіўся Зянон Пазняк.

Будучы дысідэнт і палітык нарадзіўся ў в. Суботнікі на Івейшчыне. Вучыўся ў Мінску ў БДТУ, ішоў на чырвоны дыплом, але не быў дапушчаны да здачы нібыта па загадзе спецслужбаў. Займаўся фатаграфіяй, археалогіяй, этнаграфіяй. У 1981-м усё ж атрымаў ступень кандыдата мастацтвазнаўства, абараніўшыся ў Ленінградзе.

Яшчэ ў савецкія часы бараніў ад зносу забудову старога Мінска: Верхні горад, Траецкае і Ракаўскае прадмесці. У 1970-я ад старажылаў пачуў гісторыю пра расстрэлы ў Курапатах, што вылілася ў шматгадовае расследаванне і ўрэшце — стварэнне легендарнага мемарыялу ахвяраў сталіншчыны.

Пазняк стаў лідарам Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», які на хвалі перабудовы набыў папулярнасць дзякуючы антыкамунізму і дэмакратычнай рыторыцы. Пазняк быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, вядомай і ўплывовай фігурай. На прэзідэнцкіх выбарах 1994-га прайграў, атрымаўшы 12,8% галасоў. З вясны 1996 года — у эміграцыі.

25 красавіка

У 1918-м у БНР паўстала ініцыятыва напісаць тэлеграму кайзеру.

Такую прапанову зрабіла фракцыя «Мінскага беларускага прадстаўніцтва» на паседжанні Рады БНР. Ідэю ўхвалілі, на наступны дзень тэлеграма была адпраўленая. У часы СССР і ажно да сёння дадзены факт ставіцца ў папрок «айцам БНР» — нібыта такім чынам яны «здрадзілі».

Кайзер Вільгельм.jpg

Навошта была патрэбная тэлеграма? Нямецкія войскі занялі Беларусь, БНР не мела сваёй ваеннай сілы, каб бараніцца, заставалася адно дыпламатыя. Паміж рэвалюцыйнай Расіяй Леніна і кайзераўскай Германіяй Рада БНР абрала апошнюю. Па логіцы абапірацца быў сэнс акурат на больш аддаленую дзяржаву, а не сумежную Польшчу або Расію.

БНР і тэлеграма кайзеру: здрада ці першая спроба гуляць па-даросламу?

Логіка таксама была ў тым, што Германія падтрымала Украіну і дзяржавы Балтыі, якія ўтварыліся на абломках імперыі. Было спадзяванне на падобнае стаўленне. Тым не менш немцы холадна паставіліся да намаганняў Рады БНР: не дапамаглі, але і не заміналі — прынамсі ў гуманітарнай дзейнасці. Кайзер на тэлеграму так і не адказаў.

Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч