Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 30 верасня прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі змесціва некаторых міжнародных пасылак, паведамляюць праваабаронцы. У спісе каля 70 пазіцый, сярод якіх паштоўкі, майкі, нашыўкі, часопісы, налепкі, кубкі і іншыя сувеніры.
«Экстрэмісцкімі», сярод іншага, прызнаныя каляндар «Не маўчы па-беларуску» за 2021 год, паштоўкі з тэкстам «Па ашчушчэнию пальцы уже синие» і «Там жыццё рай, дзе свабоды край», налепка «Верым! Можам! Пераможам!», магніт з аўтазакам «Wеlсоme tо Веlагus», світшот з катом у кароне, ля лап якога ляжыць меч і шчыт з крыжам і надпіс «Кусь за Беларусь», часопіс з коміксамі «Казкі-Краскі».
Каляндар «Не маўчы па-беларуску» ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» выдаваўся з 2014 года і заўжды некалькі разоў перавыдаваўся. Ён стаў адным з самых паспяховых і запатрабаваных беларускамоўных выданняў за апошнія гады.
Каляндар праілюстраваны арыгінальнымі малюнкамі на кожны дзень, якія дапамагаюць запамінаць адметныя беларускія словы.
Нагадаем, дызайнер календара Анатоль Лазар быў затрыманы на пачатку верасня. Ён адбыў арышт у 13 сутак па адміністрацыйнай справе за «хуліганскія дзеянні».