У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, кайданы маўчання і нараджэнне нацыі распавядае Кацярына — перакладчыца ў сферы лагістыкі.
Абуджэнне ад сну. Сваім плакатам «Мы не мы, когда немы» я хацела падтрымаць людзей, якія вырашылі не маўчаць. Бо мы маўчалі вельмі шмат гадоў, і нарэшце людзі пачалі агалошваць, даводзіць да агульнага ведама праўду. Бо мы ўсе, большасць, знаходзіліся ў нейкім сне — і вось прачнуліся і пачалі гаварыць. Я хацела падтрымаць людзей, якія рызыкнулі гэта зрабіць. Гэтая фраза не мая, але я ведала, што ў яе ўкладваць. Хацела, каб людзі не маўчалі.
Мой плакат быў адрасаваны людзям, беларусам, якія ўсвядомілі сябе як нацыю, якая нараджаецца, сумленную, якая змагаецца за свае правы, за справядлівасць, за дабро, за праўду. Мы такія людзі, калі ўжо накіпіць, то мы не можам з гэтым мірыцца і маўчаць. Гэта пасланне новым беларусам і тым, хто яшчэ сумняваўся. Каб яны задумаліся, што маўчаць пра такое беззаконне і беспарадкі нельга.
«Заткнись» у імя несправядлівасці. Кажучы пра несправядлівасць, я ўспамінаю сітуацыю з дзяцінства, калі мне давялося аказацца ў кампаніі дарослых, якія сварыліся. Я пачала казаць: «Не лайцеся, усё ж можна мірна вырашыць». А адзін з іх мне сказаў «заткнись», маўляў, вырасцеш — тады і будзеш казаць ці дома размаўляць будзеш у сябе.
Прыгадваецца яшчэ адна сітуацыя, калі я была на сваёй першай працы пасля ўніверсітэта. У мяне пачаўся хранічны кашаль, а там была вытворчасць з фарбавальнікамі, араматызатарамі, рознымі рэчывамі. Альтэрнатыва была ці звальняцца (але мяне не хацелі адпускаць), ці экспертыза прафпаталага, які б прыехаў на вытворчасць узяць пробы паветра, якім мы дыхаем, правёў даследаванне, ці ўсё ў норме. Але ў дырэктара мне было сказана нікога не выклікаць і маўчаць.
Мне падаецца, што ў нас — у людзей, выхаваных у Савецкім Саюзе ці пасля яго — у крыві закладзена быць «цішэй вады, ніжэй травы», абы слова лішняга нідзе не сказаць. І мы, кожны з нас, праходзіць пэўны шлях, каб перамагчы ў сабе гэты комплекс, гэтае маўчанне, каб нарэшце пачаць гаварыць тое, што сядзіць унутры даўно і казаць аб гэтай несправядлівасці. Большасць людзей, на жаль, стрымлівае гэта ў сабе.
Такіх сітуацый, калі нас «затыкаюць», ва ўсіх шмат бывае. Сістэма так пабудаванае, выхаванне ў нас так пабудаванае. Але калісьці трэба скідаць з сябе гэтыя кайданы. Чалавек развіваецца, калі ёсць выклік. У тым ліку калі яго здушваюць у цісках. Ён альбо ўзрывае гэтыя ціскі, альбо сціскаецца ад страху і робіцца яшчэ больш абмежаваным.
Я не магу не выходзіць на вуліцу. Я заўсёды была апалітычнай, але прачнулася роўненька дзявятага жніўня, як толькі пачалася мая гісторыя з выбарчым участкам і АМАПам. Калі ноччу выйшла з дзявятага на дзясятага жніўня на балкон, а палове другой пачула выбухі, падумала, што вайна ідзе, і заплакала. З таго часу я прачнулася і зразумела... У мяне самой такое абвостранае пачуццё справядлівасці і высокі ўзровень эмпатыі, што я зразумела: я не магу не выходзіць на вуліцу. Я не ведала, як выказаць сваю нязгоду з гэтым, але проста сядзець дома не магла. Таму рабіла тое, што магла: выходзіла, падтрымлівала іншых людзей, паказвала сваю пазіцыю.
Кірыл Стаселька, budzma.org