Калянадр. 24 лютага

23.02.2009 Каляндар

У гэты дзень нарадзіўся Рыгор Барадулін, памерлі Ядвігін Ш., Мацей Догель…

1760: Памёр Мацей Догель, беларускі гісторык.
Мацей Догель нарадзіўся 6 жніўня 1715 годзе ў вёсцы Гембулы Лідскага павету.

Скончыў Шчучынскую піярскую школу. Склаў «Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae» у 3 тамах (1758, 1759, 1764). Засталіся яго нявыданыя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Пецярбургскай публічнай бібліятэцы.


1922:памёр Ядвігін Ш., беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.

Ядвігін Ш., сапр.: Антон ЛЯВІЦКІ (4 студзеня 1869, маёнт. Добасна (цяпер в. Добасна Кіраўскага р-на Магілеўскай вобл.) — 24 лютага 1922, Вільня), беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.
Нарадзіўся ў сям’і ўпраўляючага маёнткам. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта, за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Сядзеў у Бутырскай турме. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму, працаваў памочнікам правізара ў Радашковічах, потым у краме-кааперацыі. Па стану здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям’ёй ў бацькоўскі фальварак Карпілаўка пад Радашковічамі, дзе правёў значную частку астатняга жыцця. У 1909-1910 жыў у Вільні, працаваў сакратаром, а затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». У 1913 працаваў у рэдакцыі газеты «Беларус». З ліст. 1913 да студз. 1915 – тэхнічны рэдактар беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Мінску.
Літаратурную дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Гаршына «Сігнал» (выдадзена ў Маскве ў 1891). У 1892 напісаў камедыю «Злодзей» (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс згубіўся). Першае апавяданне на беларускай мове «Суд» апублікаваў у 1906 («Наша доля»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (Вільня, 1912, 1923), «Васількі» (Вільня, 1914), «Апавяданні» (1940, 1946), падарожнага нарыса «Дзед Завала» (Вільня, 1910), кнігі «Успаміны» (Вільня, 1921), няскончанага рамана «Золата». Таксама аўтар шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў.


1935: Нарадзіўся Рыгор Барадулін, беларускі паэт.
Нарадзіўся 24 лютага 1935 г. на хутары Верасоўка ва Ушацкім раёне (хоць некаторыя крыніцы некарэктна ўказваюць на вёску Гарадок) у сям’і Івана й Куліны Барадуліных. Навучаўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954), затым на філалагічным факультэце БДУ у Мінску (закончыў у 1959). Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданнях (сярод іх – газета «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Барадулін – дзейны сябра СБП ды Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1990 да 1999 – ягоны прэзідэнт), сябра Партыі БНФ. З 1995 да 1997 быў сябрам кіраўніцтва Беларускага Фонду Сораса.

Рыгор Барадулін – апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992). Сярод астатніх узнагарод ён можа ганарыцца Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латыскім Ордэнам Трох Зорак (1995) і медалём Францыска Скарыны. Барадулін ёсць таксама Ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну.
Пачаў друкавацца з 1953 г., першыя вершы былі змешчаныя ў газеце «Чырвоная змена». Першы зборнік паэзіі – «Маладзік над стэпам» – выйшаў у 1959 г. Цалкам плён працы Барадуліна складае каля 70-ці выдадзеных зборнікаў паэзіі (сярод якіх шмат зборнікаў сатыры й гумару, а таксама вершаў для дзяцей), крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выходзілі ў свет зборы выбраных твораў паэта (у 1984 і з 1996 па 2002). Апошні Збор напачатку заяўляўся ў пяці тамох, але вышла толькі чатыры. Таксама некаторымі крытыкамі Барадулін уважаецца за аўтара ананімнага твору «Лука Мудзішчаў». У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).