Каляндар. 11 красавіка

10.04.2009 Каляндар

Гэты дзень у беларуская гісторыі.

1927: прынятая Канстытуцыя БССР

Канстытуцыі на тэрыторыі Беларусі

Статут ВКЛ 1588 году:
У 1588 годзе правазнаўцамі Вялiкага Княства Літоўскага на чале з канцлерам Астафеем Валовічам i падканцлерам Львом Сапегам распрацаваны статут ВКЛ. Ён быў зацьверджаны вялiкiм князем Жыгiмонтам III у студзені 1588 году. Заснаваны на Статутах 1529 і 1566 гадоў, пастановах соймаў і вялікакняскіх прывілеяў. Выкарыстоўваў дасягненьні эўрапэйскага права.
Статут фактычна зьяўляўся канстытуцыяй ВКЛ. Ён замацоўваў юрыдычна суверэнітэт дзяржавы, правы, абавязкі жыхароў, грамадзкі і дзяржаўны лад, рэлігійную талерантнасьць. Ён зьяўляўся асновай для прыняцьця судовых рашэньняў у краіне.
Статут быў надрукаваны на тагачаснай беларускай мове, што рабіла яго зразумелым для простых жыхароў дзяржавы: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем».
На большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 году, а ў Гарадзенскай, Менскай i Вiленскай губернях (Расейскай імпэрыі) — да 1840.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай:
3 траўня 1791 года Вялікі сойм (1788–1792) прыняў першую канстытуцыю ў Эўропе. У працы над праектам Канстытуцыі працавалi самыя розныя асобы: нават кароль Станiслаў-Аўгуст прыняў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы гэтага вялiкага дакуманта. Нарады наконт Канстытуцыi адбывалiся таемна ў каралеўскiм палацы, дзе жыў лекар караля ксёндз Сцыпiён Пiятолi. Канстытуцыя 3 траўня складалася з 11 артыкулаў. Былi лiквiдываныя права “Liberum Veto”, выбары караля шляхтай i абавязковасьць соймiкавых iнструкцый для паслоў, уводзiлася спадчынная манархiя, выканаўчая ўлада перадавалася каралю, якi падпарадкоўваўся Сойму. Становiшча сялян не было палепшаным. Канстытуцыя 3 траўня зрабiла крок да стварэння цэнтралiзаванай унiтарнай дзяржавы: адзiнае войска, скарб i пад. З гэтым не пагадзiлiся паслы ВКЛ, якiя дамаглiся заключэньня 20 кастрычніка 1791 “Узаемнай гарантыi” ВКЛ i ПК, дзе былi абумоўленыя ўмовы раўнапраўнага ўдзелу прадстаўнiкоў ВКЛ i ПК у кiраваньнi краiнаю.

Канстытуцыі БССР:
3 лютага 1919 на Ўсебеларускім зьезьдзе саветаў была прынятая першая канстытуцыя БССР.
Канстытуцыя БССР 1927 года мела выключна важнае значэнне для далейшага ўтварэньня нацыянальных саветаў і паляпшэньня іх працы. Яна разьвіла агульныя палажэньні Канстытуцыі рэспублікі 1919 года аб роўнасьці нацыянальнасьцей. Разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасці. У артыкуле 15 Асноўнага Закону было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстаньня роднай мовай на зьездах, у судзе, кіраваньні і ў грамадзкім жыцьці. Нацыянальным меньшасьцям забясьпечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове. У дзяржаўных і грамадзкіх установах і арганізацыях усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай і рускай моў. Было вызначаным, што найважнейшыя заканадаўчыя акты павінны друкавацца на беларускай, польскай, яўрэйскай і рускай мовах.

Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:
15 сакавіка 1994 на 13-ай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

survila
1936: нарадзілася Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР

Івонка Сурвіла (дзявочае прозьвішча — Шыманец, нарадзілася 11 красавіка 1936, Стоўбцы) — дзяячка беларускай эміграцыі, жыве ў Канадзе, ад 1997 году ўзначальвае «раду БНР у выгнаньні» (яе папярэднікам быў Язэп Сажыч).
Бацька Ўладзімер Шыманец быў міністрам фінансаў у «радзе БНР у выгнаньні» пад кіраўніцтвам Васіля Захаркі. У 1944 уся сям’я зьбегла зь Беларусі ўва Ўсходнюю Прусію, затым у Данію, Францыю і Гішпанію. Скончыла Ў Парыжы Вышэйшую мастацкую школу, пасьля моўнае аддзяленьне Сарбоны (у 1959). У 1958-1965 працавала на Нацыянальным гішпанскім радыё ў Мадрыдзе, вяла перадачы на беларускай мове, што трансьляваліся на Беларусь.
Канчаткова пасялілася ў Канадзе з 1969 году, да 1997 працавала перакладчыцай ува ўрадзе Канады (француская й ангельская мовы). Як мастак удзельнічала ў выствах. У 1989 заснавала Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, узначаліла яго ў 1997. Фонд аказвае гуманітарную дапамогу пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, арганізоўвае лекаваньне й аздараўленьне дзяцей зь Беларусі ў Канадзе.
Ад 1997 узначальвае Раду БНР.

hatny
1937: памёр Цішка Гартны, беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч (нар. 23.10.1887)

Цішка ГАРТНЫ (сапр.: Зміцер Хведаравіч ЖЫЛУНОВІЧ; 23 кастрычніка 1887, мяст. Капыль Слуцкага пав. Мінскай губ. (цяпер Мінская вобласць) – 11 красавіка 1937, Магілёў, псіхлячэбніца. Іншыя псеўданімы і крыптанімы: Авадзень; Авадзён; Аглядальнік; В.Аса; Беларус; Беларус-Камуніст; Бэйгар; Вар; П.Вартавы; Паўлюк Вартавы; Васа; Сымон Гляк; Габрусь Друк; Сымон Друк; Зета; Зміжыла; Зміцер; Знаёмы; Змітро Капылянін; Янка Кліч; Коммунист Беларус; Мешчанін; Мінчанін; Цішка Г.; Мужык; С.Смык; Я.Смык; Стары С-Д; Твой сын Змітро; Чырвонь; Язэп Чырвонь; Шулятнік; А.; Ц.Г.; Д.Ж.; З.Ж.; У.Ж.; Ул.Ж.; Д.Ж-ч; З.Ж-ч; Я.К-іч і інш.), беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907.
Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне, на заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Друкавацца пачаў з 1908 у газеце “Наша ніва”. Першая кніга “Pieśni” выйшла ў 1913. У 1918 сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты “Дзянніца”. З кастрычніка 1918 у РКП(б). З 1.1.1919 па 3.2.1919 старшыня Часовага ўрада Савецкай Беларусі. Потым палітработнік Чырвонай Арміі. У 1921 у Берліне наладзіў выданне беларускіх кніг. Пасля вяртання ў Мінск рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, ініцыятар стварэння літаратурнага аб’яднання і часопіса “Полымя”, узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намесніка наркама асветы БССР, у Інстытуце гісторыі БелАН. Акадэмік БелАН з 1928. Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай “за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі”. Арыштаваны 15.11.1936, 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках – скончыў жыццё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі.

Крыніцы.