Каляндар. 19 красавіка

18.04.2009 Каляндар

Гэты дзень у беларускай гісторыі.

1563: Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец пачалі друкаваць у Маскве першую кнігу «Апостал».

Іван Фёдараў (1510?, Петкавічы?] — ): сярэднявечны ўсходнееўрапейскі друкар.
Лічыцца пачынальнікам друкарскай справы ў Маскоўскай дзяржаве, і такім чынам, у Расіі. Быў настаўнікам друкара Грыня Іванавіча.
Выдаў, м.інш., «Апостал» (1563, у Маскве, разам з Пятром Мсціслаўцам), «Вучыцельнае евангелле» (сакавік 1569, у Заблудаве, разам з П. Мсціслаўцам), граматыку-буквар (1574, у Львове), каляндар-паэму Андрэя Рымшы «Храналогія» (1580), «Астрожскую біблію» (1581), «Лексіс з талкаваннем славенскіх моў проста» (у тлумачальнай частцы змешчаны беларускі корпус лексікі) і інш.
Паходзіў з дробнай заходнебеларускай або палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радаводным гербам Рагозаў «Шрэнява».
Бакалаўр Кракаўскага універсітэту 1532 году. Друкарскай справе вучыўся, відаць, у ананімнай друкарні наўгародскага святара Сільвестра (1553—1563).

Пётр Цімафеевіч Мсціславец (пач. XVI ст., Мсціслаў–пасля 1602), друкар.
З купецкай сям’і Цімафея і Еўдакіі, у якіх, апроч Пятра, было двое дзяцей. Пасля смерці бацькі стрыечны брат маці — майстар-будаўнік Васіль ўзяў хлопчыка да сябе вучнем. Магчыма, што Пётр апынуўся ў Маскве разам з дзядзькам.
Разам з Іванам Фёдаравым выдаў у Маскве «Апостал» — першую датаваную рускую друкаваную кнігу (1564), два выданні «Часоўніка» — кнігі, па якой, у т.л., навучаліся пачатковай граматы (1565).
У 1566 з-за ганенняў Мсціславец і Фёдараў пакінулі Маскву, пераехалі ў ВКЛ. На грошы Рыгора Хадкевіча яны заснавалі ў Заблудаўскім маёнтку новую друкарню, дзе карысталіся вывезенымі з Масквы шрыфтам, дошкамі, застаўкамі і літарамі.
У 1568–1569 гг. разам з Фёдаравым у Заблудаўскай друкарні выдаў «Евангелле вучыцельнае» — зборнік размоў і павучэнняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў.
Летам 1569 г. Пётр пакінуў Фёдарава і, па прапанове братоў Зарэцкіх, пераехаў у Вільню, дзе, на грошы і ў доме віленскіх купцоў братоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў, пабудаваў новую друкарню, зрабіў новыя шрыфт, дошкі, застаўкі і літары.
У віленскай друкарні Мамонічаў Мсціславец выдаў «Евангелле Напрастольнае» (1575). У гэтай кнізе ён упершыню выкарыстаў шрыфт, падобны да буйнога паўуставу, які ў далейшым капіраваўся пры кожным перавыданні «Евангелля Напрастольнага». У 1576 выдаў «Псалтыр», які карыстаўся вялікім попытам у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Тады ж у віленскай друкарні Мамонічаў Мсціславец выдаў «Часоўнік».
Мсціславец у пасляслоўях да віленскага “Евангелля” і “Псалтыра” з удзячнасцю ўзгадвае імёны фундатараў, Зарэцкіх і Мамонічаў, кажучы аб Зарэцкіх, якія здолелі натхніць яго на самастойную працу: «понежа понудили есте нас недостойных выше наглея меры на сие дело»; аб Мамонічах, якія забяспечылі яго памяшканнем у сваім доме і ва ўсім «изобильно его довольствовали». Аб сваёй працы кажа вельмі сціпла, так, нібыта ён проста не жадае боскага пакарання за марнаванне дадзенага яму талента.
У тым самым годзе (1576) Мамонічы па палітычных матывах вырашылі прыпыніць працу сваёй друкарні. Відаць, гэта супярэчыла ўмовам паміж імі і Пятром, ён быў незадаволены спыненнем выдавецкай дзейнасці, і звярнуўся ў суд для падзелу друкарскай маёмасці. Паводле выраку, ён мусіў атрымаць ўсё друкарскае абсталяванне і 30 коп грошаў, а Кузьма Мамоніч — кнігі: Евангеллі, Псалтыры і Часоўнікі. Але вырак суда не быў выкананы, і друкарня стаяла апячатаная. У 1577 суд, верагодна па запыце Мсціслаўца, пацвердзіў мінулагодні вырак наконт друкарскай маёмасці.
Далейшы лёс Пётра Мсціслаўца па крыніцах не прасочваецца.
Некаторыя даследчыкі, спасылаючыся на тое, што Мамонічы не атрымалі нічога з маёмасці Мсціслаўца ані шрыфтоў, ані дошак, ані літар, а таксама на тое, што значная частка яго друкарскага матэрыялу выкарыстаная ў астрожскіх выданнях 1590-х гг. і пач. XVII ст. лічаць, што Мсціславец зноў далучыўся да І. Фёдарава і працаваў разам з ім у друкарні якую каля 1578 г. ў Астрозе заснаваў К. К. Астрожскі. Такім чынам, магчыма, што жыццёвыя шляхі Пятра і Івана зноў перакрыжаваліся, але ненадоўга. Пасля таго як Фёдараў у 1582 пакінуў Астрог, то верагодна, што менавіта Мсціславец узначаліў астрожскую друкарню, бо вялікае выданне «Кніга аб поснічастве» Васілія Вялікага 1594 г. і «Часаслоў» 1602 г. надрукаваны ў Астрозе не толькі яго віленскім шрыфтам, з выкарыстаннем яго віленскіх дошак, вялікіх і малых заставак, буйных літар, але ў іх бачныя і яго тэхнічныя прыёмы, аналагічныя віленскім.

ignatouski

1881: дзень нараджэньня Усевалада Ігнатоўскага, беларускага гісторыка.

ІгнатоўскіІ Усевалад Макаравіч нарадзіўся ў в. Такары Брэсцкага пав. Гродзенскай губ., цяпер Камянецкі р-н Брэсцкай вобл. — 4.2.1931, Мінск], гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. У 1911 скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т. У 1912—14 працаваў выкладчыкам у Вільні ў прыватнай жаночай гімназіі; у 1914—19 у Мінскім настаўніцкім інстытуце. У 1915 стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю «Наш край», якая ў 1917 ператварылася ў леваэсэраўскую арганізацыю «Маладая Беларусь». З чэрв. 1917 член ЦК БСГ, у 1918 член ЦК БПС-Р. У перыяд польскай акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю. 31.7.1920 удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». З 30.7.1920 член РКП(б). У 1920-я г. займаў шэраг адказных пасад у партыйных і дзяржаўных органах; актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі палітыкі беларусізацыі. У 1921—30 прафесар БДУ. У 1926—28 старшыня (з 1927 прэзідэнт) Інбелкульта; у снеж. 1928 — студз. 1931 прэзідэнт БелАН, дырэктар Інстытута гісторыі. З 1928 акадэмік БелАН. Працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі Беларусі, у аснову якой пакладзена перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Падчас кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму 26.12.1930 зняты з пасады прэзідэнта БелАН. 16.1.1931 ЦК КП(б)Б выключыла І. з партыі як «лідэра нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме. Рэпрэсіі былі абрынуты і на сям’ю І. — жонку і двух сыноў.

1981: памёрВалянцін Волкаў, народны мастак БССР.

З іканапісцаў XVIII стагоддзя пачынаецца дынастыя творцаў Волкавых.
Дзед, бацька, унук – усе ў выяўленчым мастацтве. Дынастыя 100 гадоў узводзіць малюнак у ранг асобнага жанру. Адразу ж пасля рэвалюцыі выпускнік Імператарскай акадэміі мастацтваў Валянцін Волкаў разам з паплечнікамі заснаваў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Праз некалькі дзесяцігоддзяў яго ўжо будуць называць патрыярхам айчыннай мастацкай школы і адным з самых загадкавых творцаў.

Для напісання вобразаў савецкіх вызваленцаў да мастака спецыяльна прывозілі дзесяткі ваенных. Хаця ў свой час Волкава абвінавачвалі ў тым, што натура для карціны, наадварот, – вітанне мінчанамі нямецкіх войскаў. У мастака былі нядобразычліўцы. Ставілі ў віну жыццё на акупіраванай тэрыторыі. Не ратавала нават тое, што ён – сааўтар даваеннага герба БССР. Але ўсе спрэчкі вакол карціны улягліся толькі цяпер. Рэнтгенолагі прасвяцілі ніжні пласт і вызначылі, што ніякага іншага сюжэта няма.

Дынастыя падоўжылася і далей. Знакамітымі беларускімі мастакамі сталі сын і унук Валянціна Волкава.

У 2008 годзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Валянцінавіча. Яго сын – мастак Сяргей Волкаў – рыхтуе выставу і плануе назваць “Невядомы Анатоль Волкаў”. Экспануе на ёй усе сакрэты дынастыі.