19 снежня 2010 г. у Мінску адбылася Плошча — масавая акцыя пратэсту ў Беларусі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбраў, якая была жорстка разагнаная.
У акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці ў Мінску ўзялі ўдзел па розных ацэнках да 60 тысяч чалавек. Было аб’яўлена пра стварэнне народнага руху за свабодныя выбары. Некаторыя ўдзельнікі спрабавалі прарвацца ў Дом урада. Адбыліся сутычкі са спецназаўцамі. У выніку дзясяткі людзей былі затрыманыя і збітыя, у тым ліку і кандыдаты на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Дзмітрый Ус, Яраслаў Раманчук.
Напярэдадні выбараў Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч заклікалі сваіх прыхільнікаў да сходу на Кастрычніцкай плошчы Мінска 19 снежня. Загадзя туды былі сцягнутыя ўзмоцненыя сілы міліцыі. Каля 20 гадзін вечара невядомымі ў чорным быў здзейснены напад на калону Уладзіміра Някляева, якая накіроўвалася на плошчу. Падчас збіцця Уладзімір Някляеў страціў прытомнасць, ён быў шпіталізаваны.
Іншыя вылучэнцы ад апазіцыі а 20 гадзіне далучыліся да сваіх прыхільнікаў на плошчы. Праз гадзіну 5 кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ўзялі ўдзел у шэсці да плошчы Незалежнасці, дзе размяшчаецца Дом урада, у якім у той час ішоў падлік галасоў. Там быў зладжаны мітынг і прадпрынятая спроба дамагчыся перамоў з урадам. Падчас акцыі пратэсту група невядомых спрабавала ўзяць штурмам Дом урада, разбіўшы пры гэтым шкло і выламаўшы дзверы. У адказ на гэта сілавікі без разбору пачала збіваць мірных удзельнікаў шэсця.
Апоўначы пасля спробаў арганізатараў мітынгу выклікаць на перамовы кіраўніцтва сілавых структур сотні міліцыянераў разагналі дэманстрантаў, якія заставаліся на Плошчы. Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч і Ус, таксама кіраўнікі іх штабоў і давераныя асобы, некалькі сотняў дэманстрантаў і некалькі журналістаў.
На плошчы Незалежнасці ў панядзелак 20 снежня ўвечары сабралася каля 200 чалавек, якія былі разагнаныя АМАПам, частка пратэстоўцаў была арыштаваная. У выніку было затрымана каля 700 чалавек, каля 40 атрымалі турэмныя тэрміны, сярод іх былі 4 кандыдаты ў прэзідэнты. Разгон Плошчы выклікаў шырокае асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці.
АМ, budzma.org