Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённешніх.
21 сакавіка
1927. Забарона Грамады ў Польшчы
Роўна 95 гадоў таму Беларуская сялянска-работніцкая грамада афіцыйна забаронена ўладамі Другой Рэчы Паспалітай.
Грамада — легальная палітычная партыя міжваеннага часу ў Заходняй Беларусі. Яна была самай масавай арганізацыяй левага кшталту не толькі ў гэтым рэгіёне Польшчы, але ва ўсёй Еўропе. Колькасць сяброў вар’іруецца па розных ацэнках ад 100 да 150 тысяч.
Дзейнічала ў 1925–1927 гадах. Сярод лідараў Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя вядомыя беларусы. У студзені 1927 года яны апынуліся за кратамі.
Лідары Грамады мелі вялікую сімпатыю да Савецкага Саюза і БССР у прыватнасці, што потым адыграла фатальную ролю ў іхным жыцці. Бо перабраўшыся ў Мінск, і Тарашкевіч, і Рак-Міхайлоўскі будуць рэпрэсаваныя бальшавікамі.
22 сакавіка
1927. Вацлаў Ластоўскі ад’язджае ў Мінск
Гэты дзень паставіў кропку ў ковенскім перыядзе славутага беларуса, які 95 гадоў таму перабраўся ў БССР. І тут было насамрэч шмат прычынаў.
Ластоўскі жыў у Коўне з 1920 года і паспеў за гэты час многае зрабіць. Займаўся палітыкай, навукай, культурай і выдавецкай справай. Адзін толькі часопіс «Крывіч» чаго варты. Выдаў беларуска-расійскі слоўнік і гісторыю беларускай кніжнай справы.
У 1926 годзе быў запрошаны ў савецкі Мінск на знакамітую канферэнцыю па ўнармаванні беларускага правапісу, аб чым пакінуў вельмі каларытныя ўспаміны. Відаць, менавіта тады і з’явілася думка аб пераездзе.
Гэта была фатальная памылка, бо ўжо ў 1930 годзе Ластоўскі будзе рэпрэсаваны па надуманай справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы, а ў 1938 годзе расстраляны.
23 сакавіка
1895. Нарадзіўся Васіль Сташэўскі
Будучы беларускі літаратар нарадзіўся ў вёсцы Свінка (цяпер Лугавая) на Капыльшчыне. У 1914 годзе скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, а таксама ў польска-савецкай вайне ў 1919–1920 гадах на баку чырвоных.
У 1924 годзе скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. Працаваў у тагачасных выданнях. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Полымя».
Друкаваўся з 1923 года. Пісаў прозу, нарысы, п’есы, перакладаў з іншых моваў. Меў вельмі дасціпнае пачуццё гумару, што адбілася і ў творах. Яго творчая спадчына не расчытаная і да гэтага часу.
Расстраляны ў ноч 29 кастрычніка 1937 года.
24 сакавіка
1794. Пачатак паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі
Выступ пачаўся ў Кракаве і быў накіраваны супраць другога падзелу Рэчы Паспалітай, які здарыўся годам раней. Лідарам ад пачатку бачылі менавіта Касцюшку, які ўжо меў багаты вайсковы досвед.
Касцюшка пагадзіўся ўзначаліць паўстанне, але на сваіх умовах: «Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё». То-бок выступіў не толькі з нацыянальных, але і з сацыяльных пазіцый.
Паўстанне заканамерна атрымала паразу, а сам Касцюшка пасля вырашальнай бітвы пад Мацяёвіцамі быў цяжка паранены і трапіў у палон. Расійцы захавалі яму жыццё, а ў 1976 годзе Павал І вызваліў яго.
Касцюшка так і не прыняў ні падарункаў расійскага ўладара, ні падданства, а выехаў у Амерыку, якую лічыў сваёй другой бацькаўшчынай.
25 сакавіка
1918. Абвяшчэнне незалежнасці БНР
У гэты дзень Трэцяй Устаўной граматай Беларусь была абвешчана вольнай і незалежнай дзяржавай. Падзея сапраўды знакавая, паколькі беларускі народ нарэшце падаў і сваю «заяўку» на атрыманне ўласнай дзяржаўнасці і палітычнай суб’ектнасці.
На вялікі жаль, Беларуская Народная Рэспубліка так і не стала сапраўднай незалежнай дзяржавай, як сталі суседнія Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і Фінляндыя. Але тым не менш пра гэты дзень варта памятаць і шанаваць яго. Тым больш, што 25 сакавіка абвяшчэнне незалежнасці БНР пачалі адзначаць ужо на наступны год. Памяталі пра яго беларусы ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час, а таксама ў замежжы.
26 сакавіка
2017. Памёр Май Данцыг
Нарадзіўся ў 1930 годзе ў Мінску ў сям’і настаўніка фізкультуры. У 1947 годзе быў залічаны ў першы набор Мінскага мастацкага вучылішча, па сканчэнні якога паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Заявіў пра сябе яшчэ ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, з 1962 года ўваходзіў у праўленне Саюза мастакоў БССР. Працаваў практычна ва ўсіх жанрах.
Май Данцыг — адзін з самых вядомых беларускіх мастакоў, які апісваў у сваіх творах прыгажосць Мінска. Сумяшчаючы розныя стылі і эпохі, ён выпрацаваў пазнавальную візію беларускай сталіцы.
Карціна «Мой горад старажытны, малады», 1972 год
27 сакавіка
1891. Нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі
Знаны беларускі архітэктар і палітычны дзеяч, стваральнік нацыянальнага сцяга, нарадзіўся ў Глыбокім у сялянскай сям’і.
Цягам усяго жыцця Клаўдзій Дуж-Душэўскі быў актыўным дзеячам беларускага нацыянальнага руху, які не толькі словам, але і справай рабіў важнае для беларушчыны.
З 1920 года Дуж-Душэўскі пражываў у Ковенскай Літве, дзе рэдагаваў і выдаваў розныя выданні. А менавіта — «Беларускі сцяг» у 1922 годзе, разам з Вацлавам Ластоўскім «Крывіч» у 1923–1927 гадах, з 1933 года «Беларускі асяродак».
У часе нацысцкай акупацыі разам з жонкай займаўся ратаваннем яўрэяў, за што пасмяротна быў узнагароджаны ўрадам Літвы ў 2004 годзе.
Пайшоў з жыцця ў Вільні ва ўзросце 67 гадоў.