Каляндар. 23 верасня

22.09.2009 Каляндар

1608: Атрады Яна Пятра Сапегі і Аляксандра Лісоўскага пачалі аблогу Троіца-Сергіева манастыра.

1648:
У бітве пад Піляўцамі войскі Б. Хмяльніцкага і крымскіх татараў перамаглі войска Рэчы Паспалітай пад супольным камандаваннем Д. Заслаўскага-Астроўскага, М. Астрарога і А. Канецпольскага (“пярына, лаціна і дзяціна”).

ahinski

1771: Бітва пад Сталавічамі. Трохтысячнае войска Вялікага Княства на чале з вялікім гетманам Міхалам Казімірам Агінскім атрымала паразу, а пераможцам выйшаў расійскі вайскаводзец Аляксандар Сувораў.

1793:
Скончыўся Гродзенскі сойм – апошні сойм Рэчы Паспалітай, які праводзіўся ў акружаным расійскімі войскамі Новым замку, і прыняў новую, антыдзяржаўную, Канстытуцыю, а таксама даў маўклівую згоду на 2-і падзел Рэчы Паспалітай (пач. 17.6.1793).

kuraka

1872: У вёсцы Казелле на Краснапольшчыне нарадзіўся Міхал Курака, беларускі металург-самавук. У 1906 годзе за грамадскую актыўнасць Кураку саслалі ў глыб Расіі. Там, на металургічных прадпрыемствах ён не толькі рацыяналізаваў працэс вытворчасці металу, але й стварыў сваю ўласную школу работнікаў на домнавых печах.

1910: Нарадзіўся Юльян Сергіевіч, беларускі паэт і настаўнік (пам. 4.10.1976).

1918: Нарадзіўся беларускі драматург Аркадзь Маўзон.

1924: Нарадзіўся Артур Вольскі, беларускі пісьменнік.

sharecki

1936: Нарадзіўся Сямён Шарэцкі, беларускі дзяржаўны дзеяч.

1935: Памёр беларускі палітык Леанард Заяц. Родам ён быў з Даўгінава на Вялейшчыне. У 1918 быў уведзены ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі як загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар.

bumazhkou

1941: На фронце загінуў Ціхан Бумажкоў. Ціхан Бумажкоў нарадзіўся ў Прыморскім краі ў Расіі. А ў 1939 годзе быў прысланы ў Рудабелку кіраваць мясцовым райкамам партыі. Калі пачалася вайна, стварыў там партызанскі аддзел і ў вёсцы Воземля разграміў штаб нямецкай дывізіі.

1943: Фашысты знішчылі віленскае гета.