25 лістапада 1795 г. у Гродне, у Новым замку, апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў II Аўгуст Панятоўскі склаў з сябе паўнамоцтвы і падпісаў акт аб адрачэнні ад прастолу.
Гэтая падзея ўзаконіла трэці падзел Рэчы Паспалітай. Адна з найбуйнейшых краінаў Еўропы перастала існаваць, яе тэрыторыі былі падзеленыя паміж Аўстра-Венгерскай, Прускай і Расійскай імперыямі. Параза паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе, накіраванага супраць падзелаў краіны, паслужыла падставай для канчатковай ліквідацыі дзяржавы трох народаў. Яшчэ да падпісання дакумента Панятоўскім краіны-акупанты ў асноўным ужо вызначыліся з будучымі межамі.
Акт Панятоўскага фармальна спыніў існаванне рэшткаў Рэчы Паспалітай і надаў легітымнасці канчатковаму яе раздзяленню. Пад аховаю 120 расійскіх драгун Панятоўскі прыбыў з Варшавы ў Гродна пад апеку і нагляд расійскага намесніка графа Рапніна, дзе і падпісаў дакумент аб адрачэнні. Вельмі сімвалічна, што акт быў падпісаны ў дзень імянін ягонай каханкі, імператрыцы Кацярыны ІІ.
Тры імперыі заключылі «Пецярбургскую канвенцыю», якая прадугледжвала адмену польскага каралеўскага тытула — тры вядучыя еўрапейскія манархі пакляліся ніколі надалей не выкарыстоўваць у спісе сваіх тытулаў назву. Сам жа Станіслаў Панятоўскі апошнія гады жыцця правёў у Пецярбургу і памёр у лютым 1798 года. Можна сказаць, што ён быў ганаровым палонным на чужбіне.
АМ,budzma.org