У гэты дзень нарадзіліся Язэп Гайлевіч, Уладзімір Карпаў, Пётр Машэраў, памерлі Іван Пуліхаў, Канстанцін Алексютовіч, Уладзіслаў Старэвіч…
1893: Нарадзіўся Язэп Гайлевіч, каталіцкі святар, дзеяч беларускага руху ў Латвіі (пам. 18.10.1971)
Гайлевіч Язэп (1893-1971), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.
Нарадзіўся 26.02.1893 у в. Прыдруйск Дзісенскага павета Віленскай губ. У 1913 г. паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917-1918 гг. у Расеі вучобу прыйшлося перапыніць. Заняткі прадоўжыў у Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 29.02.1920 у мясцовасці Бальбінава. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у мястэчку Друя Браслаўскага павета (1920-1921). У наступныя гады выконваў абавязкі адміністратара ў Бальбінаве (1921-1934), працаваў вікарыем у касцёле Сэрца Ісуса ў г. Рэзекне (Латвія, 1934-1935). Перадваенны час і гады Другой сусветнай вайны правёў у Дзвінску, дзе служыў вікарыем у касцёле Дзевы Марыі і адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах (1935-1943). Прымаў удзел у беларускім культурным і грамадскім жыцці міжваеннага дваццацігоддзя ў Латвіі. Выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. У 1943-1949 гг. – адміністратар каталіцкага касцёла ў Бальбінаве. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Быў арыштаваны органамі бяспекі. За «нацыяналістычную дзейнасць» асуджаны на 10 гадоў лагераў. Да 22.06.1956 знаходзіўся ў савецкім канцэнтрацыйным лагеры ў Мардовіі. Пасля вызвалення працаваў адміністратарам касцёла ў мясцовасці Рундак (Латвія, 1956-1959). Апошнія гады душпастырскай дзейнасці займаў пасаду адміністратара касцёла ў Бальбінаве (1959-1971). Памёр 18.10.1971. Пахаваны ў Бальбінаве.
1912: Нарадзіўся Уладзімір Карпаў, беларускі пісьменнік
Карпаў Уладзімір, нарадзіўся 26.02.1912 г. у горадзе Хвалынску Саратаўскай вобласці (Расея) у сям’і земскага лекара.
У час голаду на Паволжы (1921) пераехаў разам з маці на Гомельшчыну ў вёску Ёлча Брагінскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1929) працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў Рэчыцы, затым настаўнічаў на Брагіншчыне, у Сіроцінскім раёне. У 1941 г. завочна скончыў Менскі педагагічны інстытут. У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Менскага абкома КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Менска выкладаў мову і літаратуру, загадваў навучальнай часткай сярэдняй школы №– 42, працаваў у газеце «Советская Белоруссия», у 1945 г. быў адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947-1960 гг. загадваў аддзелам прозы і крытыкі ў часопісе «Полымя». Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём за баявыя заслугі і іншымі медалямі.
Памёр 06.08.1977 г.
З рэцэнзіямі і артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1945 г. Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952) і «Крылаты ўзлёт» (1966).
З 1948 г. пачаў выступаць як празаік. Выйшлі аповесць «Без нейтральнай паласы» (1950), раманы «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971, усе чатыры раманы склалі цыкл «На перавале стагоддзя»), кніга апавяданняў і ўспамінаў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Мы раскажам пра Мінск» (1964), аўтар тэксту да фотаальбома «Мінск» (1965). Склаў кнігі «Горад і годы» (1967) і «Сквозь огонь и смерть» (1970). У 1983-1985 гг. выйшаў Збор твораў у 5 тамах.
1906: Пакараны сьмерцю Іван Пуліхаў, беларускі рэвалюцыянер
Іван Пятровіч Пуліхаў (5 верасьня 1879 – 11 сакавіка 1906) — рэвалюцыянер, тэрарыст, сябра партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Зьдзейсьніў няўдалы замах на менскага генерал-губэрнатара Пятра Курлова, за які па прыгавору суда быў пакараны сьмерцю.
Ягоным імем названая адна з вуліц Менску.
1918: Нарадзіўся Пётр Машэраў, шматгадовы кіраўнік Беларускай ССР
Пётр Міронавіч МАШЭРАЎ (сапраўднае прозвішча – Машэра; 13(26) лютага 1918, в. Шыркі Сенненскага р-на — 4 кастрычніка 1980), беларускі партыйны і савецкі дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
1929: Нарадзіўся Георгій Колас, беларускі літаратар.
Георгій КОЛАС (нар. 26 лютага 1929, х. Куцень Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.), беларускі літаратуразнавец і крытык.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас калектывізацыяй разам з раскулачанымі бацькамі 30.3.1930 быў сасланы на спецпасяленне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі. Вызвалены 14.9.1945 году. У 1947 скончыў філалагічны факультэт Кудымкарскага настаўніцкага інстытута, у 1951 – акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. Два гады працаваў акцёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра ў Мінску. Затым прыцаваў супрацоўнікам газеты «Сталинская молодежь», аспірантам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1955-1960 – галоўны рэдактар па рэпертуары драматычных тэатраў у Міністэрстве культуры БССР. Працаваў загадчыкам метадычнага кабінета культасветработы Белсаўпрофа. У 1961-1964 гг. – літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», у 1967-1971 – рэдактар аддзела крытыкі, бібліяграфіі і мастацтва часопіса «Неман». Член СП СССР (з 1964).
У друку з артыкуламі пра тэатральнае мастацтва і драматургію выступае з 1953. Выдаў брашуры «Тэатры Беларускай ССР у 2-й Прыбалтыйскай тэатральнай вясне» (1957), «Спектаклі юбілейнага сезона» (1958), «Николай Ерёменко» (Масква, 1968). Аўтар кнігі «Современник в гриме и без грима» (1963), зборніка артыкулаў «Диалог через рампу» (1967), шматлікіх артыкулаў аб старажытных беларускіх інтэрмедыях, аб творчасці драматургаў К. Марашэўскага, Я. Купалы, К. Губарэвіча, А. Маўзона, А. Макаёнка, А. Вярцінскага, І. Чыгрынава, А. Дударава, М. Матукоўскага, А. Дзялендзіка, Я. Шабана і інш.
Аўтар звыш дваццаці пяці сцэнарыяў дакументальных, навукова-папулярных кіна- і тэлефільмаў «Беларуская сюіта» (1966), «Я чую вестку» (1967), «Купалаўцы» (1970), «Мы – сіняблузнікі» (1971), «Жывая ніць» (1973), «Ларыса Александроўская» (1975), «Тры тысячы песень» (1976), «Мінск – пра час і пра сябе» і «Лепей за тое, што ёсць» (1977), «Ігра без ігры» (1978), «Іван Шамякін» (1979), «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала» (1982), «Старажытныя паркі» (1989) і інш.
1932: У Мінску пачала выдавацца грамадска-палітычная і літаратура-мастацкая газета «Літаратура і мастацтва».
1943: Памёр Канстанцін Алексютовіч, беларускі балетмайстэр (нар. 20.5.1884)
1965: Памёр Уладзіслаў Старэвіч, кінарыжысёр, вытворца першых у свеце фільмаў знятых у тэхніцы лялечнай анімацыі.