Каляндар. 27 студзеня

26.01.2009 Каляндар

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту, Канстанцін Астрожскі перамог войска крымскіх татараў на рацэ Гальшанцы, адбылася першая пастаноўка камэдыі Янкі Купалы «Паўлінка», нарадзіўся спявак Зіновій Бабій, скончыў жыццё Уладзімір Беняшэвіч…

Міжнародны Дзень памяці ахвяраў Халакосту.

Халакост (ад старажытнагрэцкага holokaustуs – усёспаленне, знішчэнне агнём; ахвярапрынашэнне) — тэрмін, які датычыць палітыкі генацыду нацыстcкай Германіі, якая прывяла да вынішчэння 6 мільёнаў габрэяў у 1933–1945 гадах. Нацысты называлі гэта “канчатковым вырашэннем жыдоўскага пытання” (па-нямецку die Endlsung der Judenfrage). Апрача габрэяў на фізычнае зьнішчэнне былі асуджаныя цыгане, славяне, гомасэксуалісты.

Тэрмін “Халакост” упершыню выкарыстаў будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру пісьменнік Элі Вэзэль – выкарыстаў як сімвал газавых камераў і крэматорыяў.

На 1942 год нацысты заяўлялі, што знішчылі 60% усіх габрэяў Еўропы (35% ад усіх габрэяў свету). Нацысты цягам Другой сусветнай вайны знішчылі больш як палову ўсіх габрэяў у свеце: 6 мільёнаў з 11.

У якасьці “тлумачэння” нацысты казалі, што габрэі належаць да Untermenschen (недачалавекаў), якія стаяць на эвалюцыйнай прыступцы ніжэй за “арыйцаў”.

1527: перамога войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскам крымскіх татараў на рацэ Гальшанцы.

1906: эсэр Іван Пуліхаў разам з Аляксандрай Ізмаловіч здзейсніў замах на мінскага губернатара Паўла Курлова.

1908: выйшаў першы нумар газеты “Минский курьеръ”.

1913: адбылася першая пастаноўка камэдыі Янкі Купалы «Паўлінка». У Вільні сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка паставіў п’есу Алесь Бурбіс.

1935: нарадзіўся Зіновій Бабій, спявак.

1938: скончыў жыццё Уладзімір Беняшэвіч, гісторык царквы, акадэмік Берлінскай, Мюнхенскай і Страсбурскай акадэміяў навук, прафесар Пецярбурскага ўніверсітэту.

Уладзімір Мікалаевіч БЕНЯШЭВІЧ (9(21).8.1874, мяст. Друя Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобл. – 27.1.1938, НКВД), гісторык (візанцініст, гісторык царкоўнага права, палеограф), публіцыст.

У 1897 скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта; у 1897-1900 слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гейдэльбергскім універсітэтах. З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 прафесар Пецярбургскага ун-та. Рэдактар перыёдыкаў «Памятники древнерусского канонического права» (ч. 1, 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913» (1909-1918). Апошняе выданне можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. У гады савецкай улады прафесар Ленінградскага універсітэта і галоўны бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі. У 1925 абраны членам-карэспандэнтам АН СССР; з’яўляўся членам-карэспандэнтам Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай акадэмій навук, ганаровы член Афінскага таварыства візанціназнаўства. Першы раз асуджаны па абвінавачанні ў шпіянажы і контррэвалюцыйнай дзейнасці 14.6.1929 на 3 гады турмы. Другі раз – 8.8.1931 на 5 гадоў лагераў. Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933. 27.11.1937 зноў арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам.

Рэабілітаваны ў 1958.

1945: Савецкая Армія вызваляе вязняў Асвенцыма.

1957: у Мінску адчынілася сярэдняя школа №24 с паглыбленым вывучэннем замежных моў.

1973: нарадзіўся Валянцін Бялькевіч, беларускі футбаліст.