У гэты дзень нарадзіўся Валянцін Тарас, адбылася прэм’ера спэктаклю паводле п’есы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка»…
1667: Падпісана Андрусаўскае перамір’е паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, згодна з якім да Расіі адыходзілі Смаленскія землі і Левабярэжная Украіны. Смаленшчына, такім чынам, для Беларусі была страчана назаўсёды
1852: у Мінску ў Гарадзкім тэатры адбылася прэм’ера спэктаклю паводле п’есы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка».
1930: нарадзіўся Валянцін Тарас, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
Тарас Валянцін (09.02.1930, Мінск), паэт, празаік, публіцыст, перакладчык; у 1960-1990-я ўдзельнік асяродкаў вольнадумнай інтэлігенцыі, рэпрэсаваўся з боку КГБ. З лютага 1943 да ліпеня 1944 быў у партызанах. Пасля вяртання ў Мінск Т. не знайшоў сваіх родных. Толькі праз 17 год яны адшукаліся ў Польшчы. У 1945 скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі, пасля працаваў рабочым Гарадзенскай літаграфіі (1945-1948), Мінскай бісквітнай фабрыкі (1948-1950). З 1950 па 1955 навучаўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1955-1962 працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда»; у 1962-1964 – на творчай рабоце; у 1964-1968 – загадчык аддзелу прозы часопісу «Нёман». Выдаў кнігу вершаў «Колеры» (1995).
У траўні 1968 Т. пад ціскам КГБ быў звольнены з працы «за антысавецкія размовы». Ён быў адным з асноўных фігурантаў т. зв. «справы Вакулоўскай» (пісьменніцы, на кватэры якой збіраліся літаратары, мастакі, журналісты, якія займалі крытычную пазіцыю ў адносінах да рэжыму, КПСС і КГБ). У сувязі з гэтым Т. 8 год ня мог друкавацца ў Беларусі, не дазвалялася здымаць фільм па сцэнару Т., яго не выпускалі за мяжу, нават да адшуканых пасля вайны блізкіх сваякоў. З тэлебачання таксама была звольненая жонка Т. З таго часу Т. стаў займацца толькі вольным пісьменствам.
З пачаткам перабудовы найбольш працуе ў публіцыстыцы, якая мае выразны антытаталітарны, антыбальшавіцкі характар. Удзельнічаў у мітынгах БНФ і іншых дэмакратычных сілаў. Быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, сябра Назіральнай рады Беларускага Хельсінскага Камітэту. Сябра Беларускага ПЭН-Клюбу з 1997. Адзін з утваральнікаў Хартыі-97.
Артыкулы Т. друкуюцца на старонках газетаў «Народная Воля», «Имя», «Белорусская газета» і інш., бюлетэню «Правы чалавека». З другога боку, са старонак «Славянского набата» на Т. у 1998 абрынуліся хвалі лаянкі – з-за ягонай трывалай антыфашыстоўскай і антыкамуністычнай пазыцыі.
Жыве ў Мінску.