Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
4 красавіка
1919. Тарыба ўключае ў свой склад беларусаў
Гродна,1919 г.
У гэты дзень літоўскі дзяржаўны орган кааптаваў у свой склад прадстаўнікоў Беларускай рады Гродзеншчыны.
Гэта быў не першы такі крок літоўцаў. Раней, у лістападзе 1918 года, яны кааптавалі ў склад тарыбы шэсць вядомых беларусаў, сярод якіх Вацлаў Ластоўскі і Іван Луцкевіч. Пайшлі на стварэнне Міністэрства беларускіх спраў і беларускіх вайсковых адзінак у складзе літоўскага войска.
Беларуская рада — каардынацыйны цэнтр беларускага руху ў рэгіёне, які ў той час знаходзіўся ў складзе Літоўскай Рэспублікі. Сярод яго ўдзельнікаў былі многія вядомыя дзеячы.
У канцы красавіка 1919 года Гародня была занятая палякамі, літоўцы сышлі. А ўжо 10 траўня 1919 года прадстаўнікі рады звярнуліся да палякаў на перамовах у Вільні з просьбай аб захаванні беларускага самакіравання ў рэгіёне.
Летам 1919 года рада спыніла сваё існаванне.
5 красавіка
1990. Абвяшчэнне дня Чарнобыльскай трагедыі
У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР аб’явіў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.
Тэхнагенная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, якая здарылася ў красавіку 1986 года, прывяла да шматлікіх ахвяраў, якія былі прынесеныя для ліквідацыі яе наступстваў і прадухілення яшчэ большай бяды. Камуністычныя ўлады ў Маскве спрабавалі па першым часе замаўчаць праблему і рабілі выгляд, што нічога не адбылося.
У многім менавіта гэта трагічная падзея паўплывала на развал Савецкага Саюза і значна паскорыла яго распад. А самыя цяжкія наступствы выбуху прыняла на сябе менавіта Беларусь.
6 красавіка
1910. Нарадзіўся Барыс Кіт
У гэты дзень у сталіцы Расійскай імперыі на свет з’явіўся слынны беларускі навуковец і актыўны дзеяч беларускай эміграцыі Барыс Кіт.
Дзяцінства і юнацтва правёў на Наваградчыне. Скончыў народную школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
У 1930-я гг. Барыс Кіт працаваў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі і нават паспеў стаць яе дырэктарам у 1939 годзе. Актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі ён будзе дырэктарам у Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, а пасля ў Паставах.
Пасля вайны пераабраўся ў Амерыку, дзе займаўся распрацоўкамі ў касмічнай галіне. Прымаў актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары.
Памёр 1 лютага 2018 г. у Франкфурце-на-Майне ва ўзросце 108 гадоў.
7 красавіка
1947. Нарадзіўся Валерый Славук
Будучы беларускі мастак з’явіўся на свет на Віцебшчыне. У 1977 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «графіка».
Аўтар пазнавальнага стылю, якім аздабляе кнігі пра беларускую міфалогію, фальклёр, народныя казкі. Праілюстраваў «Шляхцiца Завальню» Яна Баршчэўскага ці «Вясну ўвосень» Уладзiмiра Караткевiча, энцыклапедычнае выданне «Беларускi фальклор» i кнiгу «Чароўны свет: з беларускiх мiфаў, паданняў i казак».
Выкладчык. Прафесар кафедры графiкi Акадэмii мастацтваў. Лаўрэат шматлікіх прэміяў і ўзнагарод.
8 красавіка 1924.
Стварэнне Беларускай вайсковай акругі
Важная дата беларускай гісторыі, паколькі менавіта са з’яўленнем гэтай адміністрацыйнай адзінкі ў Чырвонай Арміі пачаліся нацыятворчыя працэсы.
Само стварэнне адбывалася на хвалі беларусізацыі, якая была абвешчана бальшавікамі нацыянальнай палітыкай у той час. Іншыя нацыі, якія ўваходзілі ў склад СССР, зведалі такія ж працэсы.
На сучасны момант дакладна вядома, што беларусізацыя праводзілася ў двух тэрытарыяльных фарміраваннях. 2-й Беларускай стралецкай дывізіі і 33-й Самарскай дывізіі, якая ў 1930 годзе таксама атрымала назву Беларускай.
Працэс пераводу на беларускую мову рухаўся вельмі марудна, паколькі не хапала падручнікаў, а таксама мясцовых кадраў. І тым не менш павольнымі крокамі войска, створанае бальшавікамі, усё болей набывала нацыянальныя рысы.
У Савецкай Беларусі 1920-х — 1930-х гадоў выходзіла вялікая колькасць літаратуры па-беларуску, якая была прысвечана баявой і палітычнай падрыхтоўцы ў Чырвонай Арміі.
9 красавіка
2016. Памёр Зміцер Саўка
У гэты дзень ад наступстваў анкалогіі пайшоў з жыцця вядомы беларускі мовазнавец Зміцер Саўка.
Ён нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Мінску. Ужо ў маладыя гады быў беларускім актывістам, прымаў удзел у дзейнасці «Беларускай Майстроўні».
Аўтар некалькіх кніг па мовазнаўстве «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» і «Беларускі клясычны правапіс», а таксама па гісторыі нашай дыяспары — «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы».
Быў аўтарам моўнага анлайн-сэрвісу «Добрапіс».
10 красавіка
1931. Нарадзіўся Іван Чыгрын
Будучы беларускі літаратуразнаўца і паэт з’явіўся на свет у вёсцы Чамяры на Слонімшчыне. Пасля Чамяроўскай сямігодкі вучыўся ў беларускай сярэдняй школе № 1 г. Слоніма, якую скончыў у 1950-м годзе. У 1955 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў школьным настаўнікам.
У 1958–1961 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З 1961 года — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук.
Друкаваўся з 1959 года. Аўтар такіх кніг, як «Станаўленне беларускай прозы і фальклор: Дакастрычніцкі перыяд» (1971), «Проза „Маладняка“: Дарогамі сцвярджэння» (1985), «Крокі: Проза „Узвышша“» (1989) ды іншых.
Акрамя літаратуразнаўчых прац, выступаў у друку таксама як паэт і перакладчык.
У душы ўласнай.
Не люблю здавацца
Бедным ды няшчасным.
Не аб тым спяваю,
Не аб гэтым дбаю.
Я Айчыну маю.
Айчыне спяваю.