Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
10 красакавіка
1931. Высылка беларускіх дзеячоў
Уладзімер Дубоўка з сынам Альгердам і маці ў Яранску, 1932 года. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва
У гэты дзень па справе неіснуючага «Саюза вызвалення Беларусі» больш за сотню нацыянальных дзеячаў без суда ў якасці пакарання былі выпраўленыя ў глыб Расеі.
Сярод тых, хто быў высланы з Беларусі аказаліся галоўным чынам заўважныя персоны тагачаснага беларускага жыцця: пісьменнік Максім Гарэцкі, мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч, паэт Уладзімір Дубоўка, мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін, драматург Язэп Дыла, навуковец Вацлаў Ластоўскі і многія іншыя.
Справа пачала раскручвацца за год год да гэтага і прывяла да фатальных вынікаў, бо найлепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлегенцыі таго часу трапілі за краты. Першы прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам застрэліўшыся, таксама спробу суіцыда ўчыніў Янка Купала, якога хацелі прызначыць на кіраўніка гэтай міфічнай арганізацыі.
У сярэднім давалі высылку тэрмінам на 5 гадоў, але потым яе працягвалі. Абсалютная большасць фігурантаў справы загіне ў другой палове 30-х гадоў, калі махавік рэпрэсій закруціцца па-новай.
11 красавіка
1923. Першы з’езд педагогаў Заходняй Беларусі
У гэты дзень роўна 100 гадоў таму ў Вільні распачаўся першы з’езд педагогаў беларускіх сярэдніх школ Заходняй Беларусі, які быў скліканы ТБШ і доўжыўся чатыры дні.
Уласна Таварыства Беларускай Школы ўзнікла раней — яно было заснавана яшчэ ў так званай Сярэдняй Літве з ініцыятывы Браніслава Тарашкевіча. Дзякуючы яго высілкам на Віленшчыне будзе адкрыта ўвесну 1921 года пад дзве сотні беларускіх школ.
Акрамя Тарашкевіча ў працы гэтай легальнай арганізацыі ў розны час бралі ўдзел такія вядомыя беларускія дзеячы, як Аркадзь Смоліч, Францішак Аляхновіч, Адам Станкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Макар Касцевіч, Рыгор Шырма ды іншыя.
Асноўны від дзейнасці — спрыянне разбудове беларускага школьніцтва і развіццё беларускай культуры. Так на з’ездзе было прынятае лёсавызначальнае рашэнне, каб «усе беларускія сярэднія школы перайшлі ў рукі ТБШ, якое з’явіцца такім чынам гаспадаром названых школ у межах Польскай рэспублікі».
Але разам з тым актывісты ТБШ займаліся таксама і палітыкай, што выклікала раздражненне ў польскіх уладаў. У выніку Таварыства беларускай школы рэгулярна трапляла пад прэсінг, а ў 1936 годзе было наогул ліквідавана.
12 красавіка
1938. Нарадзіўся Алесь Масарэнка
З’явіўся на свет будучы пісьменнік у вёсцы Ходараў на Магілёўшчыне. У 1956 годзе скончыў Целяшоўскую сярэднюю школу і пэўны час працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, потым 4 гады служыў у Савецкай Арміі.
Пасля дэмабілізацыі вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На трэцім курсе перавёўся на вячэрнюю форму навучання і стаў выхавацелем Мінскай школы-інтэрната № 13.
Пасля атрымання дыплома працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная Змена», часопісаў «Полымя» і «Маладосць». З уласнымі вершамі выступіў у друку яшчэ ў 1959 годзе на старонках «Магілёўскай праўды». Ужо першы буйны твор Масарэнкі — аповесць «На бабровых тонях» — выклікаў шырокі розгалас.
Вялікую ўвагу Алесь Масарэнка адводзіў развіццю літаратурнай справы. Так, ён кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Крыніца» ў канцы 80-х, адкуль выйшлі многія вядомыя цяпер беларускія паэты і пісьменнікі. А ў пачатку 90-х быў адным са стваральнікаў часопіса маладых літаратараў «Першацвет».
Пайшоў з жыцця Алесь Масарэнка ў 2019 годзе.
13 красавіка
1538. Памерла Алена Глінская
Гэтая вялікая княгіня Маскоўская паходзіла з літоўскага шляхецкага роду Глінскіх. Яе бацька, Васіль Львовіч па мянушцы «Сляпы» або «Цёмны», падтрымаў у 1508 годзе брата — Міхаіла Львовіча, які быў буйным дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага і задумаў мяцеж.
Але пераварот супраць улады Жыгімонта Старога не ўдаўся, таму Глінскім разам з сем’ямі давялося бегчы ў Маскву, дзе іх прыхільна сустрэлі. Сярод збеглых прадстаўнікоў літоўскай знаці была і маладая Алена Глінская.
Яна так зачаравала сваёй прыгажосцю вялікага князя маскоўскага Васіля III Іванавіча, што той вырашыўся на адчайны крок — развод. Былую жонку адправіў у манастыр, а другі шлюб узяў з Глінскай. Яна нарадзіла яму дваіх дзяцей — сыноў Івана і Юрыя.
У 1533 годзе Васіль III памёр, і наступныя 5 гадоў Алена кіравала маскоўскай дзяржавай сама, пакуль яе сын Іван IV Грозны падрастаў. Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, Глінская была атручана знатнымі баярамі, якія потым возьмуць Грознага пад сваю апеку.
14 красавіка
1888. Нарадзіўся Уладзімір Нарбут
З’явіўся будучы паэт-акмеіст на хутары Нарбутаўка Чарнігаўскай губерні ў сям’і дробнага памешчыка. Як няцяжка здагадацца па прозвішчы, паходзіў ён са старажытнага літвінскага роду Нарбутаў.
Спрабаваў вучыцца на некалькіх факультэтах Пецярбургскага ўніверсітэта, але навучання так і не скончыў. Бо захапіўся літаратурай, гісторыяй і фальклёрам. Першыя вершы Нарбута былі апублікаваны ў канцы 1908 года, а дэбютная кніга паэзіі пабачыла свет у 1910 годзе. Прэса была разгромнай — крытыкі разгледзілі ў паэзіі Нарбута «косолапость».
А вось другі зборнік, які называўся «Алілуйя» і выйшаў у 1912 годзе, выклікаў сапраўдны скандал. Рэч у тым, што тэксты ў ім былі набраныя царкоўнаславянскім шрыфтам, а змест і блізка не меў нічога агульнага з назвай. Грубыя і «прыземленыя» тэксты высмейвалі рэчаіснасць. У выніку кніга была арыштавана цэнзурай, а самому паэту давялося ўцякаць ажно ў Афрыку.
Уладзімір Нарбут быў у шэрагу 6 паэтаў, якія стаялі ля вытокаў акмеізму. Разам з Мікалаем Гумілёвым, Ганнай Ахматавай і іншымі ён развіваў менавіта гэты кірунак у паэзіі. А пасля рэвалюцыі 1917 года прыняў уладу бальшавікоў і пайшоў працаваць да іх.
У 1928 годзе яго пазбавяць усіх пасадаў, потым арыштуюць, а на сваё 50-годдзе ён будзе расстраляны па прыгаворы тройкі НКВД. У 1956 годзе Уладзіміра Нарбута рэабілітуюць праз адсутнасць складу злачынства.
15 красавіка
1958. Нарадзіўся Леанід Маракоў
Гэты беларускі энцыклапедыст, пісьменнік, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій быў пляменнікам Валерыя Маракова — слыннага паэта-маладнякоўца, якога расстралялі 29 кастрычніка 1937 года разам з іншымі вядомымі беларускімі літаратарамі міжваеннай пары.
Леанід Маракоў — аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах (15 кнігах) «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі», у якім прыводзяцца біяграфіі больш за 20 000 расстраляных або загінулых у сталінскіх лагерах дзеячаў беларускай культуры.
Таксама ажыццявіў грунтоўнае даследаванне гісторыі соцень дамоў на праспекце Незалежнасці, якое выйшла пад назвай «Галоўная вуліца Мінска» і было багата аздоблена рэдкімі фотаздымкамі, дакументамі, планамі.
Пайшоў з жыцця ў 2016 годзе пасля працяглай хваробы.
16 красавіка
1832. Нарадзіўся Альфрэд Ізідор Ромэр
Нарадзіўся гэты вядомы жывапісец і этнограф у Вільні. Паходзіў са знатнага роду Ромэраў, продкі якога перасяліліся ў свой час у Вялікае Княства Літоўскае з Саксоніі.
Вучыўся і працаваў у Мюнхене, Парыжы, Кракаве. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў на Беларусі сядзеў у крэпасці Дынабург. У 1874–1884 гадах жыў у маёнтку Каралінава (Пастаўскі раён).
Творчасць Альфрэда Ізідора Ромэра непарыўна звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Літвы. Ён пісаў партрэты, пейзажы, ствараў бронзавыя медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, архітэктурных помнікаў, рабіў этнаграфічныя замалёўкі побыту беларусаў.
Альфрэд Ізідор Ромэр выканаў шэраг размалёвак у праваслаўных і каталіцкіх храмах у Камаях і Пінску. Вывучаў народнае прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навуковую публікацыю пра слуцкія паясы. Памёр у Каралінаве ў 1897 годзе.
Пахаваны ў сямейнай крыпце ў касцёле Св. Марыі ў Троках.