Кампанія адвакацыі беларускага мастацтва за мяжой — перайменавання ці карэктавання подпісаў пад артэфактамі беларускімі ці беларускага паходжання на сусветных пляцоўках — будзе доўгай і складанай. І скіраванай яшчэ і на само беларускае грамадства.
Нядаўна распачатая кампанія #art_born_Belarus ці «рэ:візія беларускіх артэфактаў у сусветных музеях» ставіць мэтай перагляд падыходаў да ідэнтыфікацыі творцаў і твораў у сусветным мастацтвазнаўстве. Нядаўні поспех Украіны, калі Метраполітан-музей у Нью-Ёрку прызнаў украінскае паходжанне Куінджы, Рэпіна і Айвазоўскага, зразумела, стаў арыенцірам і для беларускай кампаніі. Хаця, відавочна, на гэтым шляху будзе шмат жорсткіх і складаных спрэчак. Прадстаўніца Бел*р*скай Р*ды к*льт*ры ў сувязях з грамадскасцю Ірэна Кацяловіч у інтэрв’ю Budzma.org кажа, што ўжо на самым пачатку кампаніі выявілася, што «адной з нашых задач стане не толькі праца з замежнымі пляцоўкамі, хаця яна і застаецца першай, але і правакацыя дыскусіі ўнутры нашага грамадства».
Стартам кампаніі можна назваць здымак подпісу да карціны «Любоўнікі» Марка Шагала, які быў дасланы наведвальніцай музею мастацтваў LACMA ў Лос-Анджэлесе. «Born in Russia», у апісанні — «казачныя дэталі расійскага горада праз акно пакоя ў Віцебску», подпіс паўтарае тэкстоўку Метраполітан-музея, калекцыі якога «Любоўнікі» належаць. Хаім Суцін у гэтым жа знакамітым музеі — «French, born in Lithuania».
«Мы заклікалі дасылаць нам прыклады некарэктных подпісаў, якімі замежныя пляцоўкі пазначаюць #art_born_Belarus. Дзясятак зваротаў прыйшоў, у асноўным гэта Шагал, канечне, — распавядае Ірэна Кацяловіч. — Таму мы вырашылі, што не будзем кіравацца прыкладамі, якія нам дасылаюць. Шагал — гучнае імя, але ёсць шмат іншых аўтараў, беларускасць якіх важна падкрэсліць і якіх самі беларусы ў замежных музеях могуць і не заўважыць. Спіс мы складаем з мастацтвазнаўцамі. Цяпер чакаем, калі нам будуць дасылаць прыклады камунікацыі альбо перапіскі з музеямі, што, вядома, не з’явіцца ў бліжэйшы час.
Мы хацелі б, каб гэта не была кампанія адной Бел*р*скай Р*ды к*льт*ры, бо, па-першае, мы не дамо рады ў адзіночку. Па-другое, мне падаецца, сапраўды можа спрацаваць колькасць зваротаў — калі ў розных кропках свідраваць гэты камень і казаць пра беларускае паходжанне таго ж Шагала, больш людзей будуць уважлівейшымі да нашай спадчыны. А паралельна зваротам беларусаў свету мы будзем звяртацца ў музеі самі».
У бліжэйшы час, паводле Ірэны Кацяловіч, плануецца зварот у Нацыянальны музей у Варшаве, там «не зусім карэктна размешчаныя Ян Хруцкі і Фердынанд Рушчыц — аніякага дадатковага подпісу ў раздзеле польскага мастацтва 19 стагоддзя, слуцкія паясы не суправаджаюцца аніякай пазнакай, што гэта частка беларускай культуры». «Дарэчы, наконт слуцкіх паясоў звярталася да нас наведвальніца выставы ў Вільні. Там таксама на выставе прыватнай калекцыі ніяк не было пазначана, што слуцкія паясы — гэта ўласна беларускае мастацтва», — распавяла Ірэна Кацяловіч.
«Зразумела, шлях будзе няпросты, — пагаджаецца яна. — Але і цікавы. Для нас аксіёма, што мы хочам больш шырокага пазначэння беларускасці і ведання пра сувязь таго ці іншага аўтара з Беларуссю. Але, напрыклад, дзе карэктна казаць пра мастака беларускага паходжання, а дзе — пра «беларускага мастака»? Ці трэба быць больш нахабным, ці заставацца па-беларуску сціплым і далікатным? Зараз разбіраемся з Надзеяй Хадасевіч-Лежэ, якая жыла да 14 гадоў у беларускай вёсцы, пасля чаго два гады павучылася ў Смаленску, потым была ў Варшаве, большую частку жыцця пражыла ў Парыжы, але заўсёды захоўвала сувязь з Беларуссю. І вось пытанне: называць яе французскай мастачкай беларускага паходжання ці французскай і беларускай мастачкай? Напрыклад, расейцам нічога не замінае называць яе французскай і расейскай мастачкай. А мы, беларусы, думаем, ці маем права. І тут жа паўстае наступнае пытанне: гэта толькі пра карэктнасць фармулёўкі ці таксама пра самавызначэнне, нацыянальную арыентаванасць?
Калі беларус кажа, што «Шагал нарадзіўся ў Расейскай імперыі, у Віцебску» мне гэта шмат кажа, на якім месцы для яго Расейская імперыя, а на якім Беларусь. Значыць, афіцыйная фармулёўка для яго важней, чым праўда беларуса, што наша тэрыторыя была па сутнасці акупаваная».
І кампанія абяцае быць глабальнай: «Наладжванне камунікацыі з замежнымі пляцоўкамі заняло ва ўкраінцаў шмат энергіі і часу, але пасля пераідэнтыфікацыі Куінджы, Рэпіна і Айвазоўскага з’явілася навіна і пра Казіміра Малевіча. Таму мы сыходзім з таго, што калі атрымаем маленькую перамогу ў адным месцы, гэта будзе не апошняя перамога».
Што тычыцца жорсткіх спрэчак і дыскусій, якія, падаецца, узнікнуць непазбежна ў вызначэнні прыналежнасці шмат якіх творцаў, улічваючы гісторыю нашай краіны хаця б толькі мінулага стагоддзя, то «гэта таксама файна»: «Бо нашай задачай, як выглядае, стане не толькі праца з замежнымі пляцоўкамі, хаця яна і застаецца першай, але і дыскусія ўнутры грамадства: як ты ўспрымаеш сваю культуру, што ты ў ёй называеш сваім, чым ты ганарышся і ўвогуле што ты пра яе ведаеш? Іх разбор таксама можа паспрыяць нацыянальнай арыентаванасці, шанаванню свайго. Калі такая дыскусія ў нас з’явіцца, я лічу, гэта ужо вынік.
Мне нават падаецца больш важным разабрацца з нашымі ўласнымі комплексамі, чым замяніць слова «Расея» словам «Беларусь» на замежных пляцоўках».
Тут можна азнаёміцца з аргументацыяй ад мастацтвазнаўцы, чаму Марк Шагал — беларускі мастак. Тут — з аргументацыяй на карысць беларускасці Надзеі Хадасевіч-Лежэ. Вось тут можна запоўніць шаблон ліста, з якім можна звяртацца да замежных пляцовак з просьбаю карэктна падпісаць работы і паходжанне Надзеі Хадасевіч-Лежэ, а тут шаблон ліста за карэктнасць да Шагала.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фотаздымкі прадастаўлены Бел*рускай Р*д*й к*льт*ры