«Разам абаронім краіну ад калабарацыяністаў!», — піша яна. Чым менавіта жанчыну абурае дубляванне назваў гарадскіх аб’ектаў лацінкай згодна з зацверджанымі правіламі, і каго яна лічыць калабарацыяністамі, з яе паста не зусім зразумела, паведамляе тэлеграм-канал Urban Hrodna.
Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту была зацверджана пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі яшчэ ў 2000 г. як прававы акт. Яе прынялі як агульнаабавязковую на дзяржаўным узроўні.
У 2007 г. яе скарэктавалі з улікам асаблівасцяў беларускай мовы. Выдалі і адмысловыя даведнікі — «Назвы населеных пунктаў», у якіх замацавана правільнае напісанне.
Асноўная ідэя — беларускія геаграфічныя назвы і урбонімы мусяць дублявацца лацінкай для замежнікаў. Перакладаюць на англійскую толькі назвы соцыякультурных аб’ектаў («вуліца», «плошча» і пад.). Самі назвы транслітаруюцца з дзяржаўнай беларускай мовы згодна з яе гучаннем. Такая сістэма таксама дазваляе ўніфікаваць напісанне любых беларускіх назваў для ўсіх краін, дзе карыстаюцца лацінскім алфавітам.
Жыхары любых такіх краін, якія прыязджаюць з турыстычнымі мэтамі (напрыклад, суседзі з Літвы ці Польшчы па безвізу), ці дзелавымі, ці на навучанне (студэнты з Індыі на платныя факультэты) — могуць прачытаць, куды яны ідуць, ці запытаць дарогу. Дубляванне назваў гарадской навігацыі на іншую сістэму напісання робяць і ў іншых «кірылічных» краінах, у тым ліку ў Расіі.