Сацыёлягі, палітыкі, грамадзкія актывісты і іншыя неабыякавыя суграмадзяне аніяк ня могуць дамовіцца міжсобку адносна падлікаў: дык колькі ж беларусаў за апошнія гады зьехалі з краіны? Трыста тысяч? Паўмільёна? Мільён? Зрэшты, калі кожная з агучаных лічбаў сканчаецца жменяй нулёў, відавочна адно: зьехала вельмі шмат людзей! Хтосьці праз палітыку, нехта ў пошуках лепшых прыбытку ці адукацыі — у кожнага свая прычына пакінуць родны дом. Ня маючы празь перасьлед магчымасьці вярнуцца ў родную Горадню, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» разважае пра тое, хто ж сёньня валадарыць на часткова спусьцелай Айчыне і ці можна гэтых валадароў уважаць за гаспадароў Беларусі.
Памятаю, адной з забаваў у нашым маладафронтаўскім юнацтве было прыдумляньне лёзунгаў-крычалак для акцыяў. Ну, памятаеце: «Беларусь — у Эўропу, Лукашэнку — у...», «Радзіма, свабода, далоў Луку-урода!», «Наш дом — Беларусь!» і г. д.
Дык вось аднойчы пад чарговы гарадзенскі Дзень Волі я прыдумаў лёзунг, які надта ж зайшоў дэманстрантам: «Нам ня трэба іншай хаты — у сваёй мы справім сьвята!»
Валера Руселік у часы свайго маладафрантоўскага юнацтва. Фота з асабістага архіву
Дом — панятак для беларуса надзвычай важны. Пачынаючы ад сівое мінуўшчыны, калі нашыя продкі ўяўлялі сабе ўвесь сьвет у выглядзе дома: пад падлогай — нячысьцікі сядзяць, пад дахам — анёлы, ну а паміж імі пасяродку — мы, небаракі. І сканчаючы днём сёньняшнім, калі, пазіраючы са скепсысам на заходнюю завядзёнку жыць па арандаваных кватэрах, мы марым кожны пра ўласны дом на Браславах альбо двушку зь відам на гарадзенскі замак Вітаўта.
І ўсе нашыя асабістыя памкненьні натуральным чынам зьліваюцца ў адно цэлае, агульнанацыянальнае: наш дом — Беларусь, нам ня трэба іншай хаты — у сваёй мы справім сьвята!
Графіці «Мая краіна — Беларусь» на трансфарматарнай будцы ў Менску (пазьней было зьнішчанае ўладамі). Фота з FB Паўла Беларуса
Адна з апошніх завядзёнак сучаснай Беларусі — канфіскоўваць маёмасьць у тых, хто зьехаў. Менавіта таму многія і ў замежжы ня ходзяць на акцыі і іншыя публічныя беларускія мерапрыемствы, старанна фільтруюць фотаздымкі й падабайкі з камэнтарамі ў сацыяльных сетках. Ну бо ўсплыве дзесьці тваё імя, а ў Беларусі ў цябе кватэра засталася, якую не пасьпеў прадаць — ну шкада ж, калі гэтыя нью-бальшавікі яе забяруць!
Тых жа, каго канфіскацыяй маёмасьці не запалохаеш, пужаюць іншым — пазбаўленьнем беларускага грамадзянства. Маўляў, плявузгаеш там за мяжою на наша Гасударства — пашол вон, беглы, анулюем табе пашпарт! Яшчэ прыпалзёш на каленях у нашую камісію па вяртаньні, как міленькі!
Беларускі пашпарт і кайданкі. Фота Дзьмітрыя Палубяткі
Прыгадалася яшчэ гісторыя. 2007-мы год. Дзень Волі. Еду зь Вільні ў Менск на акцыю. На беларускім баку памежніца бярэ пашпарт, праводзіць пальцам па нейкіх раздрукаваных сьпісах і, знайшоўшы тое, што шукала, разгублена падымае вочы. «Хвіліначку», — кудысьці тэлефануе. Прыбягае канвой, мяне забіраюць. Трымаюць 13 з паловаю гадзінаў у нейкім падсобным памяшканьні, прыставіўшы аўтаматчыка. Час ад часу малады гэбэшнік намагаецца то ўцерціся ў давер, то крычыць і кідаецца, правакуючы бойку.
Цырк сканчаецца толькі тады, калі я, паскардзіўшыся на моцныя болі ў сэрцы, папросту кладуся на лаву. Прыбягае перапалоханае камандаваньне прапускнога пункту, дае лекі. І сівы дзядзька перад сваімі падначаленымі выбачаецца «за затрымку ў вэрыфікацыі дакумэнтаў» ды вяртае пашпарт: усё, валі адсюль, а то яшчэ памрэш тут — а нам потым праблемы! Гэбэшнік на разьвітаньне пытае: «Дык а чаго едзеш у Беларусь?» — «Дык я ж беларус. Еду на радзіму. Не разумею пытаньня».
І вось хто ўсе гэтыя людзі, якія забіраюць у нас тое, чаго нам не давалі? Маёмасьць, грамадзянства. Якога ражна нейкі там азаронак ці які іншы гэбэшны недарэмба будзе пастанаўляць, можна мне заехаць на Радзіму альбо нельга? Зь якога перапуду якая-небудзь «жэншчына» з начосам і адпаведнай пячаткай будзе забіраць у мяне гэтую самую Радзіму? Беларусь — гэта што, іх прыватная ўласнасьць?
І галоўнае. А дзе ж гэтая мяжа, пасьля якой мы, грамадзяне, перастаем быць гаспадарамі ў сваёй краіне?
Вядома ж, адказ відавочны. У краіне, дзе пануюць гвалт і бяспраўе й дзе замест падзелу ўлады і грамадзкага кантролю культывуецца падыход «Дзяржава — гэта я», наўрад ці можа быць інакш. У вольную хвіліну, да прыкладу, пагартайце сайт Кіраваньня справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якое прыбрала да рук дзясяткі найлепшых прадпрыемстваў краіны, санаторыяў (у тым ліку за мяжою), гатэляў, сельскіх гаспадарак і нават нацыянальных паркаў і запаведнікаў. Альбо спытайце, скажам, жыхароў Берасьця, ці хацелі яны ў сябе пад бокам атрутны акумулятарны завод. А жыхароў Сьветлагорску — пра цэлюлёзны завод.
Дарэчы, тут ужо пра другую АЭС для Беларусі пагаворваюць — куды там яе «гаспадары краіны» хочуць утыркнуць? Тыя самыя «гаспадары», якія гэтак намагаюцца канчаткова прадаць наш Беларускі Дом, зрабіўшы яго папросту часткай Вялікага Расейскага Хлява.
У школы Магілёўшчыны цэнтралізавана закупляюць ня толькі беларускія афіцыйныя, але і расейскія сьцягі. Фота: mahovo. mogilev. edu. by
Дык што ж рабіць нам, суграмадзяне па абодва бакі беларускае мяжы?
Найперш варта не забывацца, што сапраўдныя гаспадары — гэта мы з вамі. Дом заўжды належыць тым, хто яго збудаваў і хто пра яго рупіцца. Ня маючы сёньня магчымасьцяў стаць ля стырна дзяржавы, мы ўсьцяж уплываем на тое, якою ёсьць і якою будзе нашая краіна.
Ці захаваем мы беларускасьць і ці перадамо яе нашым дзецям — па-ранейшаму залежыць ад нас з вамі. Дык размаўляйма ж па-беларуску, стварайма й пашырайма беларускамоўнае асяродзьдзе паўсюль, дзе б мы ні былі — і на радзіме, і ў замежжы! Задзіночваймася і дапамагайма адно аднаму! Гуртуйма талаку, якою аднойчы адбудуем наш агульны Беларускі Дом!
Будзьма разам, сябры! Будзьма беларусамі!
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву
Валера Руселік, Budzma. org