Аднаго разу сябар паказаў мне фота былога ўдзельніка паўстання 1863 года, які пасля паразы паўстання асеў у Францыі, дзе ўладкаваўся на службу ў Французскі замежны легіён.
А ён жа быў не адзін – такіх уцекачоў было шмат. Згадаць хаця б Сымона Шыдлоўскага, які разам са сваімі хлапцамі дайшоў з Віцебшчыны аж да аўстрыйскага Львова, дзе і асеў. На Лычакаўскіх могілках вы і цяпер без цяжкасці зможаце знайсці яго магілу, дзе на надмагільным каменні красуюцца словы нескаронага чалавека: “На нашым праху паўстануць мсціўцы”. А ў гэтых жа паўстанцаў нараджаліся ў выгнанні дзеці, вучыліся, выбіваліся ў людзі. Як склаўся іх жыццёвы лёс? Адказ дае новая аповесць Алеся Пашкевіча “Рух” , якую сам аўтар вызначыў, як QR-відарыс.
У кітайцаў ёсць прымаўка: “Не дай Бог жыць у час вялікіх перамен”. Можа быць, для жыхароў Паднябеснай яна слушная, але дакладна не для жыхароў Еўропы, дзе найбольш цікавыя падзеі адбываюцца акурат у час змены эпох. Прынамсі ў літаратуры дакладна.
Са школьнай парты нам кажуць толькі факталогію – было так і так, стала так і гэтак. Але рэдка расказваюць, якім чынам былі дасягнутыя пастаўленыя мэты, што папярэднічала вялікім падзеям, што адбывалася ў гэты час у кулуарах. Я ўжо не кажу пра лагічныя ніткі, якія недасведчанаму чалавеку часам цяжка ўлавіць.
І тым не менш мы часта звяртаемся да гісторыі: у размовах, допісах у блогі, спрэчках. Я не кажу пра тых, хто мае дыплом выпускніка гістфака, рыецца ў пыльных архіўных паперах, займаецца археалагічнымі раскопкамі ці проста піша дыпломную працу. Гутарка пра простых людзей, далёкіх ад гістарычнай навукі. Менавіта з іх вуснаў можна пачуць самыя неверагодныя версіі мінулых падзей. Гісторыя – як прыгожая казка, якая развіваецца па сваіх законах і з уласнай логікай, канечне ж, з дамешкам “інсайду”.
Аповесць Алеся Пашкевіча, прысвечаная вядомаму вынаходніку Рудольфу Дызелю, які ў канцы ХІХ стагоддзя вынайшаў новы від рухавіка, прыйдзецца даспадобы акурат аматарам гістарычных цікавостак. Тым, хто чакае ад гістарычных твораў не проста манатоннага апісання, а дзеяння, прыгодаў, інтрыгаў і, безумоўна, кахання. Акрамя жыцця вядомага вынаходніка ў аповесці прысутнічаюць некалькі, на першы погляд, не звязаных паміж сабою сюжэтных ліній, якія ў канцы перасякаюцца ў адным пункце і даюць магчымасць асэнсаваць велічнасць падзей.
Адназначным плюсам твора з’яўляецца яго кампактнасць і дынамічнасць: няма вялізных малацікавых апісанняў рэчаіснасці, у якой разгортваюцца падзеі. Разам з гэтым мы можам лёгка уявіць, як жылі, што елі, як апраналіся жыхары Парыжа, Вены, Санкт-Пецярбурга ды іншых еўрапейскіх гарадоў. Астатняе пры неабходнасці можна знайсці ў спецыяльнай літаратуры, якой выпускаецца цяпер валам.
У пачатку XX стагоддзя тэхналагічнай сталасці дасягнулі некалькі перадавых краін – Вялікабрытанія, Германія, Францыя, ЗША, Бельгія. Так званая “эпоха вугалю і сталі” ў гэтых краінах скончылася. На шлях паскоранай індустрыялізацыі сталі яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя – пачатку XX стагоддзя таксама Расія, Швецыя, Італія, Аўстра-Венгрыя, Канада і Японія. Зразумела, што такія працэсы не маглі адбывацца без шпіянажу, выкрадання тэхналогій, правакацый і забойстваў. У аповесці “Рух” добра апісаныя гэтыя моманты разам з таемнымі гульнямі імператараў. Адчуванне Першай сусветнай вайны, якая вось-вось грымне крывавым дажджом над галовамі мільёнаў простых людзей, літаральна вісіць у паветры.
Прычым жа тут дзеці паўстанцаў, спытаеце вы. Усё проста: уявіце, што ў такога вось “ветэрана-каліноўца” нарадзіўся сын, які добра вывучыўся, валодае некалькімі мовамі, стаў інжынерам і найбліжэйшым памочнікам Дызеля. Але не сціплым лабараторным працаўніком, а непасрэдным удзельнікам многіх падзей.
Аповесць пачынаецца ў момант, калі ў Парыжы адбываецца ўзвядзенне вежы Эйфеля, прымеркаванай да Сусветнай выставы, якая праходзіла ў славутым французскім горадзе ў 1889 годзе. А заканчваецца ўжо пасля Першай сусветнай вайны, калі з сусветнай мапы зніклі чатыры імперыі, з’явіліся новыя нацыянальныя дзяржавы, а да ўлады ў Расіі прыйшлі бальшавікі. І ў цэнтры ўсіх гэтых ліхіх геапалітычных і эканамічных разваротаў – Адам Мацкевіч, акурат гэты самы сын колішняга каліноўца.
Эмігранцкая лінія, дарэчы, цікавая не менш за асноўную – пра Дызеля і яго рухавікі. Для жыхароў былой Рэчы Паспалітай, якія былі нязгодныя з палітыкай новых расійскіх уладаў і бралі ўдзел у паўстаннях, вымушаны выезд за межы Расійскай імперыі быў адзінай мажлівасцю захаваць сваё жыццё і свабоду. Многія з іх працягвалі сваю службу ўжо на карысць іншых дзяржаваў, але разам з гэтым жылі мінулым: згадвалі маладыя гады і сяброў, з якімі ўдзельнічалі ў рызыкоўных справах. Так было і з бацькам беларускай літаратуры Францішкам Багушэвічам, які ў апошнія гады свайго жыцця ўсё часцей аддаваўся настальгіі і казаў, што “зажыўся на гэтай зямлі”, маючы ўсяго 60 гадоў.
Такія творы, як аповесць “Рух” найперш карысныя таму, што даюць зразумець логіку гістарычных падзей, выявіць прычынна-выніковыя сувязі, асэнсаваць, чаму сталася менавіта так, а не іначай. У сваім тэксце Алесь Пашкевіч паспрабаваў нетрывіяльна апісаць надзвычай важныя працэсы, пасля якіх свет кардынальна змяніўся. І, на маю думку, у аўтара гэта выдатна атрымалася.
Канстанцін Касяк