1 чэрвеня ў Царкве Святога Аляксандра на Плошчы Трох Крыжоў адбудзецца канцэрт беларускіх музыкаў, прысвечаны Міжнароднаму Дню аховы дзяцей, піша Reform.news.
На канцэрце будзе выконвацца Рэквіем Рэ мінор Габрыеля Фарэ.
Музыкі: Вольга Падгайская — арган; Віталь Дарашук — саксафон; Міхаіл Ліла — барытон; Юлія Мішкевіч — сапрана.
Гэтаксама ў імпрэзе прымае ўдзел Дзіцячы хор Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага Concordia Choir пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай. Праект грунтуецца на дзейнасці Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага.
«Праз гэты канцэрт мы хочам згадаць пра сотні дзяцей, якія загінулі ва Украіне, пра тысячы дзяцей, якія атрымалі раненні, пра тых, каго забіваюць зараз у войнах, у іншых краінах, — падкрэсліваюць арганізатары. — Гэта зварот да ўсяго сусвету аб спыненні войн і агрэсій, ахвярамі якіх становяцца сотні нявінных дзяцей».
Час і месца канцэрта: 1 чэрвеня, 15.00, Плошча Трох Крыжоў 10/14, Царква Святога Аляксандра.
Уваход вольны.