Карціна дня: “Дзве стаі” Аляксандра Дзямідава

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Аляксандр Дзямідаў і яго “Дзве стаі”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Аляксандр Дзямідаў

Пра аўтара:

Аляксандр Дзямідаў нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. У 1984 скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1984 – Беларускую акадэмію мастацтваў. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1990. Працы А. Дзямідава знаходзяцца ў галерэях Raiffeisen Bank (Расія), Priorbank (Беларусь), а таксама ў прыватных калекцыях Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі ЗША і іншых краінаў.

  Аляксандр Дзямідаў, “Дзве стаі”, палатно, алей, 60х70 см, 2008.

 Простыя лікі

Не так даўно ў інтэрнэце шырокае распаўсюджанне атрымалі так званыя піражкі – скончаныя па сюжэце нерыфмаваныя чатырохрадкоўі, напісаныя чатырохстопным ямбам з колькасцю складоў 9-8-9-8, без знакаў прыпынку і вялікіх літараў. Адзін з вядомых піражкоў гучыць так: “две рыбы встретятся случайно \ неловко мнутся и молчат \ но это мелочь по сравненью \ с молчаньем встречных косяков”.

Андрэй Адамовіч

Як у піражку насамрэч гаворка пра дыялог, размову, хай сабе і бязгучную, так і на гэтым палатне рыбы – не гераіні фразеалагізму, і ясна, што яны зусім не маўчаць. Нават калі б паміж іхнымі вуснамі не было чалавечых языкоў, ужо па адных толькі чалавечых вачах можна было б зразумець, што вядзецца на палатне пра дыялог.

Іншая справа, што карціна выглядае так, нібы аўтар наўмысна зрабіў яе крыху “вясёленькай”, выбраўшы для свайго аповеду, які мог бы падацца змрочным ужо толькі праз чорных птушак, што крыжамі навісаюць над морам і, магчыма, пагражаюць з’есці рыбаў, гарэзлівую стылістыку. Нават гэтай сваёй стылістыкай карціна нагадвае піражок.

Хаця тут ёсць і больш глыбінны сэнс. І рыбы гэтыя праз некалькі хвілінаў назірання ўжо заглядаюць у душу гледача так, як пра гэта пісаў Маякоўскі: “в углу – глаза круглы, – \ глазами в сердце въелась богоматерь. \ Чего одаривать по шаблону намалеванному \ сиянием трактирную ораву!” І вось гэтае несупадзенне паміж пранізлівымі поглядамі рыбаў, кожная з якіх можа раскласці свае ініцыялы ў святое імя, і гэтаю гулліваю манераю пісьма і ёсць тым, што чапляе нас з палатна і ўцягвае ў яго.

Уцягнуўшы ж нас у свой дыскурс, свой яскравы, але ад гэтага не менш драматычны мастацкі свет, аўтар апускае нас тварам ва ўсе тыя пытанні, якія мы носім у сабе. Напрыклад ува мне гэта такія пытанні: кім я ёсць, кім мог бы быць, дзе я плыву ў стаі, дый наогул у вадзе я ці ў паветры?

І яшчэ. Як малады бацька, які пералічвае для сына ўсе аб’екты, якія трапляюць у поле нашага агульнага зроку, я магу дадаць, што невыкарыстанне аўтарам “сімвалічнай” колькасці птушак або рыбаў дадае яму павагі ў нашых з малым вачах.

 

Голас з Акадэміі:

“Дзве стаі” – гэта тэма блізкасці і супрацьстаяння чалавечых супольнасцяў. Бяззубыя ўсмешлівыя рыбы і змрочныя чорныя птушкі – фас і профіль збіральнага вобразу чалавецтва або менавіта Беларусі ў нашыя дні. Можна сказаць, што твор перадае стаўленне аўтара да жыцця як да нявырашанага канфлікту інтарэсаў. Жоўты колер перадае змушана пазітыўны настрой, у якім “завісаюць” героі. Мастак даўно ўжо выпрацаваў сваю жывапісную схему, якой дагэтуль прытрымліваецца. Пад схемай разумеецца аўтарская жывапісная манера, стылістыка, каларыт, сюжэты, якія робяць творы пазнавальнымі і аднастайнымі. Пытанне падабенства і ўнікальнасці, якое часта ўзнікае падчас супастаўлення твораў аднаго мастака, таксама раскрываецца аўтарам у карціне. Рыбы і птушкі прыведзеныя да ўсярэдненага вобразу-схемы, размножанага ў пэўнай паслядоўнасці, так што ледзь не ператвараюцца ў арнамент. Прынятая мастаком дэкаратыўнасць і ўмоўнасць дазваляе, не ўдаючыся ў падрабязнасці і дэталі, перадаваць аддалена філасофскія ідэі. Аднак пытанне, ці спрыяе такая пазіцыя індывідуальнаму развіццю, застаецца адкрытым.

Алеся Раманюк