Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланэза «Развітанне з Радзімай» — далёка не адзіны выбітны прадстаўнік роду. Сям’я Агінскіх — магнацкі род рускага кораню: нашчадкі Рурыка ці смаленскіх князёў? Ці праўда, што Агінскія былі абаронцамі праваслаўя, як Астрожскія ва Украіне? Дзяржаўнікі, ваяры, землеўласнікі, мецэнаты... Распавядаем кароткую гісторыю Агінскіх.
ТЭКСТАВАЯ ВЕРСІЯ ВІДЭА:
Пішуць, што Алена Агінская, жонка маршалка літоўскага, была не толькі прыгожай і мудрай, але і вельмі моцнай жанчынай: падковы рукамі ламала! А калі пад старасць (жанчына пражыла 90 год) дзеці захацелі адабраць у яе маёнтак, то ўзяла ў рукі срэбраны талер ды сагнула яго ў трубачку. Я паўтараць не буду, даруйце. Але пытанні пра «нямогласць» гаспадыні адразу зніклі.
Сёння пагаворым пра род Агінскіх. А гэта не толькі Міхаіл Клеафас Агінскі, аўтар вядомага «Паланэзу», але і шмат-шмат яшчэ каго цікавага.
Версіі паходжання роду Агінскіх
Князі Агінскія — стары магнацкі род гербу «Агінец». Фаміліі Агінскіх належылі землі на Смаленшчыне, у сённешняй Польшчы, Літве, ну і, канешне, Беларусі — Залессе, Бялынічы, зямля і нерухомасць у Пінску, Віцебску, Чачэрску, Маладзечне і так далей. Гэта норма для магнатаў — расцярушаныя валоданні на абшарах вялікай краіны.
Існуе дзве версіі паходжання роду Агінскіх.
Першая — гэта нашчадкі Рурыкавічаў, а менавіта Казельская лінія чарнігаўскіх князёў.
Паводле другой, Агінскія — нашчадкі смаленскіх князёў Глушонкаў. Гэта цікава, бо ў 1480-х смаленскі князь Дзмітрый Глушонак атрымлівае ад манарха маёнтак Агінты пад Вільняй. Цяпер там некалькі хат ды алея, а вось некалі — маёнтак!
Дык вось, ужо на пачатку 16 ст. удава Багдана Глушонка Багуміла называе сваіх дзяцей ды нябожчыка-мужа ў дакументах «князямі Агінскімі з Казельска». І ў далейшым ніякіх Глушонкаў ужо няма — толькі Агінскія. Геаграфія роду таксама змяняецца, Агінскія атрымліваюць ды набываюць землі на Захадзе (не будзем забывацца, што Смаленшчына і Полаччына на бліжэйшыя паўтара стагоддзі — у полымі вайны з маскавітамі). Але як бы там не было, Агінскія — стары русінскі праваслаўны княскі род, які прыняў каталіцтва ўжо значна пазней.
Агінскія — абаронцы праваслаўя
Далей — час узвышэння Агінскіх ды разгалінавання на розныя лініі. Агінскія займаюць высокія пасады. Будуюць цэрквы і манастыры ў Менску, Магілёве ці ваколіцах Коўні. За дабрачыннасць і падтрымку праваслаўя сучаснікі называюць іх «стаўпамі веры». Але гэта ж не пра дрымучае праваслаўе з папамі, у якіх капуста ў барадзе... А пра культуру ды ідэнтычнасць!
Тая ж кірылічная граматыка Мялеція Сматрыцкага недарма месціць герб Агінскіх: кніга выйшла ў іхнай друкарні. Багдан Агінскі быў старастам праваслаўнага брацтва ў Вільні, тамсама заснаваў брацкую школу. І гэта ніякім чынам не перашкаджала яму ваяваць з маскавітамі ў Лівонскую вайну.
Роўна як ва Украіне абаронцамі праваслаўя таго часу лічаць Астрожскіх, так у нас варта лічыць Агінскіх.
Агінскія — дзяржаўнікі
Агінскія — не толькі магнаты і землеўласнікі, але і дзяржаўнікі. Вось Марцыян Аляксандр Агінскі — чашнік, падстолі, крайчы, урэшце канцлер Вялікага Княства. Але найперш вайсковец, палкоўнік, ды яшчэ ў часы «Маскоўскага патопу» сярэдзіны 17 ст. Ёсць нават версія, што на знакамітым конным партрэце афіцэра, які пісаў Рэмбрандт каля 1655 года, акурат Марцыян Агінскі. Хоць пазней на партрэце ўжо бачылі лёгкага вершніка-«лісоўчыка».
Ці вось Рыгор Антоні Агінскі, вялікі чашнік ды харунжы літоўскі. Ваяваў з Сапегамі падчас міжусобіцаў у дзяржаве (а пра Сапегаў у нас быў асобны сюжэт). Ваяваў са шведамі ў Паўночную вайну. Прычым, калі Аўгуст Моцны зрокся кароны — працягваў ваяваць. Ну, а як яшчэ?
Ці — Андрэй Ігнацы Агінскі — кашталян і ваявода троцкі, дыпламат, прыхільнік Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Апошняга караля любілі і падтрымлівалі далёка не ўсе, але Андрэй Ігнацы лічыў што моцная каралеўская ўлада — гэта паратунак дзяржавы. А Міхаіл Клеафас Агінскі — акурат ягоны сын. Да яго мы яшчэ вернемся.
Пагаворым яшчэ пра Міхала Казіміра Агінскага — гэта алігарх, вайсковец і палітык новай хвалі: аматар музыкі, літаратуры, філасофіі і тэатру, які знаўся з Дэні Дыдро, сябраваў з Гайднам. Стаўшы вялікім гетманам, Агінскі ваяваў з маскавітамі, але ў бітве пад Сталовічамі атрымаў паразу ад Суворава. Жыў на эміграцыі: Вена, Парыж... урэшце вярнуўся на радзіму.
Дзіўны час: з эміграцыі яшчэ можна было вярнуцца па амністыі. Агінскі бярэцца за культуру: у Слоніме засноўвае тэатр, балетную школу, для якой сам піша оперы, музыку. Яго рэзідэнцыю пасля называлі «сядзіба музаў». А самога Агінскага — «гетман-кларнет» — маўляў, не столькі пра дзяржаўныя справы, колькі пра музычныя.
Тым не менш, Агінскі бярэцца за мега-праект пабудовы каналу, які б злучаў басейны Нёмана і Прыпяці. А значыць — злучаў бы Чорнае мора і Балтыку (пра гэта мы казалі ў відэа пра тое, адкуль у шляхты грошы). На той час гэта сапраўдны гідратэхнічны цуд, пра які некалі толькі марыў Багуслаў Радзівіл. Той марыў, а Міхал Агінскі — зрабіў. Праўда, сама дзяржава, для эканамічнай бяспекі якой канал будаваўся, доўга не пратрымалася. Сам жа Агінскі зноў у эміграцыі: Брусэль, Берлін, Вена, а памёр урэшце ў Варшаве ў 1800-м годзе.
Міхал Клеафас Агінскі
У 1791-м годзе, з эміграцыі, Міхал Казімір Агінскі перадаў усе свае беларускія маёнткі малодшаму сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму (наогул іх часам блытаюць, але вы хоць так не рабіце). Упершыню з музычнымі справамі будучы кампазітар сутыкнуўся акурат у Слоніме, на той сядзібе музаў. Праўда, хто ж тады не любіў музыкі і не пісаў аўтарскіх твораў? Нават Касцюшка быў кампазітарам!
Міхал Клеафас займаў розныя дзяржаўныя пасады ў позняй Рэчы Паспалітай, быў дыпламатам у Галандыі ды Лондане.
Удзельнічаў у перамовах з расійскім паслом Сіверсам. Але што там ужо тыя перамовы, калі ад дзяржавы амаль нічога не засталося? У відэа пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага мы паэтапна разбіраем гэты працэс.
Агінскі падтрымаў Касцюшку ў 1794 годзе — пасля быў вымушаны эміграваць. У Францыі, як дыпламат, вёў перамовы пра аднаўленне Рэчы Паспалітай. Але французская адміністрацыя не спяшалася даваць хоць якія гарантыі... Агінскі вярнуўся: за часамі ранняга Аляксандра Першага была адліга для былых паўстанцаў, яшчэ можна было. Разбудоўваў родавы маёнтак у Залессі, збіраў там бібліятэку, займаўся гаспадаркай, звярынцам, а перад чарговым ад’ездам напісаў той самы «Паланэз: развітанне з радзімай». Гэтыя ноты праз гады ведалі на памяць удзельнікі паўстанняў, эмігранты, выгнанцы — мелодыя стала сімвалам страты і немінучага колішняга вяртання дадому.
Урок для беларусаў
Ёсць такая тэма, цалкам справядлівая, маўляў польская культура, музыка, літаратура, урэшце ідэнтычнасць, шмат у якія выпадках фармавалася на чужыне. Ад эмігрантаў Агінскага і Міцкевіча да Пясецкага ды Чэслава Мілаша. Вымушанае выгнанне, такім чынам, дапамагло зірнуць на сябе звонку, асэнсаваць ды сфармуляваць важныя рэчы для пабудовы дзяржавы і нацыі. Добры ўрок для нас, беларусаў, праўда?
Як і той факт, што тыя самыя Агінскія і Міцкевічы, роўна як Валовічы, Вішнявецкія, Сангушкі, Сапегі — гэта старыя роды нашага русінскага кораню. Ужо час нацый развёў нас у розныя бакі, але фундамент — адзін. І пра гэта таксама трэба памятаць.