Знойдзеныя ў гістарычным цэнтры Заслаўя фрагменты абпаленай старажытнарускай плінфы даюць падставу казаць пра існаванне ў горадзе манументальнай мураванай забудовы ў дамангольскі час. Аднак з гэтым згодныя не ўсе, піша «Наша Ніва».

Рэканструкцыя Рынкавай плошчы ў Заслаўі да «Дажынак» 2025 года
Маштабныя працы па добраўпарадкаванні Заслаўя да леташніх «Дажынак» прадугледжвалі земляныя работы ў гістарычным цэнтры, дзе археолагі вялі свой абавязковы нагляд.
На Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па выніках археалагічных даследаванняў 2025 года, што распачала працу ў Нясвіжы, даследчыкі Іван Спірын і Павел Кенько падзяліліся папярэднімі вынікамі гэтага нагляду.
Як высветлілася, у паўночнай частцы рынкавай плошчы культурны пласт захаваўся літаральна за 20‑30 сантыметраў ад сучаснай дзённай паверхні.
Менавіта ў цэнтральнай частцы плошчы спецыялісты зафіксавалі фрагменты плоскай абпаленай цэглы, візуальна вельмі падобнай да плінфы. Гэты будаўнічы матэрыял быў асноўным складнікам манументальнага дойлідства часоў Старажытнай Русі і Візантыі.
Наяўнасць такіх фрагментаў дазваляе выказаць меркаванне, што ў ХІІ стагоддзі Заслаўе магло мець уласны мураваны храм ці княжацкі хорам. Дагэтуль беларуская гістарычная навука не мела ні пісьмовых, ні матэрыяльных сведчанняў пра існаванне ў горадзе мураваных пабудоў раней за канец XVI стагоддзя, калі тут узніклі кальвінскі збор і бастыённы замак.

Месцы раскопак і археалагічнага нагляду ў Заслаўі ў час падрыхтоўкі да «Дажынак» 2025 года. Фота з сацсетак
Кантэкст знаходкі падмацоўваецца і іншымі артэфактамі, знойдзенымі ў старажытнай частцы горада. Разам з фрагментамі цэглы археолагі сабралі калекцыю прадметаў узбраення і быту: наканечнікі стрэл, крэсівы, дэталі конскай вупражы. Як удакладняюць у асобным дакладзе Сяргей Дзярновіч і Іван Спірын, гэтыя рэчы складаюць больш ранні культурны гарызонт.
Найбольшую каштоўнасць уяўляе сабой рэдкая шпора «каралінгскага тыпу», якая па сваіх марфалагічных прыкметах датуецца X–XI стагоддзямі. Гэты артэфакт выступае выразным маркерам «дружыннай культуры» часоў ранняй Русі і эпохі вікінгаў.
Апублікаваныя фотаматэрыялы з канферэнцыі выклікалі дыскусію ў прафесійным асяроддзі. У тым, што на фотаздымках менавіта фрагменты плінфы, засумняваўся беларускі археолаг Алег Трусаў, спецыяліст па гісторыі манументальнага дойлідства. Археолаг архітэктуры Ігар Чарняўскі звярнуў увагу на тое, што візуальнае падабенства не заўсёды з’яўляецца гарантыяй старажытнасці.
Фрагменты плінфы і іншыя археалагічныя знаходкі з Заслаўя. Фота з сацсетак
У якасці прыкладу ён прывёў гісторыю з уласнага вопыту, калі ў 1980‑я гады падчас пракладкі водаправода ў Слоніме таксама былі знойдзены фрагменты тонкай цэглы. Першапачаткова мясцовыя спецыялісты прынялі яе за плінфу, аднак дэталёвае вывучэнне паказала, што гэта матэрыял другой паловы XVII стагоддзя ад зруйнаванага касцёла Божага Цела. У перыяд ранняга Новага часу, як кажа Чарняўскі, майстры часта выкарыстоўвалі цэглу, якая сваімі прапорцыямі магла нагадваць старажытнарускія ўзоры.
Заслаўе мае надзвычай багаты пласт гісторыі XVII–XVIII стагоддзяў. У гэты час тут актыўна будавалі і перабудоўвалі дамініканскі кляштар, палацава-паркавы ансамбль Пшаздзецкіх з мураванымі флігелямі і брамамі. Абломкі гэтых пазнейшых пабудоў маглі апынуцца ў перамяшаным культурным слоі рынкавай плошчы.
Аднак мяркуючы па прыкладзенай маштабнай лінейцы на прэзентацыйным слайдзе, таўшчыня прадстаўленых фрагментаў складае ўсяго ад 3 да 3,8 сантыметра.
Калі абапірацца на фундаментальнае даследаванне гісторыка старажытнарускай архітэктуры Паўла Рапапорта «Будаўнічая вытворчасць Старажытнай Русі (X–XIII стст.)», такія памеры цалкам адпавядаюць стандартам ХІ—ХІІ стагоддзяў. Рапапорт адзначаў, што таўшчыня плінфы ў старажытнарускіх помніках вагалася ад 2,5 да 5 сантыметраў, прычым фармат меў тэндэнцыю да паступовага змяншэння.
Вырашэннем пытання можа стаць вывучэнне характару глінянай масы і складу будаўнічага раствору, якія мелі сваю спецыфіку ў X–XIII стагоддзях. Мураваныя будынкі Кіеўскай Русі і Полацкага княства ўзводзіліся з выкарыстаннем спецыфічнага раствора, дзе галоўным запаўняльнікам была цамянка, дробна патоўчаная абпаленая гліна або цагляны бой.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.