Мінуў год са смерці мастака-палітвязня Алеся Пушкіна. Распавядаем пра замак у Ліве, недалёка ад Варшавы, дзе захоўваюцца яго работы.
Замак у Ліве
Замак у Ліве быў пабудаваны ў першай палове XV ст. на рацэ Лівец, якая тады служыла натуральнай мяжой між Мазовіяй і Вялікім Княствам Літоўскім, а цяпер раздзяляе рэгіёны Мазовія і Падляшша.
Рака Лівец
Замак паўстаў на загад мазавецкага князя Януша І Старэйшага. Цяпер ля яго стаіць помнік князю, а таксама Боне Сфорца, якая валодала замкам у 1548–1556 гг.
Помнік Ганне Мазавецкай з роду Радзівілаў на падворку замка ў Ліве
На падворку замка — таксама помнік Ганне Мазавецкай з роду Радзівілаў. Яна была маці апошніх князёў Мазовіі, пасля смерці якіх княства ўвайшло ў склад польскай Кароны. Упарадкоўвала замак у Ліве, дзе і памерла ў 1522 г.
Драўляная забудова ў Ліве
Першапачаткова замак стаяў троху наводдаль ад горада. Сёння Ліў хутчэй нагадвае вёску, а замак знаходзіцца ў межах населенага пункта. Туды можна дабрацца аўтобусам, што едзе каля палутара гадзін ад варшаўскага Палаца культуры і навукі. Практычна ў кожным польскім музеі адзін дзень на тыдзень — вольны ўваход. У Ліве такі дзень — серада.
Фасад барочнага палаца замка ў Ліве
Да нашых дзён захавалася замкавая вежа, фрагменты абарончых муроў і падвалы XV ст. У XVIII ст. ля вежы пабудавалі палац у стылі барока. З 1963 г. у абодвух будынках месцяцца экспазіцыі гістарычнага музея.
Карціны Алеся Пушкіна ў барочным палацы замка ў Ліве
Карціна Алеся Пушкіна «Апакаліптычнае бачанне»
Алесь Пушкін прыязджаў у Ліў у 2007 г. на мастацкі пленэр. У замку экспануецца пяць яго карцін: тры ў барочным палацы і дзве — у замкавай вежы.
Карціна Алеся Пушкіна. Арыгінальны подпіс пад творам: «Жоўтая Дама, якую Аляксандр Пушкін, мастак з Беларусі, напісаў з натуры аднойчы апоўначы на замку ў Ліве разам з сарокай-шкодніцай і кублом з трыма пярсцёнкамі. Год гасподні 2007 (пераклад з польскай Алены Ляшкевіч)
Фрагмент карціны Алеся Пушкіна «Жоўтая Дама»
Подпіс Алеся Пушкіна на карціне «Жоўтая Дама»
На большасці твораў мастак выявіў легенду пра Жоўтую Даму — прывід нявінна забітай жанчыны. Вось адзін з варыянтаў гэтай легенды (пераклад з польскай Алены Ляшкевіч):
Карціна Алеся Пушкіна ў экспазіцыі вежы замка ў Ліве
У Ліўскім замку некалі жыла Людвіка Кучынская, народжаная Шуйская, жонка ліўскага кашталяна Марціна Кучынскага. Раўнівы муж абвінаваціў яе ў флірце з маладымі прыдворнымі, хоць яна была ўжо немаладая і не асабліва прыгожая. Калі тры пярсцёнкі з дыяментамі, якія ён падарыў ёй, таямнічым чынам зніклі, яе абвінавацілі ў пералюбе і зачынілі ў вежы, таму што яе муж лічыў, што яна аддала каштоўнасці сваім палюбоўнікам. На наступны дзень на досвітку жонцы кашталяна адсеклі галаву на вялікім валуне ў замкавым двары. Неўзабаве пярсцёнкі знайшлі ў гняздзе сарокі на замкавым муры, што даказала невінаватасць пакаранай. З таго часу яна, Жоўтая Дама, стала з’яўляцца ў двары і ў залах замка, пераконваючы сустрэчных у сваёй невінаватасці. Прывід апрануты ў карычневую сукенку і мае жоўты каўпак з жоўтым вэлюмам, які спускаецца да зямлі — адсюль і яго імя.
Карціна Алеся Пушкіна ў экспазіцыі вежы замка ў Ліве
Фрагмент карціны Алеся Пушкіна ў экспазіцыі вежы замка ў Ліве
Творы Алеся Пушкіна — сапраўдная візітоўка замка ў Ліве. Іх выяўвы ўпрыгожваюць сувеніры, бігборды, кнігі. Даведаўшыся пра смерць мастака, супрацоўнікі музея змясцілі на старонцы замка ў «Фэйсбуку» допіс (пераклад з польскай Алены Ляшкевіч):
З жалем паведамляем, што ў ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года ў Гродне памёр беларускі дзеяч, мастак і перформер Алесь Пушкін. У замкавай сядзібе, каля лесвіцы, што вядзе на першы паверх, — карціна аўтарства Пушкіна пад назвай «Апакаліптычнае бачанне». У 2007 г. мастак наведаў Ліўскі замак падчас пленэру, галоўнай тэмай якога былі легенды.
Кафля ў экспазіцыі замка ў Ліве
Акрамя карцін Алеся Пушкіна ў экспазіцыі замка ў Ліве можна пабачыць партрэт Тадэвуша Касцюшкі пэндзля невядомага мастака, карціну «Бітва пад Грунвальдам паводле Бучака, альбо Уваходжанне Польшчы ў Еўрасаюз», на якой мастак Кшыштаф Бучак пераасэнсоўвае палатно Яна Матэйкі, а таксама кафлю, зброю і нават арыгінальны пояс накшталт слуцкага, вытканы, як пазначана, у XVIII ст. «у Польшчы».
Неагатычны касцёл святога Леанарда пач. ХХ ст. у Ліве
Варта таксама прагуляцца па Ліве: тут цікавая драўляная архітэктура, шмат прыдарожных каплічак, помнік паўстанцам 1831 г., неагатычны касцёл святога Леанарда пач. ХХ ст.
Драўляная архітэктура Ліва
Палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 г. у гарадзенскім шпіталі, куды яго даставілі ў цяжкім стане з турмы.
Драўляная архітэктура Ліва
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org