Калі напрыканцы лета ў кожнага беларуса дома быў кабачок, то зараз час гарбузоў. Маеце гарбуз? Можна прыгатаваць з яго шэраг смачных традыцыйных страваў. Самая распаўсюджаная і простая — гарбузовая каша з просам. Гатуем разам смачны і карысны сняданак для ўсёй сям’і.
Падарожжа гарбуза з Амерыкі ў ВКЛ
Навукоўцы дасюль не прыйшлі да адзінага меркавання, калі людзі пачалі вырошчваць гарбуз і дзе ж яго сапраўдная Радзіма. Большасць навукоўцаў схіляецца да таго, што гарбуз пачалі вырошчваць яшчэ 5 тысяч год таму ў Паўночнай Амерыцы. Адпаведна, у Еўропе гэтая гародніна з’явілася пасля экспедыцыі Хрыстафора Калумба ў тую ж Паўночную Амерыку. Да беларускіх земляў гарбуз дабраўся з дапамогай прадпрымальных гандляроў напрыканцы ХV — пачатку ХVІ стагоддзяў. Гарбуз выкарыстоўвалі не толькі ў ежу, з сушанай гародніны рабілі посуд і адмысловыя бачонкі для віна, вады ці для пасолу агуркоў і капусты.
Гарбуз лічыўся карысным для здароўя?
Яшчэ з гарбузоў ціснулі сок, здабывалі семкі, рабілі алей — гэта ўсё лічылася эфектыўнымі лекамі. Алей жа быў вельмі дарагім і дазволіць яго маглі сабе толькі заможныя людзі, яго выкарыстоўвалі толькі для запраўкі страваў. У народзе лічылася, што той, хто ўжывае алей з гарбуза рэгулярна, то доўгі час застаецца маладым, здаровым і будзе доўга жыць.
Жанчыны ўжывалі яго для пахудзення, а гарбузовую мякіну — для касметычных працэдураў. Сучасныя медыкі зазначаюць, што сапраўды стравы з гарбуза пазітыўна ўплываюць на абмен рэчываў і ўмацоўваюць імунітэт.
Чаму дзяцей параўноўвалі з гарбузікамі?
Гарбуз заняў сваё пачэснае месца не толькі як страва, лек ці посуд, але яшчэ і як элемент фальклору. Існуе безліч прыказак і прымавак, дзе ўзгадваецца гарбуз. У асноўным з гарбузамі параўновалі здаровых і сытых дзяцей, згодна са «Слоўнікам беларускіх народных параўнанняў»: «Адзін радзіўся Юзік, і той — як гарбузік». Або пажаданне на вяселле: «Дару гузікі, каб дзеці былі, як гарбузікі».
Як прыгатаваць кашу з гарбуза і проса?
Гарбуз трэба парэзаць на адвольныя кавалкі і выдаліць з іх мякіну з семкамі. Семкі можна выдаліць з мякіны — яны смачныя і карысныя. Затым зрэзаць з кавалкаў гарбуза лупіны. Парэзаць гарбуз кубікамі і выкласці ў рондаль з невялікай колькасцю вады, можна крыху прысаліць. Варыць памешваючы каля 30 хвілін: вы заўважыце, калі гарбуз стане пераўтварацца ў пюрэ.
Адначасова трэба зварыць амаль да гатоўнасці проса. Перад варкай крупу абавязкова добра прамыйце. Вады трэба наліваць так, каб яе ўзровень быў прыкладна на сантыметр вышэй за крупу. Варыць 15–20 хвілін на малым агні, часам можна памешваць.
Семкі нам могуць спатрэбіцца, каб крыху ўпрыгожыць страву. Іх трэба дастаць з гарбузовай мякіны, выкласці ў посуд і паставіць у духоўку на паўтары гадзіны, тэмпературу лепш трымаць каля 70 градусаў, час ад часу перамешваючы семкі. Высушаныя семкі ачысціць ад лушпінаў і пры падачы на стол упрыгожыць імі кашу.
Калі гарбуз зварыўся, то яго можна крыху пратаўчы, дадаць малака, кавалак масла і потым дадаваць прасяную кашу. Кашу з кавуном перамяшаць да аднароднай масы і праварыць яшчэ некалькі хвілін. Потым кашу можна накрыць накрыўкай і даць ёй пастаяць хвілін 20–30. Перад падачай страву можна прысыпаць цукровай пудрай (яна не хрумсціць на зубах, як цукар) і ўпрыгожыць семкамі.
Смачна есці!
Нам спатрэбяцца на 4 порцыі кашы:
Гарбуз — 500 грамаў
Проса — 200 грамаў
Малако — 150 мілілітраў
Масла — 40 грамаў
Цукар і соль — па смаку
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.