Як у Музеі народнай архітэктуры і побыту «Ката пяклі» (шмат фота)

26 кастрычніка у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту кожны жадаючы наведвальнік змог патанцаваць беларускія народныя танцы і паўдзельнічаць у шэрагу традыцыйных гульняў, у тым ліку і «Ката Пячы», падзяліўся музей на сваёй старонцы ў Facebook.




Самыя актыўныя змаглі прадэгуставаць булачку ў выглядзе катка.





Мерапрыемства было арганізавана сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур 🍁


Фота: старонка музея

Ігрышча «Ката пячы» праводзіцца звычайна напярэдадні перадкаляднага посту.

Жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца ў адной хаце на вясёлую гулянку ўскладчыну, асноўная падзея якой — абрадавая гульня.

Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры «ката» са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой: галава «ката» аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы.

Такога «ката» ўрачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі.

Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць. Дзеля гэтага кожны па чарзе «едзе» на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку.

Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.).

Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго «ката» дзеляць паміж усімі прысутнымі.

Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але на гульні ды забавы.