13 студзеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць” гурт “Vuraj” і Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі выступілі ў Гродна са спектаклем “Казкі пра Казу і Пятра” для сем’яў і іх дзетак, а таксама для дзетак з асаблівасцямі з хоспісу.
Распавядае аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр Андрэй Саўчанка: ” Гурт “Vuraj” і Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі атрымалі незвычайны, надзвычайны вопыт. Спачатку атрымалі запрашэнне ад аўтара “Казкі пра Казу і Пятра” Ігара Кузьмініча прыехаць са сваім калядным спектаклем у Гародню. А пасьля апынуліся ў сапраўднай лютэранскай кірсе на вуліцы Акадэмічнай, 7а. Будынак 1783 года мае вельмі цікавую гісторыю, напачатку свайго існавання быў карчмой, некалі падараванай нямецкім рамеснікам-пратэстантам, і з цягам часу перабудаванай у храм. Адчуванні былі складаныя і цікавыя. Мы пачалі падрыхтоўку і рэпетыцыю, акустыка прапанавала шукаць спецыфічнае гучанне галасоў. Калі зала пачала напаўняцца людзьмі, сярод якіх былі дзеці з асаблівасьцямі, пераадолеўшы першае хваляванне і запаліўшы шмат свечак, каб стварыць адпаведную атмасферу і дадатковае асьвятленне, Пятро запрасіў дзетак разам скласьці Калядную Зорку, загучалі гукі Колавай ліры і Казка пачалася. Дзеткі, а за імі і бацькі, ўключаліся ў ход падзей ды інтэрактыўныя гульні, і прастора кірхі напаўнялася то старажытным традыцыйным спевам, то снегам, то імправізаваным карагодам. А яшчэ было сапраўднае адчуванне святочнага вечара, Шчодрыка і Старога Новага году. Дзякуй усім, хто быў разам з намі.”
Свята адбылося ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, акцыі “500-годнасць” і пры дапамозе Гарадзенскага дзіцячага хоспісу. Падчас конкурсаў на тэму святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання музыкі гурта “Vuraj” уручылі пераможцам падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – паштоўкі, плакаты “500-годнасць”.