Чаму князь Кейстут пашкадаваў Ягайлу і як за гэта паплаціўся

Чаму князь Кейстут скінуў свайго пляменніка Ягайлу? Што стала з маладым князем? Ці быў у гэтым замешаны князь Вітаўт? Ці падтрымалі гэтае рашэнне іншыя князі-Альгердавічы? Якое дачыненне мела Масковія да гэтай палітычнай сітуацыі? Ці змог Кейстут замірыцца з крыжакамі? На пытанні адказвае гісторык Алесь Краўцэвіч.


1.png

Кейстут скінуўшы Ягайлу, абышоўся з ім не так, як даўней з братам Яўнутам пасля перавароту 1345 г. Ягайла, хоць спачатку ўзяты пад варту, не быў кінуты ў вязніцу, а застаўся на волі ў высокім статусе ўдзельнага князя. Кейстут, узяўшы ад пляменніка васальную прысягу вернасці, адпусціў Ягайлу разам блізкімі, як запісана ў летапісе «со матирию и со братию, и со скарбом и со всим его». Ягайла разам з маці адправіўся ў суправаджэнні Вітаўта праз Крэва ў Віцебск. Скінуты з вялікакняскага стала, Ягайла Альгердавіч захаваў родавыя ўладанні, як засведчыў пазней Вітаўт — «землі, што належалі ягонаму бацьку».

Гэтае рашэнне, несумненна прынятае пад уплывам сына Вітаўта, які працягваў лічыць Ягайлу блізкім сябрам, стала ракавой палітычнай памылкай Кейстута. За пяць гадоў вялікакняжання малады Ягайла пасталеў не толькі як мужчына, але і як палітык, чаму нямала паспрыяў сам Кейстут, «прыязджаўшы на рады як пры Альгердзе». Пяць гадоў на вялікакняскай пасадзе — не такі малы тэрмін, прынамсі дастатковы, каб абрасці новымі сувязямі і кліентамі. Да таго ж Ягайла быў Гедымінавіч, сын Альгерда, афіцыйны ягоны спадкаемца, таму ў вачах сучаснікаў меў усе правы на трон. Самае важнае, Ягайлу падтрымлівалі некалькі моцных удзельных князёў, менавіта, поўнародныя браты (дзеці з другога шлюбу Альгерда), якія пры жыцці бацькі не мелі ўласных удзелаў, а атрымалі іх ад Ягайлы. Як напісаў сучасны гісторык, стары князь не дацаніў рашучасці Ягайлы і салідарнасці малодшых Альгердавічаў.

Гаспадаранне Кейстута працягвалася менш года — ад пачатку лістапада 1381 г. да ліпеня 1382 г. За гэты час князі-эмігранты Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, выгнаныя Ягайлам, вярнуліся на свае ранейшыя ўдзелы ў Полацк і Бранск.

У знешняй палітыцы стары князь галоўную ўвагу скіраваў на найбольш небяспечны заходні кірунак, менавіта на абарону краіны ад Ордэнскай дзяржавы, у чым меў вялікі досвед. Ужываў разнастайную тактыку, перахопліваў стратэгічную ініцыятыву: правёў некалькі паходаў у Прусы, у тым ліку на ладдзях, арганізоўваў абарону Літвы і Жамойці, вёў перамовы з вялікім маршалам і г.д.

Паводле даўняга правіла пазбягання вайны на два фронты, дзеля забеспячэння спакою на ўсходзе заключыў кампрамісную дамову з Масквой. Тэкст яе не захаваўся, але пра сутнасць сведчыць згадка ў нашмат пазнейшай дамове пра вечны мір паміж Казімірам Ягайлавічам і Васілём Цёмным 31 жніўня 1449 г. Кампраміс быў у тым, што Кейстут адмовіўся на карысць Масквы ад большай часткі Ржэўскай зямлі з горадам Ржэвам у вярхоўях Волгі, але затрымаў стратэгічна важную ржэўскую воласць Асуга , якая лучыла землі ВКЛ з саюзным Цвярскім княствам. Гэты ўчастак ліцвінска-цверскай мяжы заставаўся стабільным больш стагоддзя.

Для Масквы дамова была значным дыпламатычным поспехам, бо пасля цяжкай перамогі над татарамі ў Кулікоўскай бітве 1380 г., яна яшчэ не аднавіла страты, у тым ліку сярод прафесійнага дружыннага войска. Верагодна, дамова была заключана яшчэ да пагрому Масквы Тахтамышам у жніўні 1382 г. Бо пасля такой паразы ад татараў маскоўскі князь наўрад ці мог бы разлічваць на саступкі з боку Літвы.

Пра вайну Ордэна з Літвой у час гаспадарання Кейстута вядома ў асноўным з хронікі Віганда з Марбурга, які таксама ў дэталях апісвае ход барацьбы між Кейстутам і Ягайлам. За першыя чатыры месяцы 1382 г. Кейстут правёў два буйныя паходы ў Прусію. У сярэдзіне красавіка яго дружына сеўшы на ладдзі, загрузіўшы яшчэ абложныя машыны паплыла па Нёману да замка Юрборг у Жамойці. Пасля непрацяглай аблогі на месца прыбыў вялікі маршал і правёў з Кейстутам перамовы аб перамір’і. У навуковай гістарыяграфіі выказвалася меркаванне, што ўвесь паход быў Кейстутам задуманы з намерам схіліць ордэнскае кіраўніцтва да перамір’я. Вялікі князь збіраўся ў паход на процілеглы край дзяржавы да Севершчыны і хацеў забяспечыць тыл. Ён яшчэ не ведаў, што ягоны паход на ўсход — адмысловая пастка, прыгатаваная змоўшчыкамі на чале з Ягайлам.

Чытайце яшчэ:

Беларусь як спрадвеку марская дзяржава