Аматараў беларускамоўнай музыкі 26 ліпеня сабраў гарадзенскі бар “City”. На ім выступілі гурты “Социум” і “ИГО” з Гродна, а таксама ВіскіДжэм з Менску.
“Кропка(By)Фэст” – фестываль, які накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы праз музыку.
Арганізатар Мікалай Скрабец запрашае вядомыя і не вельмі гурты з Гродна і іншых гарадоў, у рэпертуары якіх ёсць песні на беларускай мове.
Гурт “Социум” быў заснаваны ў 2004 годзе. Свой стыль яны называюць арт-металам. Выконваюць песні на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах. Хутка гурт абяцае выпусціць новы альбом.
“ИГО” выступаюць ужо шэсць гадоў. Граюць у стылі хард-рок і метал з элементамі фолку. Зараз займаюцца запісам першага альбому.
Гурт “ВіскіДжэм” мае дастаткова нетыповы склад: гітарыст і бубнач-вакаліст. Хлопцы называюць свой стыль “трэш-блюзам” і граюць паўднёва-амерыканскі блюз-рок. Як яны самі кажуць: “Блюз – гэта калi добраму чалавеку дрэнна, а трэш-блюз – калi яму дрэнна, але сёння ўвечары гэта скончыцца.”
Нагадаем, што першы канцэрт з цыклу прайшоў у маі і сабраў больш за сто чалавек. Гэтым разам на канцэрт прыйшло каля трыццаці наведвальнікаў. Арганізатар канцэрту Мікалай Скрабец тлумачыць гэта тым, што ўсе раз’ехаліся на адпачынак. Яшчэ адной прычынай называе адсутнасць хэдлайнера.
– Людзі скардзяцца, што ўсё тухла і няма канцэртаў, а калі канцэрты ёсць, яны не прыходзяць, – кажа ён.
Наступны канцэрт з серыі “Кропка(By)Фэст” пройдзе ў верасні. Арганізатар пакуль сакрэтаў не раскрывае.
Алена Кавальчук, Твой стыль