Хрысціна Дарапей: «Гэтая гаротнасць, гэтыя няшчасныя сяляне ў лапцях у школьнай праграме мяне таксама вельмі раздражнялі»

Актывістка Беларускага аб’яднання ў Германіі Razam, арт-менеджарка Хрысціна Дарапей — пра выбар літаратурных твораў для выкладання, які, на яе погляд, з’яўляецца часткай прапаганды.

Chryscina Darapiej
Хрысціна Дарапей

— Мне здаецца, складанне праграмы па беларускай літаратуры было таксама часткай дзяржаўнай прапаганды, дзяржаўнай працы па знішчэнні менавіта цікавасці да беларушчыны, — выказала меркаванне Хрысціна Дарапей на Еўрарадыё. — Ад таго, што ты ўкладаеш у школьную праграму, таксама залежыць і твая карціна беларускага свету, і карціна беларуса ў гісторыі.

Тэкст паводле відэа запісала «Салідарнасць».

Адпаведна, гэтая гаротнасць, гэтыя няшчасныя сяляне ў лапцях мяне таксама вельмі раздражнялі. Бо ў нас ёсць шмат іншай літаратуры з абсалютна рознымі акцэнтамі і перспектывамі. І тое, што яе не было ці няма ў школьнай праграме, гэта таксама частка прапаганды.

Актывістка выказала і сваё меркаванне наконт падзей 2020 года, якія, лічыць яна, цалкам адпавядалі беларускаму менталітэту і, нягледзячы на паразу, паказалі вельмі значны вынік.

— Беларусы ў 2020 годзе, калі мы пачытаем гісторыю, далёка не ўпершыню паднялі сваю галаву. Беларусы бунтавалі перманентна. Проста праз тое, што нашы супраціўнікі былі ў 10 ці 20 разоў мацнейшыя за нас, яны часта прайгравалі.

Аднак беларусы ніколі не апускалі рук, заўжды быў супраціў у розных формах — у актыўным узброеным чыне, у культурніцкай барацьбе, у партызанскай барацьбе, проста ў гэтай схаванай дулі ў кішэні. Але беларусы казалі «не, мы нязгодныя» даволі часта і ў розных формах.

На мой погляд, 2020 год зрабіў вельмі важную справу. Ён разбурыў гэта ўяўленне пра кансэнсус у грамадстве. Таму што ў 2010 годзе ў нас яшчэ былі пратэсты, а ў 2015, спалохаўшыся таго, што Расія можа адцапаць кавалак ад нашай рэспублікі таксама, як яна адцапала яго ад Украіны, пратэсту фактычна не было.

І існаваў нейкі кансэнсус, што ёсць вось гэта невялічкая частка прагрэсіўнага грамадства, якая супраць, а ўсім астатнім і так ОК.

І вось 2020 год паказаў, што насамрэч не, што гэта таксама была частка дыскусу, які быў выгадны ўладам, паказваць, што людзям нібыта акей, што яны задаволены тым статус-кво, які існуе, і тое, што ты хочаш штосьці змяняць, нічога не значыць, таму што цябе ніхто не падтрымае.

А 2020 год разбурыў гэты кансэнсус, ён паказаў, што абсалютная большасць людзей з табою згодныя, што яны таксама нязгодныя з тым, што адбываецца з краінай.

Беларусы нязгодныя паміж сабой па розных іншых пытаннях, але вось гэта агульная згода пра тое, што Беларусь мусіць быць вольнай і дэмакратычнай, стала зразумелай і ўсеагульнай толькі ў 2020 годзе, калі раптам мільёны вышлі на вуліцы і зразумелі: «Ваў! Выходзіць, я не адзін/не адна».

Дарапей разважае пра тое, што зараз адбываецца ў краіне і з надзеяй выказваецца пра яе будучыню.

— Зараз у межах Беларусі стварыўся страх паказваць сваю зацікаўленасць беларускім наратывам. Гэта зразумела, бо ўсё беларускае фактычна супрацьстаіць дыктатарскаму.

Гэтыя словы не ёсць натуральнымі сінонімамі, але ў нашым канкрэтным кантэксце беларускаарыентавае роўна дэмакратычнае. Так ужо склалася.

Мне здаецца, для генерацый, для пакаленняў, якія бралі ўдзел у пратэсце, пасту назад у цюбік ужо не запхнуць, то-бок яны бачылі, што адбылося, бачылі колькасць людзей, бачылі моц рэпрэсій, якія адбыліся пасля, вайну, якая адбылася пасля паразкі нашай рэвалюцыі.

Адпаведна, для іх нічога не будзе як раней. Іншае пытанне, колькі яшчэ пратрымаецца рэжым у Беларусі. Напрыклад, я вырасла цалкам пры Лукашэнку.

І вось калі адбудзецца самы песімістычны сцэнар і сапраўды вырасце пакаленне ўжо ў рэпрэсіўнай краіне, без зымітаванай лібералізацыі, то гэта, канешне, будзе зусім іншае пакаленне.

Але я хачу верыць, што гэтае пакаленне максімум у дзіцячы садок сходзіць, а ўжо ў школу яно пойдзе ў вольнай Беларусі, — кажа актывістка.