Тарас Тарналіцкі пра дакументальную стужку Сяргея Ісакава “Хто апошні?”
“У СССР інвалідаў няма”. Заходняя прэса дзесяцігоддзямі шчыра дапытвалася, як і чым жыве шматнацыянальнае насельніцтва грознай чырвонай імперыі. Але заўжды атрымлівала ад яе кіраўніцтва прыблізна адзін і той жа адказ. Гэтая цынічная хлусня была патрэбная прапагандыстам у якасці інфармацыйнай зброі. Трэба ж было ўпэўніць увесь астатні свет, што савецкі чалавек – бездакорны вянец эвалюцыі, якому мора па калена. Яшчэ адзін юбермэнш, пра якога згадваў Фрыдрых Ніцшэ ў кнізе “Так казаў Заратустра”, толькі са сфармаванымі ў галаве ідэаламі марксізму-ленінізму. А тым часам людзей з фізічнымі і асабліва псіханеўралагічнымі пытаннямі старанна хавалі ад іншага грамадства: трымалі ў спецінтэрнатах, насільна лекавалі і стараліся ніколі пра іх публічна не казаць. Інваліды доўгі час былі выкрасленыя з нашага жыцця, і такому стаўленню немагчыма знайсці ніякага прабачэння.
Аптымісты любяць казаць, што час – найлепшы доктар. Маўляў, калі-небудзь і беларусы ўсвядомяць, што да непадобнасці іншых трэба ставіцца проста і звычайна, як і да іншых з’яваў жыцця. Але гады ідуць, а ўспрыманне людзей з інваліднасцю ўсё яшчэ цяжка даецца як на грамадскім узроўні, так і на дзяржаўным. Мы ніяк не можам развітацца з назапашаным савецкім досведам і абіраем шлях ігнаравання праблемы, а не яе асэнсавання і вырашэння сумеснымі высілкамі.
“Сабака Руды”. Яны змагаліся за “Оскар”
Усё, што застаецца ў такіх абставінах, – прадзірацца скрозь калектыўную холаднасць і абыякавасць, як ледакол скрозь ільдзіны. У гэтым напрамку працуюць прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый, валанцёры, сацыяльныя медыі, а на мастацкім узроўні – кінематаграфісты. Найбольшага ўплыву змаглі дамагчыся дакументалісты: Галіна Адамовіч, Андрэй Куціла, Раман Раманаў, Кацярына Махава, Кацярына Маркавец і інш. Усе яны пакрысе глыбока распрацавалі тэму існавання “непадобных” у нашым не вельмі камфортным соцыуме, раскрыўшы іх унутраны сусвет для ўсіх, хто жадае яго пабачыць і зразумець.
Стужка Сяргея Ісакава “Хто апошні?” арганічна дапаўняе ўжо сфармаваны кінакантэкст, апавядаючы пра практыку існавання сямейнага інклюзіўнага тэатра “І”. У ім па спецыяльнай праграме займаюцца як простыя дзеці, так і дзеці з аўтычным разладам. Яны вучацца развіваць маўленне, не баяцца выступаць на сцэне, граць у спектаклях і спяваць песні. Тэатральная пластыка раскрывае іх творчы патэнцыял і дапамагае ім самім і людзям у зале знайсці неабходнае паразуменне.
Успрыманне аўтызму аўтары спрабуюць разглядаць праз прызму чатырох асоб – хлопчыкаў Максіма, Кастуся і Мішы і дзяўчынкі Улады. Усе яны па-свойму таленавітыя дзеці: Кастусь добра грае як актор, і яму даюць галоўную ролю ў спектаклі. Ён жа напісаў казку “Хто апошні?”, якая і стала лейтматывам стужкі. Максім прыгожа малюе, яго працы робяцца дэкарацыямі будучай п’есы. Міша адкрывае схаваны талент яркага спевака, а Улада знаходзіць сілы перастаць баяцца вялікага натоўпу людзей. Магія мастацтва і праца псіхолагаў ператварае іх у сапраўдных герояў, якія крок за крокам змагаюцца за сваё шчасце, робяцца больш адкрытымі да іншых і шчырымі на эмоцыі.
Заўтра. Мазырская аповесць
Праблема ў тым, што гэты цудоўныя рэчы “Хто апошні?” у большай ступені не паказвае, а менавіта расказвае. З экрана льюцца маналогі: мастацкага кіраўніка школы, выкладчыкаў і псіхолагаў. За амаль бясконцым патокам словаў губляюцца характары дзейных асоб, яны адступаюць на другі план, губляюць вастрыню і выразнасць. Абраны аўтарамі тэлевізійны фармат аповеду зразумелы – так значна прасцей было паглыбіцца ў гісторыю і пачаць больш суперажываць дзецям. Але такі падыход выходзіць фільму толькі бокам. Рэжысёр уласнаручна выбудоўвае мур паміж сабой і сваімі героямі, наладжваючы з імі кантакт толькі праз пасярэднікаў-дарослых. Гэта яскрава выкрывае праца аператара, які здымае быт дзяцей з пэўнай дыстанцыі, агульнымі ці сярэднімі планамі, не асмельваючыся наблізіцца да іх бліжэй. І гэта дае свой плён. Аўтарская адстароненасць дазваляе схапіць ідэйны мэсідж стужкі, але на эмацыйным узроўні нічога не атрымліваецца. Тут працуе відавочная маніпуляцыя, калі сумная інструментальная мелодыя павінная размякчыць жорсткае сэрца гледача.
Чаму нельга было зрабіць інакш, наўпрост кантактуючы з дзецьмі, не вельмі зразумела. Магчыма, у Ісакава не было часу на такую скрупулёзную працу, які, напрыклад, быў у Кацярыны Махавай, калі яна здымала “Няхай жыве Маленькі прынц”. Стужка распавядае пра іншы інклюзіўны тэатр, удзельнікі якога рэпетуюць пастаноўку знакамітай казкі Экзюперы. У Махавай на экране паказанае рэальнае жыццё, бо камера і аўтар тут не дамінуюць, пра іх забылі. Яны толькі назіраюць, што дае больш свабоды героям, шырэйшае успрыняцце візуальнай гісторыі. На жаль, “Хто апошні?” гэтага пазбаўлены.
Тарас Тарналіцкі