Чаму рэгіянальныя эліты больш устойлівыя, чым нацыянальныя
Я паслядоўны праціўнік спрошчанага разумення, што беларуская сістэма маналітная. Натуральна, што ёсць сферы больш аўтаномныя, менш аўтаномныя, і рэгіёны акурат з’яўляецца тым узроўнем, дзе існуе адносная самастойнасць. Ёсць усе падставы казаць пра наяўнасць рэгіянальных эліт, якія вырашаюць, ці прынамсі значна ўплываюць, на мясцовую палітыку і гэтае кола людзей дастаткова стабільнае.
Напрыклад, асобы прызначэнняў на вядучыя пасады ў выканкам звычайна маюць досвед працы ў тым жа самым рэгіёне ці нават усю кар’еру зрабілі там. Тое самае можна казаць пра дэпутатаў абласных саветаў.
Часам у медыях сцвярджаецца, што чыноўнікаў пастаянна перакідваюць з рэгіёна ў рэгіён. Гэта працуе ў выпадку раёнаў, але насамрэч пераводы паміж абласцямі нешматлікія. Апроч хіба Гарадзенскай вобласці, куды на значныя кіруючыя пасады сапраўды часам пераводзілі “знешніх” людзей.
Астатнія вобласці фактычна маюць уласную кадравую сістэму.
Калі ж апусціцца на ўзровень раёнаў, то сітуацыя вельмі неаднародная. Можна бачыць раёны і гарады з дастаткова моцнай уласнай элітай. Фіксуецца гэта, акрамя іншага, праз прадстаўніцтва ў абласных саветах і парламенце. У некаторых раёнах дэпутатамі становяцца людзі, якіх накіроўваюць з абласных гарадоў ці нават Мінску, у іншых выключна мясцовыя.
Устойлівасць рэгіянальных эліт вызначаецца ў значнай ступені абмежаванасцю кадравага патэнцыялу. У выніку, правесці значныя перастаноўкі ў міністэрстве прасцей, чым у раёне ці невялікім горадзе. Бо на месцы замены можа не быць, а кадры цэнтра не вельмі матываваныя пераязджаць у правінцыю. Іх, натуральна, можна прымусіць пераехаць, але прасцей прыняць як ёсць мясцовую кадравую аўтаномію.
Хто ўваходзіць у рэгіянальныя эліты
Выканкам – гэта бясспрэчная аснова ўсёй сістэмы. У прынцыпе старшыні выканкамаў і іх намеснікі гэта цэнтральныя фігуры ў сваіх рэгіёнах, якія прымаюць важныя мясцовыя рашэнні. Па старой памяці некаторыя з іх не толькі прадпрыемствы ці мясцовыя саветы дэпутатаў лічаць падпарадкаванымі выканкаму, але нават мясцовыя суды. Таксама да эліты можна далучыў кіраўнікоў аддзелаў у выканкаме.
Старшыняў абласных выканаўчых камітэтаў варта інтэрпрэтаваць як палітыкаў нацыянальнага ўзроўню.
Па сваім магчымасцям (у тым ліку па пераразмеркаванні рэсурсаў), і ўплыву яны пераўзыходзяць большасць міністраў.
Акрамя гэтага да мясцовых эліт я б аднёс старшыняў і намеснікаў старшыняў мясцовых саветаў, хаця гэта спрэчнае пытанне. У большасці выпадкаў гэта людзі, якія раней працавалі ў выканкамах і на нейкім этапе кар’еры былі “накіраваныя” арганізоўваюць працу мясцовых саветаў.
Яшчэ адзін істотны складнік рэгіянальных элітаў – кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый (адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная сфера). Іх значэнне і ўплыў вызначаюць тры фактары:
- колькасць працаўнікоў (значэнне для сацыяльная стабільнасці),
- памеры адлічэнняў у бюджэт,
- наяўнасць прамых сувязяў ці падтрымкі з выканаўчымі структурамі вышэйшага ўзроўню.
Цікава, што за апошнія гады 10-15 год можна назіраць кардынальнае зніжэнне палітычнага значэння сельскагаспадарчага сектару на абласным і нацыянальным узроўні. Калі раней дырэктары калгасаў часта прасоўваліся на кіруючыя пасады ў выканкамах, былі добра прадстаўлены ў абласных саветах і парламенце, то цяпер гэта група знаходзіцца на перыферыі.
За апошні гады крыху ўзрасло значэнне прыватнага сектару.
Гэта можна бачыць па асобныя прызначэнням у выканкамы і складзе саветаў. Але з вытворчага сектару найбольшы ўплыў застаецца за кіраўнікамі дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў.
Чаму нязначнасць Мясцовых саветаў — гэта міф
Ёсць два асноўныя падыходы да ацэнкі ўплывовасці органа.
Першы — аналізаваць паўнамоцтвы якімі валодае/выкарыстоўвае орган. І большасць аналітыкаў пры разглядзе мясцовых саветаў, сыходзяць менавіта з гэтага. Па беларускім заканадаўству паўнамоцтвы мясцовых саветаў абмежаваныя, а ў рэальнасці яны не выкарыстоўваць і паловы сваіх фармальных паўнамоцтваў.
Другі падыход – ацэньваць уплыў таго ці іншага органа ці інстытуцыі сыходзячы з яго складу. Напрыклад у горадзе можа працаваць клуб, які не мае ніякіх фармальных паўнамоцтваў. Там проста збіраюцца асобы, якія прымаюць рашэнні на мясцовым узроўні.
Сама па сабе такую пляцоўку можна разглядаць як інстытут важны для прыняцця мясцовых рашэнняў.
Там праходзяць абмеркаванні, выпрацоўваюцца кампрамісы.
Пра саветы мае сэнс казаць менавіта ў такім кантэксце. Як орган, з пункту гледжання сваіх фармальных паўнамоцтваў, яны маюць няшмат уплыву, але там усё ж засядаюць няпростыя людзі.
Гэта не савецкія часы, калі ў саветах маглі быць даяркі, настаўнікі і кіроўцы.
Сённяшнія саветы складаюцца з людзей, якіх збольшага можна аднесці да эліты рэгіёну, якія ўплываць на мясцовыя рашэнні. У гэтым значэнне і ўплыў мясцовых саветаў. Яны забяспечваюць камунікацыю рэгіянальных элітаў і прадстаўляюць пляцоўку для агучвання і лабіравання інтарэсаў.
Склад абласных саветаў звычайна дастаткова рэпрэзентатыўны з пункту гледжання мясцовых уплываў. То бок там абавязкова будуць прадстаўленыя выканаўчая вертыкаль (звычайна ўзроўню кіраўнікоў аддзелаў), важныя прадпрыемствы і арганізацыі рэгіёну (звычайна кіраўнікі). Да іх дадаюцца адзінкавыя прадстаўнікі прадзяржаўных НДА, прыватнага бізнесу і г.д.
Як выглядаюць рэгіянальныя эліты
Канешне, гэтая сістэма далёкая ад ідэалаў менеджменту і мерытакратыі. Але тым не менш, беларускія рэгіянальныя кіраўнікі — гэта збольшага падрыхтаваныя людзі. Можна чуць розныя ацэнкі, але кіраўнікі выканкамаў у сярэднім маюць кампетэнцыі і адміністратыўны досвед.
Часам наракаюць, што для іх характэрны вузкі кругагляд і адсутнасць добрай адукацыі.
Але нельга сказаць, што Беларусь тут выключэнне.
У многіх развітых краінах кіруючыя (палітычныя) рэгіянальныя пасады займаюць людзі са “звычайным” досведам і адукацыяй, а часам і без такога досведу і адукацыі.
Хаця асобныя тэндэнцыі могуць быць падставай для роздуму. Напрыклад, калі ўзяць пад увагу адукацыю ўсіх кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў абласных выканаўчых камітэтаў, якія займалі свае пасады з 1994 па 2015 гады (усяго больш 200 чалавек), то абсалютным лідарам сярод ВНУ першай адукацыі будзе Сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках (33 чалавекі).
Пры гэтым “флагман” беларускай адукацыі навукі БДУ, з усімі яго факультэтамі і колькасцю студэнтаў, мае выключна маргінальнае значэнне, вельмі далёкае ад статусу “кузні кадраў” (толькі 5 чалавек).
Калі працягнуць тэму складу, то можна крыху сказаць пра ўзрост. Збольшага на кіруючых пасадах у выканкамах назіраецца ратацыя кадраў, найбольш распаўсюджаны ўзрост 50-55 год, часам можна назіраць пэўнае сталенне кіруючых кадраў, але пасля гэтага можа ісці іх значнае амаладжэнне.
Вось, напрыклад, як выглядае сярэдні ўзрост вышэйшага кіраўніцтва Гомельская вобласці з 1994 года. Ён вагаўся ў дыяпазоне 44-55 год, найвышэйшы ўзрост прыпадае на 2008 год, пры гэтым прынамсі двойчы – 2004, 2014 – адбывалася заўважнае амаладжэнне.
Гендэрны склад падпарадкаваны вядомаму прынцыпу.
Чым больш адказная пасада, чым больш сітаў трэба прайсці, тым менш жанчын.
Прыкладаў жанчын на пасадзе старшыні абласных выканкамаў няма, на пасадах іх намеснікаў адзінкавыя.
Цікава, што нават на ўзроўні мясцовых саветаў гэты прынцып працуе. Калі па вынікам выбараў 2014 года ў сельскіх саветах жанчын нават большасць (51,6%), то чым вышэй савет, тым меншае жаночае прадстаўніцтва (гарадскія і пасялковыя 40-42%, раённыя 32,4%, гарады абласнога падпарадкавання 28,3%).
У абласных саветах ніколі не выконваўся нефармальны “нарматыў” 30%, па вынікам выбараў 2014 года доля жанчын склала 19,7%. Гэты тым больш дзіўна, бо доля жанчын у парламенце, як прадстаўнічым органе нацыянальнага ўзроўню, складае 34,5%.
Рэгіянальныя і тым больш выканаўчыя рэгіянальныя эліты гэта ўсё ж мужчынскі свет.