У сучасным свеце, разам са з’яўленнем інструментаў для масавага распаўсюду інфармацыі, павялічылася і яе роля падчас супрацьстаянняў і наўпроставых баявых дзеянняў. Асабліва вырас кошт яе не кароткатэрміновага, але працяглага ўплыву на сэрцы і розум народаў і супольнасцей па ўсім свеце.
Вайна — гэта ў першую чаргу выпрабаванне трываласці эканомікі і здатнасці прыцягваць капіталы на ўзбраенне і падтрыманне лагістычнай інфраструктуры, жыццезабеспячэння ва ўмовах сталых разбурэнняў і стратаў. У такіх умовах для краінаў — удзельніц вайны вельмі істотнай ёсць галіна інфапрасторы для неабходнага ўздзеяння на грамадствы і, як вынік, палітычны, эканамічны і вайсковы істэблішмент саюзнікаў і гепатэтычных партнёраў. Што можа мець станоўчы ўплыў пры разглядзе варыянтаў фінансавай, ваеннай альбо збройнай дапамогі.
Інфармацыйны аспект вайны відавочна не настолькі жорсткі і бесчалавечны, як выбухі авіябомбаў і разрывы снарадаў, але менавіта наступствы супрацьстаянняў на інфармфрантах могуць быць прычынамі павелічэння паставак смертаносных узбраенняў, інтэнсіўнасці баявых дзеянняў. А ў перспектыве — вайсковых перамогаў.
Як лічыць вялікая колькасць экспертаў на захадзе, Украіна здолела даволі паспяхова супрацьстаяць інфармацыйнай агрэсіі РФ не толькі ў барацьбе за розумы украінцаў, але і ўздзеянню на масавую свядомасць у ЕС і Паўночнай Амерыцы.
Даследчык The Washington Post на пачатку сакавіка адзначыў:
«Украіна разбівае наратывы прапагандыстаў РФ і вядзе паспяховую інфармацыную вайну за мяжой».
Заходнія спецыялісты па медыя лічаць, што мільярдныя інвестыцыі крамлёўскіх уладаў у разбудову сетак з тэлеканалаў і інтэрнэт-парталаў не прынеслі плёну. У Еўропе і за акіянам большасць грамадства не ўспрыняла прапаганду агрэсара і заняла бок Украіны.
Уласна пра гэта могуць сведчыць і трансфармацыі ў рыторыцы «даўніх сяброў РФ» у Італіі, Францыі і іншых еўрапейскіх краінах. Гэтыя даволі ўплывовыя палітыкі, нягледзячы на ранейшую падтрымку крамлёўскіх, пасля пачатку новай фазы вайны супраць Украіны «змянілі свае погляды».
Чытайце па тэме: Вайна і роспач еўрапейскіх «сяброў» РФ
Еўрапейскае і амерыканскае грамадства здолела крытычна ўспрыняць плыні антыўкраінскай дэзінфармацыі, якія выліваліся ў масавую свядомасць на першых фазах вайны праз сацыяльныя сеткі. Медыяэксперт The Washington Post перайначыў назву адной вядомай кітайскай сацсеткі так:
«За распаўсюд хлусні і змены алгарытмаў для фарміравання стужкі відэаролікаў з патокамі дэзінфармацыі аб вайне ва Украіне карыстальнікі пачалі называць кітайскую сацсетку WarTok».
Адмыслоўцы аддаюць належнае і ўкраінскім дыпламатам, журналістам, якія здолелі пераламіць бітву за розумы жыхароў ЕС і Паўночнай Амерыкі.
Дапамаглі ў тым ліку ўкраінцам хібы «апанентаў», якія нібыта забыліся на адно з асноўных правілаў паспяховай прапаганды — наяўнасць хаця б невялікай долі праўды.
Як адзначыў каментатар у матэрыяле «Ніхто і ніколі больш не паверыць РФ» на сайце канадскага тэлеканала CBC, каментуючы змест і якасць прапаганды крамля:
«Столькі грубых супярэчнасцей і перабольшанняў ніхто ніколі не дапускаў».
Нягледзячы на мільярдныя інвестыцыі для выхаду на заходні медыярынак, РФ так і не здолела годна канкураваць на ім. Гэтым і абумоўлены фактычны правал крамлёўскай прапаганды ў ЕС і Паўночнай Амерыцы.
У рэшце краінаў, дзе інфармацыйная прастора не настолькі падзеленая і перанасычаная, а грамадства не валодае сувымерным з заходнім масавым крытычным мысленнем, сітуацыя іншая.
На думку аўтара The Atlantic:
The Atlantic
«Казаць аб перамозе Украіны ў інфармацыйнай вайне пакуль зарана».
Эксперты адзначаюць вялікую дэзінфармацыйную працу, якую РФ разгарнула ў Паўднёвай Амерыцы, Азіі і Афрыцы. Новы і моцны імпульс гэтыя дыверсіі атрымалі з моманту ўварвання ва Украіну ў 2022.
У публікацыі брытанскай The Telegraph аўтар звяртае ўвагу на інфармацыйны шторм у сацыяльных сетках, які адбыўся разам з паседжаннем у ААН у сувязі з вайной:
«У Twitter вялікая «ферма ботаў» на мовах хіндзі, урду, зулу, англійскай прасоўвала мемы пра заходнюю крывадушнасць, імперыялістычныя памкненні, параўноўваючы Украіну з Палестынай, заклікаючы да салідарнасці з Расіяй супраць заходняга імперыялізму. Такім чынам, шторм быў накіраваны на карыстальнікаў з Індыі, Пакістана і Паўднёвай Афрыкі».
І хаця падобныя дыверсіі хутка купіраваліся заходнімі інтэрнэт-гігантамі, наратывы здолелі трапіць у СМІ ў Афрыцы, Азіі, дзе вельмі моцныя антызаходнія настроі.
Фота 04
Асаблівым кірункам для сваёй разбуральнай інфармацыйнай дзейнасці РФ бачыць Паўднёвую Амерыку. А іспанамоўныя крамлёўскія інфарэсурсы развіваюцца апошнія месяцы найбольш імкліва. У артыкуле ABC адзначаецца:
«Дэзінфармацыя шырока распаўсюджваецца ў Лацінскай Амерыцы, а падкантрольныя Крамлю выданні сталі аднымі з галоўных іспанамоўных крыніцаў інфармацыі аб вайне».
Ва ўсіх гэтых супрацьстаяннях за розумы жыхароў розных кантынентаў планеты асобную ролю мае Кітай. Дзе дзякуючы татальнаму кантролю дзяржавы за СМІ і інтэрнэтам, знешнім сілам вельмі цяжка ўплываць на масавую свядомасць.
Пакуль што ў кітайскай інфапрасторы дамінуюць нейтральныя ацэнкі вайны ва Украіне, без крытычных выпадаў у бок РФ. Нягледзячы на масу сігналаў аб фактычным далучэнні кітайскіх буйных нафтавых кампаній да заходніх санкцыяў, прыпыненні супрацы ў ІТ-галіне і інш.
Такім чынам, кітайцы хутчэй шкодзяць інфармацыйным намаганням РФ па ўсталяванні панавання ў медыяпрасторы на планеце. Бо нават у краінах з моцнымі расійскімі ўплывамі пазіцыя КНР можа спрыяць паступовай трансфармацыі дэкларатыўнай антызаходняй рыторыкі да больш прагматычных пазіцыяў.
Не вельмі відавочным пакуль ёсць вынік ад інфармацыйнай барацьбы РФ у краінах Афрыкі, Азіі, Паўднёвай Амерыкі.
«Падтрымка» ў міжнародных арганізацыях падчас галасаванняў у ААН не падаецца настолькі істотнай мэтай, вартай мільярдаў, выдаткаваных на медыярэсурсы і заробкі журналістаў.
Калі Захад здолее абмежаваць расійскі гандаль энергарэсурсамі з гэтымі краінамі, інвестыцыі ў інфармацыйную вайну могуць увогуле не акупіцца. А крытычнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі можа стаць прычынай скарачэння выдаткаў на вытворчасць і закупку ўзбраенняў, неабходных для працяглай вайны.
На гэтым фоне праца ўкраінскіх дыпламатаў і журналістаў выглядае больш плённай. Менавіта мэтанакіраваны і пісьменны распаўсюд інфармацыі аб вайне дазволіў (а магчыма, і прымусіў) заходнім партнёрам Украіны больш актыўна ўключыцца ў пастаўкі сучаснай зброі для войска, фінансавую дапамогу.
Такім чынам, можна сказаць, што хаця ўкраінская інфармацыйная вайна ахапіла меншыя тэрыторыі і меншую колькасць насельніцтва планеты, чым расійская, яна апынулася больш кропкавай і эфектыўнай. А таксама ў значнай меры спрыяла павелічэнню баяздольнасці ўкраінскіх войскаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org