У доме культуры горада Круглае, што на Магілёўшчыне, прайшла адкрытая дыскусія на тэму “Ад ідэі да рэалізацыі: Як зрабіць фестываль, цікавы кожнаму?”
У мясцовым ДК сабралася з паўсотні работнікаў культуры — ідэолагаў, бібліятэкараў, настаўнікаў і іншых. Усе яны прыйшлі на дыскусію, арганізаваную кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, сэнс якой можна сфармуляваць коратка: як арганізаваць паспяховы і цікавы лакальны фестываль?
Вядоўцам дыскусіі выступіў Уладзімір Булаўскі, каардынатар кампаніі на Віцебшчыне. Арганізатар сустрэчы і сувядоўца — Марыя Шарый, рэгіянальны менеджар “Будзьма беларусамі!”. Спікеры: Юры Стукалаў, арганізатар “Дранік-фэсту” ў Магілёве, Вольга Маханенка, арганізатарка фэсту “У госці да Лепельскага цмока” (г. Лепель) і Аляксандр Жучкоў, каардынатар спеўнага і танцавальнага фэсту “Бярозаўская сербіянка” (Бярозаўскі р-н).
Дранік — магічнае слова для беларусаў
Пасля агульнага аповеду пра дзейнасць кампаніі і прадстаўлення спікераў вядоўцы вырашылі “развеяць халадок” паміж “сталічнымі” і “мясцовымі”, даўшы слова спікерам. Важна, што сярод апошніх не было нікога з Мінска, то бок рэгіяналы дзяліліся досведам з рэгіяналамі, знаходзячыся на роўных умовах. Першым “стрэлам” аказаўся аповед Юрыя Стукалава.
“Упершыню мы арганізавалі “Дранік-фэст” яшчэ ў 2014-м, — кажа ён, — сёлета будзе ўжо трэці фестываль. Як пачалося? Сядзелі з сябрамі і думалі: “Мы ж усе дранікі ямо, чаму б не зрабіць з гэтага атракцыю?”. Так і закруцілася. У 2014-м сюжэт пра фэст трапіў на “Еўраньюз” — гэта была наогул першая згадка Магілёва на канале. Тады ж у фэсце ўзяла ўдзел каля васьмі тысяч чалавек: беларусы, расійцы, украінцы”.
Пляцоўкай для фэсту стаў этна-хутар “Зялёная рошча”, прыватная тэрыторыя. Кулінарную частку праграмы забяспечыла дзяржаўная ВНУ адпаведнай скіраванасці. Далучыліся рамеснікі, музыкі, майстры нацыянальнай песні і танцу.
“Гэта наш першы фэст, раней вопыту не мелі, — працягвае Стукалаў, — але ідэя максімальна простая: “дранік” — магічнае для беларусаў слова, яно выклікае абсалютна станоўчыя асацыяцыі. Фэст праводзіцца талакой, мы не маем свайго бюджэту, таму дамаўляемся з партнёрамі: Універсітэтам харчавання, сеткай крамаў — штораз маем новага спонсара. Камунальныя прадпрыемствы, напрыклад, забяспечваюць бясплатныя біятуалеты. Наша каманда — гэта 15 актывістаў, сярод якіх размяркоўваюцца задачы: музыка, кулінарыя, рамеснікі і г.д.”.
Варта адзначыць, што “Дранік-фэст” — гэта яшчэ і частка інвестыцыйнага пакету, які дэманструецца на форумах інвестарам. Фактычна, гэта ўжо брэнд горада. Перспектывай мерапрыемства можна назваць выхад па-за межы хутару і завязванне міжнародных кантактаў: напрыклад, з “Фэстам дзеруноў”, які ладзіцца ў Жытоміры.
Цмок, Караткевіч і еўрапейскія нумары на аўто
Вольга Маханенка падзялілася сваім вопытам “ператварэння міфа ў яву”. Чаму? Бо ў выпадку з Лепелем усё пачалося з міфа, а дакладней, з прыгожай легенды, прыдуманай Караткевічам, згодна якой на Лепельскіх азёрах жыў цмок. Дык чаму б не зрабіць з гэтага турыстычную атракцыю і фішку, вакол якой будзе круціцца мясцовы фэст? Сказана — зроблена.
З дапамогай аднаго з еўрапейскіх праектаў лепельцы зрабілі спачатку скульптуру цмока ў цэнтры горада, а пасля зладзілі першае свята беларускай міфалогіі “У госці да лепельскага Цмока”. Сёння гасцямі фестывалю робяцца як беларусы, так і літоўцы, латышы, палякі, расійцы і нават кітайцы — цмок аб’ядноўвае народы і займае пачэснае месца ці не ў кожнай культуры.
“У Беларусі фестываляў такога плану яшчэ не было, — кажа спадарыня Вольга. — Першыя гады далучаліся жыхары Лепеля і госці санаторыяў. У апошні год мы налічылі 4-5 тысяч чалавек, пры тым, што ў горадзе жыве менш за 20 тыс. Былі нават французы, якіх мы не запрашалі спецыяльна, яны дазналіся пра фэст праз інтэрнэт і прыехалі”.
Як фэст уплывае на рэгіён? Гэта можна прасачыць па колькасці еўрапейскіх нумароў на машынах у горадзе ў фестывальныя дні. Партнёрамі арганізатараў выступілі як Міністэрства спорту і турызму на пару з райвыканкамам, так і кампанія “Будзьма беларусамі” і розныя турыстычныя парталы. Што да арганізатараў, то гэта цалкам нефармальная каманда, якая нават не мае статусу грамадскага аб’яднання.
Фэст як падарунак на дзень нараджэння
Гісторыя Аляксандра Жучкова, стваральніка фэсту песні “Бярозаўская сербіянка”, нетрывіяльная. У 2011-м ідэю фэсту яму падарыла… жонка на дзень народзінаў. Выявілася, што ў Бярозаўскім раёне, адкуль паходзіць жанчына, здаўна танчылі пад матыў “Сербіянкі”. Што ж гэта такое?
“Спачатку мы думалі, што гэта неяк звязана з нашчадкамі сербаў, якія апынуліся ў нашых краях, — распавядае Жучкоў, — але пазней знайшлі інфармацыю, што “Сербіянка” — гэта цыганскі танец са спевамі. Ідэю фэсту падтрымала мясцовая ўлада. Дапамаглі энтузіясты ў аддзеле культуры, якія і самі паляшуцкую гаворку памятаюць, і пра танец чулі”.
Першы фэст сабраў сем калектываў, наступны — ужо адзінаццаць, розгалас пайшоў па ваколіцах. На фэсце праходзіць конкурс танцу і песні “Сербіянка”, конкурс прыпевак “Сямёнаўна”, а таксама спаборніцтвы гарманістаў. Пляцоўкай стала аграсядзіба на трасе Брэст — Масква, што само па сабе стала добрай рэкламай для Бярозаўскага раёна. Ёсць і эканамічны плён: мясцовая аўталаўка за фестывальны дзень адбівае сваю месячную выручку.
Наступным этапам стала арганізацыя пленэра з простай арыфметыкай: 8 мастакоў, 10 дзён, 55 карцін. Творы пасля маглі набываць удзельнікі і госці фэсту. Тут жа — кірмаш рамеснікаў і майстар-клас па вырабе паяскоў і роспісу па дрэве. У планах выхад на міжнародны ўзровень: запрашальныя лісты ў Валынскую вобласць Украіны і на Падляшша ў Польшчы ўжо дасланыя.
Лялька-аднаручка і “дзеўка-баба”
Пасля выступаў спікераў вядоўца цікавіцца ў публікі, якія рэгіянальныя фэсты ім вядомыя. “Спораўскія сенакосы”, “Мотальскія прысмакі”, спаборніцтвы лесарубаў… Нарэшце гаворка заходзіць пра “Свята лялькі”, якое пачало ладзіцца ў Круглым. Што гэта? Чаму менавіта “лялька”?
“Гэта шчыльна звязана з традыцыямі: лялька суправаджала чалавека ад нараджэння да смерці, — тлумачыць прадстаўніца аддзела культуры. — Да таго ж наш калектыў — жаночы, таму і гуляемся. У нас на выставе ў ДК вы можаце ўбачыць і абярэжныя лялькі, і лялькі у нацыянальных касцюмах, і інш. Усё сваімі рукамі зроблена! Нашы любімыя — лялька-аднаручка і “дзеўка-баба”. Першая дарылася на вяселлі маладым, другая — лялька-перавёртак, вельмі старажытная”.
Свята праходзіць 23 чэрвеня на вялікай пляцоўцы побач з ДК: тут граюць музычныя калектывы, працуюць дзіцячая інтэрактыўная секцыя і выстава лялек. У мінулым годзе да святкавання ўпершыню далучыліся суседзі: Талачынскі і Чавускі раёны прыехалі ў госці не толькі з лялькамі, але і з выступамі на сцэне.
Сярод праблемаў — пытанне фінансавання. Са словаў мясцовых культработнікаў, яны “самі сабе спонсары”. Да таго ж арганізатарам хацелася б выйсці на больш высокі узровень, адзначаць маштабней. “Лялька-круглянка” — добры стартап, але што далей?
Кірчук, батлейка і “Цяцерынскія жабракі”
Вядоўцы, спікеры і мясцовыя супрацоўнікі з залы далучаюцца да дыскусіі, фактычна ладзячы імправізаваны “мазгавы штурм”. Гучаць ідэі:
— А што, калі зрабіць конкурс нацыянальнага строю з розных рэгіёнаў — прасцей жа пашыць строй для лялькі, чым для чалавека. Гэта магло б стаць фішкай фэсту.
— А што, калі на фэсце арганізаваць лекцыю пра традыцыю лялькі?
— А што, калі далучыць да гэтага батлейку?
— А што, калі запрасіць лямцавую батлейку з пастаноўкай пра “Маму Му”?
— А што, калі запрасіць Івана Кірчука з ягоным магічным лялечным спектаклем?
— А што, калі…
“На кожным фестывалі людзі хочуць “хлеба і відовішчаў”, — разважае Марыя Шарый. — Можна запрасіць аграсядзібы са сваім адметным прадуктам: не звычайны набор з шашлыкоў і плюшак, але нешта нетрывіяльнае. Ды чаму б не запрасіць вядомых музыкаў? Нехта ехаў бы спецыяльна каб паслухаць гурты — гэта быў бы добры піяр для вашага фэсту. Агулам жа нясорамна пытацца ў звыклых людзей пра тое, чаго яны хочуць: ад папяровых анкетак да апытанак у сацыяльных сетках”.
Булаўскі параіў супрацоўнікам сферы культуры часцей ездзіць на іншыя фэсты. Маўляў, галоўная праблема арганізатараў канцэртаў у тым, што яны не ходзяць на іншыя канцэрты, адно на свае. Тое ж са святамі ды фэстамі.
Пры канцы, супрацоўніца Цяцерынскага цэнтра культуры апавядае крыху камічную гісторыю аб тым, як мясцовая моладзь, чалавек дзесяць, павыцягвала са старой шафы старамодныя строі 1950-60-х гадоў і… пайшла ў гэтым на дыскатэку. Усе былі ў шоку, у тым ліку арганізатары танцаў. Аляксандр Жучкоў адразу хапаецца за ідэю і прапаноўвае фэст “Цяцерынскія жабракі”, на якім усе пераапранаюцца ў рыззё. Галоўнае, маўляў, каб было незвычайна і весела.
“Спадзяюся, ідэі, якія сёння ўзніклі, застануцца не толькі на ўзроўні ідэяў, — падсумоўвае вынікі сустрэчы Уладзімір Булаўскі. — Трэба абменьвацца досведам, часам, рабіць сваё па прыкладзе іншых, але рабіць так, каб было цікава найперш самім. Толькі ў такім выпадку фэст атрымаецца жывым, а мажліва, і выйдзе за рамкі горада альбо рэгіёна”.
Алесь Кіркевіч
Фота Зарыны Кандрацьевай