Лявон Вольскі піша пра двудушныя стандарты, якімі зарэгламентаванае жыццё ў Беларусі, і дасціпныя спосабы ўнікнуць адказнасці за магчымасць вайны на тэрыторыі Беларусі.

Лявон Вольскі
Беларусь жыве паводле сваіх стандартаў. «І ня трэба з-за мяжы нам навязваць іншыя стандарты — тыпу дэмакратычныя, эўрапейскія! — крычаць прыхільнікі «цьвёрдае рукі». — Мы маем свае».
А «свае» — гэта «вы жэ самі ўсё прэкрасна панімаеце». Гэта — калі кажуць адно, а маюць на ўвазе іншае. Гэта — калі дзяржава літасьціва дазваляе табе працаваць на трох працах і нешта там зарабляць і заплюшчвае вочы на твае дробныя парушэньні, а за тое ты ня мусіш лезьці, крый Божа, ні ў якія пратэсныя плыні. Ты павінны выпраменьваць ляяльнасьць і адданасьць чырвона-зялёнай сыстэме, і тады можаш нешта там «круціць-муціць». Гэткае негалоснае пагадненьне.
Дзяржаўныя стандарты РБ — не называць рэчы сваімі імёнамі. У нас афіцыйна няма чорных сьпісаў, але ёсьць музыкі, якім нельга выступаць. Ёсьць асобы, якім непажадана паказвацца на тэлеканалах і гучаць па радыё. Калі запытаесься ў службоўца, чаму так, атрымаеш усё той жа стандартны адказ: «Вы жэ самі ўсё прэкрасна панімаеце».
Дзяржаўныя стандарты РБ неахвотна, але падтрымліваюцца сусьветнай супольнасьцю: так, тактоўна хітае галавою Эўропа, ёсьць палітвязьні, але ўмовы іхнага ўтрыманьня (якія можна сьмела назваць катаваньнямі) не асабліва абмяркоўваюцца — гэта ж беларускі стандарт, чаго туды лезьці? Ну, у скрайнім выпадку можна выразіць заклапочанасьць. А што? У Зымбабвэ, можа, зь вязьнямі і горай абыходзяцца — хто ведае?
Няма вольных прафсаюзаў, прыватнае адукацыі, свабоднага мастацтва, творчасьці — сьмела сьпісвайце на беларускія дзяржаўныя стандарты. Можна нават сказаць: традыцыі. У нас традыцыйна любая мастацкая выстава мусіць атрымаць узгадненьне ў ідэалягічным аддзеле, а працоўнага чалавека можна спакойна звольніць за абы-якую правіну (яе пры жаданьні і ўменьні можна філігранна выдзьмуць з паветра). А што вы хацелі? У нас такая краіна. Такія стандарты. І ня лезьце сюды са сваім заходнім статутам!
Малюнак Лявона Вольскага
Ці вось яшчэ. Стандартна-традыцыйная заява: РБ ня ўдзельнічае ў вайне! І ня трэба нас туды ўцягваць, правакаваць! І ледзьве ня ўвесь дэмакратычны сьвет зноўку згодна хітае галавою: «Так, РБ у расейскай вайне практычна ня ўдзельнічае». Дык якое ж «ня ўдзельнічае», калі дзяржаўная прамысловасьць адкрыта працуе на ўзбраеньне імпэрыі? Робяць усё — ад мікрасхемаў да скрыняў для снарадаў. Лекуюць параненых захопнікаў. Гоняць паліва для тэхнікі (бо расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы ўкраінцы віртуозна пабамбавалі), радуюцца: нарэшце дабрабыт пайшоў угару! Шчасьлівыя сем’і — бацька служыць у войску, дальнабоіць на прасторах бяскрайняй Расеюшкі ці працуе на заводзе аптычных прыцэлаў, маці — пракурорам у судзе, ідэолягам у выканкаме ці настаўніцай-прапагандысткай у школе, сын — літуе чыпы для расейскіх дронаў (стварае праграмы для расейскае вайсковае тэхнікі, служыць у в/ч па кантракце, дзе чарговы маёр-зампаліт распавядае пра жыдамасонскую змову і штосэкундную гатоўнасьць даць адпор агрэсару). Усе (быццам бы) задаволеныя і гавораць: «Вунь ва Украіне вайна, а ў нас — мірнае неба над галавой!». І вяртаюцца на свой завод кляпаць аптычныя прыцэлы. Бо гэта іншае. Бо «вы жэ самі ўсё прэкрасна»...
І тут раптам без аніякае эзопавае мовы, без дыпляматычных завіхурваньняў і матляньняў-віхляньняў табе гавораць: «З вашае тэрыторыі працуюць расейскія рэтрансьлятары, якія карэктуюць агонь па ўкраінскіх гарадах і сёлах. Альбо цягам тыдню вы гэтыя рэтрансьлятары прыбіраеце, альбо мы самі прыбярэм».
Гэтая заява зусім ня ў стылі беларускіх стандартаў, дзе шэрае звычайна называюць белым, карычневае — залатым, і ісьціна тоне на дне крышталёвага сасуду, да краёў напоўненага пратухлымі прапагандысцкімі штампамі. Не. Тут усё проста й ясна.
І што адказаць на гэта? «Не, брахня, ніякіх рэтрансьлятараў няма!»? І рабіць выгляд, што нічога ня здарылася? Дык яны ж паабяцалі, што праз тыдзень іх прыбяруць! А ўкраінцы выконваюць свае абяцаньні. Прыбраць? Тады ты згаджаесься, што карэктаваў агонь па Украіне. Які ж тады няўдзел? Дый суседні цар пакрыўдзіцца.
І вось знаходзіцца нетрывіяльнае выйсьце! Вярхоўны жрэц за некалькі дзён да заканчэньня ультыматыўнага тэрміну адбывае ў камандыроўку! Ды яшчэ ў якую — у міжнародную і працяглую! Спачатку на аўдыенцыю да свайго старэйшага брата ў белакаменную, а потым — кудысьці яшчэ (не сказаў, куды). Маўляў, мяне тут пару тыдняў (можа, болей) ня будзе, і за тое, што безь мяне адбываецца, я адказнасьці ня маю. Але вы не хвалюйцеся!
І стомлены шматгадовай стандартна-традыцыйнай гульнёй народ захваляваўся і ажыўлена высоўвае вэрсіі: «Можа, ён ужо й ня вернецца? Можа, уцячэ з канцамі ў які арабскі сьвет ці то Кітай? І тады можна кінуць свой штодзённы працоўны подзьвіг (абрыдлую расейскую фуру, аптычныя прыцэлы, вайсковую частку з змаразьмелым зампалітам) і ў новай Беларусі (ці то Эўропе, бо будзе ж бязьвіз!) пайсьці на нармальную працу за нармальныя грошы, і каб дзеці хадзілі ў нармальную школу, безь лінеек і абалваньваньня, дзе настаўнікаў не прымушаюць фальшаваць выбары, перастаць, нарэшце, усяго баяцца і жыць нармальным паўнавартасным жыцьцём бяз гэтых «спрадвечных беларускіх стандартаў», якія нам актыўна навязвалі цягам трыццаці зь лішкам гадоў.
«А раптам гэтым разам атрымаецца? Раптам удасца?» — думае народ.
І праўда — а раптам?
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org