Пачатак лістапада 1948-га. Заходняя Нямеччына. Лёгкае аўто знянацку вылятае на скрыжаванне... удар грузавіка! Паліцыя, пажарная, хуткая. У аўто былі чацвёра. Двое загінулі на месцы. Адзін па дарозе ў шпіталь — гэта быў паэт, крытык, палітычны актывіст Хведар Ільяшэвіч.
Як бачым, нават памёр Ільяшэвіч нетыпова для беларускіх паэтаў першай паловы ХХ ст. — у аўтакатастрофе. Звычайна ж сухоты, катарга ці куля ў патыліцу. Ільяшэвіч ва ўсім спрабаваў быць чалавекам новага часу. Таму замест жальбы выбіраў пафас барацьбы, замест вёскі — горад, замест рэфлексіяў — дзеянне.
Зборнік «Хведар Ільяшэвіч. Выбранае» выйшаў сёлета ў выдавецтве «Кнігазбор». Гэта першы выпадак, калі пад адной вокладкай сабраныя вершы і проза аўтара, успаміны пра яго сваякоў і сяброў.
«Турма давяла... Люблю выпіць, шмат куру»
Ільяшэвіч пачынаў таксама, як безліч ягоных аднагодак — пакаленне актыўных беларусаў постверсальскай Польшчы. Рамантыка барацьбы, крыўда за адабраныя палякамі правы, амаль рэлігійная вера ў светлае заўтра:
Беларусь! Прыбірайся ў краскі,
У песьні бурнай і гучнай вясны!
Мы збудуем цябе, як у казцы,
Сьветлай, яснай, як нашы сны!
Радкі характэрныя: пад імі магло б стаяць прозвішча Танка, Васілька, Таўлая, Пестрака ці каго іншага. Будова «Беларусі сноў» пры Пілсудскім сканчалася аднолькава — турмой. Легендарнымі віленскімі Лукішкамі. Туды Ільяшэвіч трапіў у 1927-м і правёў увесь 1928-мы.
Тут ён фармаваўся як асоба і паэт, назвы вершаў гучаць як радкі з песень: «Вучуся холаду ў сьцен», «Бразнулі з грукатам дзьверы», «У цэлі расьселісь халодныя змрокі», «На дварэ астрожным бура», «Стамілася беднае сэрца ад суму» і інш.
Чытаючы верш «Дазорца», напісаны праз год пасля вызвалення, здзіўляешся: ягоны псіхалагізм па-за часам. Мундзіры турэмных наглядчыкаў змяняюцца, а сэнсы — не:
У яго душа зьліняла Ад турэмнае жоўці муроў. Бачыў ён, як з зубоў сьцякала На каменным цамэньце кроў. На пратэсты ён паясьняе, Што ён мае дзяцей і дом. І ля цэлі на 1-га мая Доўга слухае, слухае ён.
З турмы можна вызваліцца, але адпусціць з сябе — цяжка. Ільяшэвіч насіў яе ў сабе да смерці. Юры Жывіца, які пазнаёміўся з паэтам больш чым праз дзесяць год, прыгадвае цытату Хведара: «...Турма давяла мяне да гэтага — люблю выпіць, шмат куру. Я ведаю, што гэта шкодзіць здароўю, але ўстрымацца не магу».
«Век бэнзыну й рэклям»
У 1930-м Ільяшэвіч напісаў артыкул «Максім Багдановіч як пясьняр места». Цікавы ракурс: лірызм Багдановіча і дагэтуль супрацьпастаўлялі сацыяльнаму пафасу папярэднікаў, а вось тэма вёска/горад — нешта новае. Фрагмент назіранняў аўтара:
«У Цішкі Гартнага места зьяўляецца толькі мейсцам, дзе гібее рамесьнік і рабочы; (...). У Цёткі тое самае. Багушэвіч-жа выводзіць места такім, якім яно прадстаўляецца праз прызму сялянскага гледжаньня. У Багдановіча места жывое: яно гарыць «рэклямамі», гудзіць рухам, дыхае «сьпёкай асфальту».
Такое ўражанне, што Ільяшэвіч напісаў пра сябе. З гэтым адкрыццём — нераскрытай у белліце тэмай горада і будучыні, якая на вачах стае рэальнасцю — ён пройдзе ўсе наступныя 1930-я. Адсюль у вершых фіялет рэклам, геаметрыя муроў, шкарлупінне дахаў, брук, па якім льюцца і сыплюцца гукі радыё, фарбаваныя дзяўчаты... Паэтам-нашаніўцам снілася вёска, якая і была для іх Радзімай. Беларусь Ільяшэвіча іншая: брукаваная, мураваная, захутаная дымам, перапаясаная рэйкамі-жыламі: «Сьніцца места, сьніцца места мне... /Глуха места шуміць, разьліваецца.»
А вось яшчэ:
«Неба зрэзана — быццам паперка,
Дахі ў неба растуць наўкруг —
У вачох калышуцца мерна
Электрычныя зоры й рух...»
Горад не вёска. Не пазнаеш сустрэчных на вуліцы, яны — цябе. Гэта не замкнёны сусвет «Людзей на балоце», дзе кожны табе сваяк ці сусед. Тут кожны — незнаёмец, таямніца, пытанне. Тут можна выпіць не на свята, а наўпрост па настроі. Тут лёгка згубіцца. Іншыя пахі, гукі. І ўсё гэта захутана дымам цыгарэт і цягнікоў, напоена электрычным святлом:
Ў людзкім гомане змора чуецца.
І ўжо хутка атуліць ноч
Тых дзяўчат (што прайшлі па вуліцы)
З падмалёванай сіньню воч...
Хведар Ільяшэвіч - настаўнік
Вучні Віленскай беларускай гімназіі з Хведарам Ільяшэвічам (крайні злева)
Стымпанк і арт-крытыка
Нават інтымныя матывы ўжо ў іншых інтэр’ерах — без сенавалаў і купальскіх начэй: «...А яны-ж, чорт вазьмі, радыё слухалі разам. Ён адну слухаўку, і яна. І галовы іх былі так блізка. Яе валасы невымоўна пяшчотна казыталі яго твар...» Радыё ў слухаўках — разам! Гэта ж як у 90-я плэер ці зараз — музыку са смартфона!
Ну, і канешне, цягнікі. Калі ў амерыканскай літаратуры месца дзеяння найчасцей у гатэльным нумары, то ў Ільяшэвіча — у цягніку, на станцыі, каля чыгуначных шляхоў. Традыцыйныя матывы «лугоў і гоняў» — толькі карцінка з акенца ў вагоне. Аўтара гэта заварожвала:
«Цягнікі і станцыі –
У шыбы – сонца сполахі –
Родная краіна – ты плывеш-плывеш –
Поле – апяянае Купалам і Коласам –
Паясамі слуцкімі сцелецца ў бязмеж…»
Тэма горада цікава праходзіць і ў журналісцкіх нататках Ільяшэвіча. У зборніку ёсць рэпартаж з выставы Пятра Сергіевіча ў Вільні ў 1936-м. Тэкст уражвае сучаснасцю: аўтар ставіць выпадковыя цытаты з фуршэту, часам камічныя каментары да карцінаў. Сам жа піша, што Сергіевічу мала Вільні, трэба нешта большае — Парыж, напрыклад. Ці не кажа зноў пра сябе?..
Урад Беларускага студэнцкага саюза (БСС) Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, 1932 г. Злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч
Сёння Ільяшэвіча назвалі б хіпстэрам з ухілам у літаратуру і палітычны актывізм. Такім яно было — першае пакаленне беларускіх гарадскіх паэтаў 1930-х. Адно, што па савецкі бок з ухілам у пафас «вялікіх будоўляў», а па польскі — з разняволенай рэмаркаўскай тугой. Чысты канструктывізм: шэрая бетонная форма і жоўтае лісце на бруку ў промнях электрычнага ліхтара.
«Дзядзя Хведар!.. Дзядзя Хведар!..»
На Захадзе, ужо па вайне, Ільяшэвіч працягваў пісаць у беларускія часопісы. Раптоўная смерць у 1948-м не дазволіла разгарнуцца на гэтай ніве. Тым больш, не дала часу на асэнсаванне свайго досведу, пісанне мемуараў. Што казаць — яму было ўсяго 38. Вось ягоныя познія эмігранцкія радкі:
Залажыўшы рукі ў кішэні,
я пайду кантынэнты сустрэць —
пранясу праз руіны і сьцены
Беларусі кляновую медзь.
На смерць Ільяшэвіча выйшлі артыкулы ў дыяспарных газетах, некалькі вершаў ад тых, хто ведаў асабіста. Ва ўспамінах з пахавання аднаго са сведкаў ёсць кранальны момант: дзеткі беларусаў-эмігрантаў бягуць за труной з плачам і крыкамі: «Дзядзя Хведар!.. Дзядзя Хведар!..»
Падобная жывая карцінка, мабыць, лепш сведчыць пра чалавека, чым колькасць кветак, вянкоў ці пазалоты на магільным крыжы.
Пахаванне Хведара Ільяшэвіча
Магіла Хведара Ільяшэвіча
Набыць кнігу «Хведар Ільяшэвіч. Выбранае» можна ў анлайн-кнігарнях knihi.by, kniganosha.by, tn.by і ў краме mmkut.by.
Алесь Кіркевіч, budzma.by