Попел «Победы». Шукалі ідэалогію, а знайшлі — рэлігію

12.05.2025

У Беларусі так доўга шукалі ідэалогію, што знайшлі — рэлігію. Не верыце? Узгадайце выпадак школьніц з Магілёва, якія паказвалі сярэднія пальцы начному небу з салютамі. Іх знайшлі ды правялі «абрад ачышчэння» — паказалі кіно, далі стужкі-абярэгі, павазілі па святых месцах. Гуманна. А маглі б і камянямі закідаць...

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіву аўтара

Салюты адгрымелі, шашлык з’ездзены, «рэйхстаг» у Гродне — узяты. Ніводная каза не пацярпела. Можна выдыхнуць і — паразмаўляць. Што гэта было? Вы сур’ёзна думаеце, што ўсё гэта — пра гісторыю, памяць ці нават ідэалогію?.. Гадоў дваццаць таму — напэўна, так. Зараз — ужо не. 

Dzień Pieramohi
Скрыншот з відэа

«Пасха — это день победы»

Днямі на вочы трапілі сацыялагічныя даныя з Расіі: для 77% расіян галоўнае свята — Дзень Перамогі. На другім месцы — Новы Год. Вялікдзень ці Раство нават побач не стаялі. Хоць мы наіўна лічылі РФ — «праваслаўнай» краінай, дзе гаспадарыць РПЦ. У Беларусі ніякай сацыялогіі зараз быць не можа, але, баюся, лічбы будуць падобныя. 

Як так сталася? Пачнем з Расіі. Глядзіце, у экспансіўнага рэжыму мае быць ідэалогія, а лепш — рэлігія. Праваслаўе для шматэтнічнай і шматканфесійнай імперыі не падыходзіць. Ну, і могуць быць эксцэсы: нешта там пра любоў і гуманізм можна выцягнуць з Нагорнай Пропаведзі. З ідэалагічнай канструкцыі ВАВ можна выцягнуць толькі новую ВАВ. «Можем повторить». 

Усе наратывы «ВОВ» ствараліся не 1000-1500 гадоў таму, а нядаўна. Іх пісалі не барадатыя мужчыны ў клабуках, а савецкія палкоўнікі. Таму канструкцыя — бездакорная. Святыя «деды». Святыя месцы. Святыя песні-гімны. Святыя даты. Медалі-абярэгі. Рэліквіі. Нават «Родина Мать» замест праваслаўнай Багародзіцы. Адпаведна, чэрці з люцыферам-гітлерам... 

То-бок, яшчэ ў СССР яно ўсё пісалася адмыслова: для вялікай краіны з праваслаўнай прашыўкай. Калі ты не ўмееш нават чытаць і пісаць, усё адно зразумееш. Інфармацыя перадаецца праз песні, завучаныя на памяць, замацоўваецца праз каляровыя карцінкі. 

Атрымаўся змрочны і ўрачысты культ смерці. Безапеляцыйны. Вечны, як той «вечны агонь». І калі глядзіш на ўсе гэтыя парады, флэшмобы, ролевыя гульні акурат з такой перспектывы — рэлігійнай — усё стае на свае месцы.

Таму і патрыярх Кірыл змушаны казаць, што «Пасха — это день победы», а яго прыхільнікі ўжо будзённа называюць 9 траўня — «гражданской пасхой». Геніяльна.

dzien-pobiedy-04.jpg

Хто хоча паміраць за «Газпрам»?..

Прыгажосць міфалагічных і рэлігійных канструкцыяў у тым, што яны дынамічныя. Гісторыя была і — скончылася. А тут барацьба са злом не сканчаецца. Яна павінна адбывацца перманентна ажно да канца свету, «суднага дня». Жывыя павінны апранаць маскі памерлых «дзядоў», ізноў ісці ў бой з сіламі цемры. На ворага таксама трэба апранаць маскі: «фашыстаў», «карнікаў», «калабарантаў». Так прасцей арыентавацца who is who. 

Ну, а як інакш? 

Што атрымаецца, калі прыбраць усю гэтую рэлігійную нагрузку і вярнуцца ў рэальны свет? Атрымаецца, што агрэсія РФ — гэта геапалітыка, «Газпрам», вялікія грошы і хворыя палітычныя амбіцыі. Хто хоча паміраць за «Газпрам»?.. Ніхто. А так гэта — «священная война». Як той казаў: «Мы как мученики попадем в рай, а они просто сдохнут».

Для беларускай сітуацыі культ «ВОВ» аказаўся тым больш да месца. Пасля доўгіх марных пошукаў «идеологии белорусского государства» — знайшлі. Тое, што і так заўжды было побач. 

Dzień Pieramohi ŭ Mahiliovie, 2025 h.
Дзень Перамогі, 2025 г. Фота: БелТА

Думаеце, калі ў нас з расіянамі розныя колеры стужкі, гэта нешта прынцыпова змяняе?.. Не. Гэта мясцовая спецыфіка, як розныя колеры адзення будысцкіх манахаў у залежнасці ад манастыра.

Глядзіце, у РБ можна свабодна прадаваць іконы ці прадметы культу. А вось медалі «ВОВ» — нельга, бо гэта — «святое». У РБ можна выдаваць кніжкі пра Купалу, а вось крытыкаваць «ВОВ» — нельга, гэта «табу». Урэшце, у Беларусі з гісторыі вычысцілі амаль усё, апроч «ВОВ». Гэта пачатак і канец, альфа і амега. Пратэсты, заходнія санкцыі, бітва за ураджай... — усё ў свеце мае тлумачыцца праз прызму «ВОВ». 

Архаіка з паўсюдным wi-fi ды «тэсламі»

Чаму ў сучасным свеце рэлігіі больш адпавядаюць аўтарытарным рэжымам, чым ідэалогіі? Бо рэлігіі не патрабуюць лагічнага тлумачэння — гэта пытанне веры. Таму і спрачацца з вернікамі — без сэнсу. Аргументацыя недарэчная. Рэлігіі больш трывалыя за ідэалогіі — яны запраста могуць перажыць палітычны рэжым. А далей — самааднаўляцца, уваскрасаць. 

А галоўнае, што нават «сучасны свет» — гэта ўмоўная канструкцыя. Ну які ён сучасны, калі тут скрозь святыні, табу і нават рытуальная каза, якую водзяць на парады?.. Тая самая архаіка, што і 2000 год таму. Толькі што з паўсюдным wi-fi ды «тэсламі». 

Алесь Кіркевіч, Budzma.org