Мінскі «Кінавідэапракат» назваў прэм’еры 2022 года. У сталічных кінатэатрах з’явяцца ў першую чаргу стужкі для дзяцей, піша «Новы Час».
«10 сакавіка выходзіць карціна «Я чырванею». Гэта піксараўскі вядомы праект. А вось звышхуткасны Вожык Сонік сустрэнецца з гледачом ужо 31 сакавіка ў анімацыйна-гульнявым фільме «Сонік 2. У кіно». Прыхільнікаў коміксаў Marvel парадуе будучы супергеройскі фільм «Чалавек павук. Праз сусвет 2», — паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры першы намеснік начальніка «Кінавідэапракату» Вольга Дзюльдзя.
Акрамя таго, у пракаце з’явіцца «Шрэк 5» і «Кароль-Леў. Гісторыя ўзыходжання».
Таксама сталічныя кінатэатры будуць дэманстраваць расійскія фільмы: зняты ў космасе «Выклік», драма пра футбалістаў «Адзінаццаць маўклівых мужчын», якуцкая «Нуучча», экранізацыі пісьменнікаў Пялевіна «Ампір V» і Іванова «Сэрца Пармы».
Сярод галівудскіх прэм’ер абяцаюць «Смерць на Ніле» (10 лютага), «Бэтмэн» (3 сакавіка), «Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдора» (7 красавіка), «Доктар Стрэйндж у мультысусвеце вар’яцтва» (травень).