Усё яшчэ вельмі бадзёры мужчына, хутчэй сталы, чым стары, нью-ёркскі паліцыянт Джон Маклейн даведваецца, што ў Маскве затрыманы яго сын-цёзка, якога, каб пазбегнуць блытаніны, клічуць Джэкам. На месцы высвятляюцца і падрабязнасці: сын будзе сведкам у працэсе супраць алігарха Юрыя Камарова. Даехаць да будынка суда на машыне не атрымаецца праз велізарны корак, Маклейн пойдзе пешшу, і калі ён ужо амаль дабярэцца, усё пачне выбухаць, а на папялішча суда з’явяцца такія ж людзі ў касцюмах і з аўтаматамі, як і дваццаць пяць гадоў таму пры нападзе на хмарачос Накатомі-Плаза.
Першы «Арэшак», зняты пры канцы рэйганаўской эпохі, быў у тым ліку і наўпроставай правай агіткай: вы можаце думаць пра сябе што заўгодна, пускаць у краіну замежнікаў, дазваляць жонкам думаць не пра сям’ю, а толькі пра кар’еру, але ў вырашальны момант вас выратуе толькі просты белы амерыканец са зброяй у руках. Уіліс у гэтым сэнсе граў нават не так канкрэтнага паліцэйскага Маклейна, як зборны вобраз «мужыка», такога ідэальнага амерыканскага Цёркіна. Тыпаж апынуўся настолькі трапным, што папулярны і перспектыўны камічны акцёр на ўсё жыццё застаўся ратавальнікам хмарачосаў, дзяцей і планеты, а актыўны ўдзельнік перадвыбарчай кампаніі дэмакрата Дукакіса ўмомант перакаваўся ва ўзорнага рэспубліканца. І нават кар’ера Ўіліса сваім безупынным чаргаваннем аглушальных правалаў і дзіўных поспехаў пачала нагадваць маклейнаву.
У пятым «Крэпкім арэшку» дзейнічаюць рускія злодзеі і згадваецца нават Рэйган, але і зусім няўважліваму гледачу бачна, што аўтары не ўяўляюць, што там у найлепшыя гады быў за персанаж, які ім дастаўся. Наіўная, але непазбежна дзейсная прынада папярэдніх фільмаў — тое, што Маклейн нібы і не імкнецца нікога ратаваць, проста абставіны штораз так складваюцца, — тут проста ігнаруецца. Сын Маклейна ўжо праз пятнаццаць хвілін аказваецца высакакласным агентам ЦРУ на сакрэтным заданні (як можна было не даведацца пра гэта раней, незразумела); працуй ён поварам, трэба думаць, Маклейн і падчас гатавання асабліва складаных страваў знаходзіў бы магчымасць дапамагчы. Гэтак жа ігнаруецца і традыцыя моцных антаганістаў. Было б добра, калі б рускія алігархі проста апынуліся горш за нямецкіх тэрарыстаў, але фільм дзеля вельмі слабага фінальнага твіста фактычна не прапануе наогул аніякага антаганіста.
«Найлепшы дзень, каб памерці», на жаль, увесь такі: нідзе канкрэтна не правальны, ён умудраецца спатыкацца нават там, дзе дваццаць пяць гадоў было роўна. Сумны сцэнар, недарэчны сэтынг (паездка Маклейн у Чарнобыль у мінулым падаецца абсурдным сном), незапамінальныя артысты ў ролях злодзеяў, часта няўдалая рэжысура — ну і што, падумаеш, быццам мінулыя «Крэпкія арэшкі» былі канскімі лаўрэатамі. Адзінае, што цягам чатырох фільмаў было нязменна добрым, дык гэта Брус Уіліс, і акурат ён у «Найлепшым дні» атрымаўся горшым за ўсё астатняе: гультаяваты, відавочна заняты думкамі пра штось больш прыемнае акцёр і не спрабуе выцягнуць слабую ролю.
З любым іншым серыялам такі вырак гучаў бы канчатковым, але калі жыццёвыя траекторыі Бруса Ўіліса і Джона Маклейна чаму-небудзь і вучаць, дык гэта таму, што на белым мужыку са зброяй заўсёды рана ставіць крыж.
Die Hard: Найлепшы дзень, каб памерці (рэжысёр Джон Мур)
Антон Серэнкоў